На кірмаш спадзявайся, аднак…

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Па банку вакансій: кірунак — сфера культуры
Кірмашы вакансій ладзяцца па рэспубліцы з зайздроснай перыядычнасцю. У святле не самых спрыяльных эканамічных варункаў, а таксама ў сувязі з новымі асаблівасцямі заканадаўства (барацьба з сацыяльным утрыманствам, павышэнне пенсійнага ўзросту), на “паляванне” ўсё часцей выходзяць людзі, якія яшчэ колькі гадоў таму і не думалі шукаць чарговае месца працы. Карэспандэнт “К” паспрабавала разабрацца, наколькі лёгка знайсці сабе месца ва ўстанове культуры.

Навігацыя да працы

Ладзячы паўсюдна кірмашы вакансій, улады імкнуцца садзейнічаць грамадзянам працаўладкавацца ды дапамагчы наймальнікам у падборы кадраў. На справе ж не так лёгка і знайсці іх на падобных мерапрыемствах. Калі меркаваць па агучаных у мас-медыя лічбах, новы запіс у працоўную кніжку пасля леташняга сталічнага кірмашу вакансій атрымалі каля 12 % ахвотных… Боязна нават агучваць пытанне, колькі сярод шчасліўчыкаў было культработнікаў, бо, у асноўным, тут прымаюць удзел арганізацыі са сферы транспарту, прамысловасці, гандлю, будаўніцтва ды адукацыі…

Відавочна, культработнікам нельга спадзявацца адно на спецыяльныя мерапрыемства. Самы просты спосаб для тых, хто вось-вось атрымае запаветны дыплом творчай ВНУ, ці для прафесіяналаў, якія хочуць змяніць адны сцены на іншыя,— звярнуцца да сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны краіны. На афіцыйным рэсурсе размешчаны Агульнарэспубліканскі банк вакансій, які прапануе самыя разнастайныя варыянты верагоднага працоўнага будучага. У час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу, там было змешчана больш за 17 тысяч вакансій па ўсіх галінах гаспадарання, прычым толькі за адны суткі з’яўляецца часам і па 600 новых. У такім моры сапраўды ёсць шанс на добры ўлоў. Толькі папярэдне запасіцеся цярпеннем, бо адолець складаную навігацыю атрымаецца не адразу.

У раздзеле “Група заняткаў” сайт прапануе жорстка замацаваныя прафесіі. Паспрабавала адразу задаць шырокі спектр пошуку, абраўшы радок “спецыялісты ў сферы культуры і спорту”. Аднак пошукавік адказаў, што “не знойдзена ніводнай вакансіі, якая адпавядае запыту”. Такі ж адказ атрымала, паспрабаваўшы ўвайсці ў раздзел “Вакансіі з прадстаўленнем жылля”. На жаль, нават высокія тэхналогіі не пазбаўляюць іншагародніх ад неабходнасці ў індывідуальным парадку высвятляць, ці дапамогуць патэнцыйнаму кандыдату, прынамсі, з койка-месцам. Таксама не атрымалася ў мяне скараціць час за кошт радка “прафесія/пасада”: пошукавік адмаўляецца паказаць вакансіі па зададзенай назве. У выніку ў мяне спрацаваў толькі першы радок, жорстка прывязаны да прапанаваных распрацоўшчыкамі назваў. Гэта азначае, што давядзецца крок за крокам прагортваць увесь спіс, каб адшукаць неабходнае.

Прафесіянал як выміраючы від?

Самай шматабяцальнай групай заняткаў сталася падборка са складанай назвай “бібліятэкары, бібліёграфы і спецыялісты-прафесіяналы, якія займаюць роднасныя пасады, звязаныя з інфармацыяй”. Днямі па краіне вольнае 71 месца (на 0,25, на 0,5 і на поўную стаўку) ў бібліятэках, пачынаючы ад вясковых і заканчваючы Нацыянальнай. Чакаюць кадры як з сярэдняй спецыяльнай, так і з вышэйшай адукацыяй на часовую, але часцей  — на пастаянную працу. На сайце адразу пазначаны заробак: найчасцей мільгаціць лічба ў 2,3 мільёна рублёў… Адна з самых вялікіх сум пазначана насупраць вакансіі бібліятэкара Дабраселецкай сельскай бібліятэкі Гродзенскай вобласці: там абяцаюць 2,9 мільёна спецыялісту з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. Аднак пры тэлефоннай гутарцы рэальныя лічбы і прыкладзеныя да іх ўмовы крыху канкрэтызавалася, на жаль, у меншы бок. Даныя ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій падаваў Зэльвенскі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. На якімсьці этапе знікла важнае ўдакладненне: па словах дырэктара Зельвенскай раённай бібліятэкі Святланы Жамойцінай, такі заробак можа атрымаць бібліятэкар з катэгорыяй і стажам ад 15 гадоў. Для маладога спецыяліста сума будзе меншай (каля 2,5 мільёна). “З 11 вясковых бібліятэк без гаспадара толькі адна, — тлумачыць становішча Святлана Антонаўна. — Месца вакантнае з Новага года. Было некалькі ахвотных, але з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй альбо з недастатковым узроўнем падрыхтоўкі. А хочацца бачыць на гэтай пасадзе чалавека дасведчанага, які ўмее знайсці агульную мову з дзецьмі і падлеткамі. Таму і чакаем кандыдата калі не з профільнай адукацыяй, дык хаця б з педагагічнай”.

Суразмоўца адзначыла, што знайсці кадры з кожным годам становіцца ўсё больш складана. Моладзь бянтэжаць лічбы ў разліковым лістку. Іншыя за галаву хапаюцца, калі даведваюцца пра кола абавязкаў: неабходна весці безліч дакументацыі, дзённікі, інвентарныя кнігі, удзельнічаць у грамадскім жыцці сельсавета, складаць сцэнарыі для масавых свят, займацца платнымі паслугамі… Калі ж знойдзецца гатовы ўзваліць на свае плечы ўвесь гэты цяжар, то ўзнікаюць пытанні з жыллём, бо прапанаваць прыезджаму няма чаго… Але ў Зельве гатовыя змагацца за кадры: Святлана Антонаўна запэўніла, што для маладога спецыяліста з дыпломам профільнага факультэта ВНУ яна можа прапанаваць пасаду ў раённым цэнтры і будзе дабівацца для яго месца ў інтэрнаце райвыканкама. На жаль, сёлета ніводнага звароту ад будучых выпускнікоў не паступала…

Магічныя лічбы

Але вернемся да Агульнарэспубліканскага банку вакансій. Падаецца, што лічба 2,3 мільёна з’яўляецца для культуры магічнай. Менавіта такі заробак прапануе ў Мазыры Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна” будучым артыстам-акрабатам (дарэчы, тут чакаюць 5 чалавек з вышэйшай адукацыяй). Знаёмая сума пазначаная для будучых архівістаў занальнага дзяржаўнага архіва ў Рэчыцы і сталічнага Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. На гэты ж заробак чакаюць харэографа ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме Клічаўскага раёна і балетмайстра ў аграгарадок Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. З тымі ж лічбамі запрашаюць на пасаду канцэртмайстра ў гімназію-каледж Бабруйска і хормайстра Камарынскага КСЦ Брагінскага раёну…

Па прапанаваных на сайце тэлефонах (а яны далёка не ва ўсіх абвестках пазначаны) адразу патрапіць на патэнцыйнага працадаўцу атрымліваецца не заўсёды. Пасля некалькіх пераадрасацый можна пагутарыць з адказным за вакансію чалавекам, але зноў чуеш частковую інфармацыю. Напрыклад, у Навагрудскім раёне мне не змаглі адказаць, ці ўключаны ў прапанаваную суму надбаўкі і ці можна разлічваць на прэміі і ў якім памеры.

І яшчэ. Патэнцыйныя кандыдаты часта нават не ведаюць пра Агульнарэспубліканскі банк вакансій як эфектыўны інструмент. Перш-наперш яны ідуць на адмысловыя сайты па пошуку працы, якіх сёння стае. Яны супольныя для ўсіх спецыяльнасцей, тут можна выставіць фільтр на канкрэтную прафесію, акрэсліць спецыяльныя патрабаванні, адпаведныя ўзроўню адукацыі і спецыфічным навыкам прэтэндэнта. Нават існуе адмысловая электронная дошка аб’яў канкрэтна для работнікаў культуры і шоу-бізнесу. Гэтыя абвесткі цікавейшыя за стандартызаваную форму, бо адсылаюць адразу да адказнага за працаўладкаванне работніка арганізацыі і распісваюць не толькі заробак і ўмовы працы, але часта змяшчаюць расповед пра “бонусы” (бо адным “культурным” заробкам сыты не будзеш). Прынамсі, я бачыла запрашэнне сталічнага фальклорнага ансамблю, які прапануе будучаму вакалісту аклад у 150 умоўных адзінак, а ў якасці “пернікаў” абяцае паездкі за мяжу. А як вам аб’ява ад летніка рэспубліканскага ўзроўню, які шукае гукарэжысёра-дзі-джэя і абяцае яму “асобны нумар, трохразовае харчаванне ад цудоўнай і смачнай кухні, добрыя адносіны, магчымасць карыстацца басейнам з ачышчанай і цёплай вадой”?

Музычны тэатр шукае грымёра-пасціжора. Разумеючы, што спецыяліста з адпаведнай спецыялізацыяй давядзецца чакаць доўга, прапануюць вакансію ахвотным без вопыту работы: “Вы творчая асоба ад 25 гадоў? Хочаце заглыбіцца ў розныя эпохі і ствараць прыгажосць сваімі рукамі? Значыцца, вам дакладна да нас! Усяму навучым на працоўным месцы. Мы чакаем менавіта вас!” Тут кадравікі сапраўды зацікаўлены ў пошуку новых супрацоўнікаў!

Па факце бачна, што Агульнарэспубліканскі банк вакансій — задума шыкоўная. Найбольш — сваёй даступнасцю. Але пакуль не атрымліваецца, не марнуючы час, выставіць патрэбныя фільтры, каб пабачыць пералік неабходных пасад з дакладнай і вычарпальнай інфармацыяй па месцы, якое зацікавіла. Няма спасылак на канкрэтных людзей, з якімі можна адразу перагаварыць, каб удакладніць нюансы. Можа, з гэтай прычыны тыя ж культработнікі працягваюць больш давяраць “сарафаннаму” радыё?..

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"