Бізнес з планам?

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

У дзяцінстве я марыў знайсці партманэ, поўнае грошай, і ўяўляў, як набуду веласіпед, дзясятак гатункаў марожанага, і шакаладных цукерак. Але дзіцячыя мары так і засталіся імі, бо грашыма што тады, што цяпер ніхто дарогі не высцілае. А мой артыкул — пра эканамічныя форумы, што ладзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта, фактычна, тыя самыя, знойдзеныя на дарозе, грошы, дзякуючы якім культработнікі могуць рэалізаваць уласны крэатыў. Але спачатку трэба зацікавіць інвестара...

/i/content/pi/cult/586/12987/4-22.jpgНа жаль, гэта дзейнасць пакуль знаходзіцца ў зародкавым стане. Вось, скажам, і на XIII Гомельскім эканамічным форуме, які пройдзе ў абласным цэнтры 20 мая, культработнікі рэгіёна прадстаўлены досыць слаба: я налічыў усяго некалькі праектаў, звязаных са сферай культуры. Але і гэтыя ініцыятывы, як падаецца, хутчэй зроблены “для галачкі”, а не ў спадзяванні на будучую рэалізацыю.

Напрыклад, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама прадставіць на эканамічным форуме праект па адкрыцці ў горадзе парка культуры і адпачынку з усталяваннем там сучасных атракцыёнаў. Як зазначыла “К” кіраўнік раённай сферы культуры Ала Манькевіч, названы праект ужо не раз быў прэзентаваны ў Гомелі, але пакуль што на яго ніхто не адгукнуўся. Цалкам магчыма, што патэнцыйнага інвестара, якому трэба ўкласці ў праект, па папярэдніх разліках, каля 700 тысяч долараў, пужае адсутнасць бізнес-плана і сённяшняя эканамічная сітуацыя, якая не дазваляе спадзявацца на хуткае вяртанне грошай, а тым больш — на прыбытак ад гэтай дзейнасці.

Да слова, няма бізнес-плана і ў іншых культурных ініцыятывах, прадстаўленых у заяўках на сайце Гомельскага эканамічнага форуму. Так, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама плануе адкрыць пляцоўку культуры і адпачынку на тэрыторыі мясцовага заапарку. Згодна з праектам, як патлумачыў “К” начальнік аддзела эканомікі Акцябрскага райвыканкама Аляксандр Пішчала, інвестару прапануецца размясціць на тэрыторыі аб’екта культуры дзіцячыя атракцыёны і арганізаваць адпачынак для наведвальнікаў. Папярэдні кошт дадзенай ініцыятывы — 1 мільён долараў, а акупнасць для інвестара, паводле заяўкі, складзе пяць гадоў.

У такі самы кошт ацанілі і праект па будаўніцтве ў Калінкавічах культурна-забаўляльнага цэнтра. Па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Іны Губар, у двухпавярховым будынку, што месціцца ў раёне прывакзальнай плошчы чыгуначнай станцыі Калінкавічы, патрабуецца зрабіць капітальны рамонт. А “адбіць” грошы, па словах суразмоўцы, можна за кошт платнай аўтастаянкі, усталявання кропак харчавання, платнага більярду, боўлінгу і іншага. Праўда, планы — досыць эфемерныя: праект выстаўляецца на форуме ўжо не ў першы раз і пакуль што ім таксама ніхто не зацікавіўся.

Як я ўжо згадваў, і ў гэтым, і ў папярэднім праектах бізнес-планы па-просту адсутнічаюць. А як жа тады патэнцыйнаму інвестару разлічыць свае выдаткі і прыбыткі? Як спланаваць сваю дзейнасць? І, самае галоўнае, як прагназаваць, што названыя праекты дакладна будуць прыбытковымі або самаакупнымі, хай сабе і праз пяць ці нават дзесяць гадоў? Між тым, наколькі мне вядома, пры заяўках на праекты, арганізаваных праз прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, падобныя бізнес-планы абавязкова патрабуюцца грантадаўцамі.

Скажам, у Пружанах Брэсцкай вобласці пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН сёння рэалізуецца праект “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні”. Па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяны Ярошка, на ўвасабленне ў жыццё прапанаваных ініцыятыў Еўрасаюз накіраваў каля 14 тысяч еўра, яшчэ 4,2 тысячы еўра выдзелена з раённага бюджэту. “Так, у гарадскім парку хутка пабудуюць пляцоўку для дзяцей, — распавяла Таццяна Ярошка. — Там будуць усталяваны каруселі, арэлі-балансіры, гульнявы комплекс з мноствам горак, лесвічак, пераходаў. Урачыстае адкрыццё аб’екта — 12 чэрвеня бягучага года”. Таксама, зазначае суразмоўца, праект прыцягне ўвагу да праблем дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і інвалідаў. За кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі для раённага Дома рамёстваў будзе закуплена печ для абпалу гліны. У РДР для інвалідаў будуць праводзіцца майстар-класы па лепцы, пляценні, мастацтве выцінанкі. Таксама пры падтрымцы ЕС/ПРААН у раёне будзе адроджана свята “Крыніца — грыбоў сталіца”, якое пройдзе ўжо ў жніўні…

Як бачна, у Пружанскім раёне змаглі зацікавіць інвестараў і атрымаць грошы пад набыццё атракцыёнаў ды на рэалізацыю сваіх культурных ініцыятыў. Хутчэй за ўсё, справа тут не толькі ў тым, што Пружаншчына знаходзіцца непадалёк ад мяжы з ЕС, а ў тых рэальных бізнес-планах, якія яны прадаставілі інвестарам. Бо што ні кажы, а беларускую прымаўку пра тое, што грошы падлік любяць, добра ведае не толькі айчынны, але і замежны інвестар.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"