Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях адносна сферы аўтарскага права. “К” прапанавала начальніку Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксею БІЧУРЫНУ пракаментаваць сітуацыі, з якімі сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункта гледжання.

(Працяг. Пачатак тэмы ў №№ 16 — 19.)

— У рэгіёнах імкнуцца ствараць адметны імідж кожнага раёна, распрацоўваюць адпаведную сувенірную прадукцыю. Ці неабходна апошняе патэнтаваць? Каб, дапусцім, абраную адным горадам за брэнд сунічку не ўзялі сабе ў лагатып іншыя…

— Брэнд — паняцце комплекснае і не зусім юрыдычнае, а хутчэй — маркетынгавае. Гэта набор уяўленняў пра той ці іншы тавар або паслугу ва ўзаемадзеянні з яго вытворцам. Найбольш блізкім да брэнда паняццем у сферы інтэлектуальнай маёмасці з’яўляецца таварны знак. Ён становіцца тым абазначэннем, якое вылучае тавары і паслугі аднаго вытворцы ад такой жа прадукцыі іншага, дапамагае таму ж раёну стаць пазнавальным у вачах турыстаў. Але нельга забывацца на шэраг нюансаў.

Напрыклад, каму-небудзь у Брэсцкай вобласці можа захацецца, радуючыся таму, што на іх тэрыторыі водзяцца зубры, маркіраваць сваю прадукцыю выявай жывёліны і забараніць усім астатнім карыстацца гэтым сімвалам. Памятайце, каб мець права не дазваляць, неабходна перш-наперш прайсці працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі таварнага знака. Для гэтага неабходны пакет дакументаў падаецца ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці ва Упраўленне таварных знакаў. Там правядуць экспертызу і вынясуць рашэнне, можна ці не зарэгістраваць за суб’ектам права на канкрэтную выяву ў вузкіх камерцыйных мэтах для маркіроўкі ўласнай прадукцыі. З моманту рэгістрацыі таварны знак набудзе юрыдычную моц і права на прававую абарону. У выдадзеным пасведчанні будзе пазначана, дзе і як можна той таварны знак прымяняць. Не выключаю, што ва ўмоўнай сітуацыі з зубрам у рэгістрацыі таварнага знака будзе адмоўлена, бо гэта хутчэй сімвал усёй краіны і нельга заяўляць: “Зубр — толькі наш!”

Падкрэслю, ніхто не забараняе выкарыстоўваць пэўныя сімвалы таму ці іншаму раёну ў іміджавых мэтах. Але без прэтэнзіі на прававую ахову. Нельга казаць, маўляў, мы першыя пачалі выкарыстоўваць зубра (сунічку, агурок і гэтак далей) — значыцца, іншыя гэтыя выявы не маюць права браць. Такія патрабаванні з юрыдычнага пункта гледжання несур’ёзныя і беспадстаўныя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"