Весяліцца вясёлая весялосць

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Давялося пабываць на фестывалі дзіцячых тэатральных калектываў школьнікаў і навучэнцаў пазашкольных устаноў ва ўзросце да 17 гадоў. Прэс-рэліз заахвочваў выступаць з п’есамі на любую тэматыку, але найбольш віталіся “вясёлыя жыццесцвярджальныя тэатральныя прадстаўленні з пазітыўным гучаннем”. Чаму ж ад заяўленай весялосці хацелася бегчы без аглядкі?

/i/content/pi/cult/586/12986/4-3.jpgКалектываў у музеі, які стаў пляцоўкай для падзеі, назбіралася не шмат, але з улікам рэгламенту выступлення — да 25 хвілін — сам фестываль атрымаўся даволі працяглым. Настаўнікі шчыра імкнуліся выканаць патрабаванні аргкамітэта, прапануючы для гледачоў пастаноўкі хутчэй для чыстай забавы, чым хоць для якога роздуму.

Напрыклад, адна са школ прапанавала класічную гісторыю пра ваўка і сямёра казлянят у “сучаснай” апрацоўцы. Вершаваны тэкст, густа перасыпаны падлеткавым слэнгам (відаць, каб было больш “крута”), спасылкі на эстрадных зорак рознай ступені бліскучасці, безліч новых персанажаў, каб задзейнічаць максімальную колькасць дзяцей... На фоне астатніх калектываў асабліва кідалася ў вочы багацце касцюмаў і разнастайнасць бутафорыі (як маці міжволі пачала прыкідваць, у якую ж капейчыну абышлася бацькам стракатая пастаноўка…). Спектакль аказаўся мюзіклам, і дзеці працэнтаў восемдзесят адведзенага ім часу шчыра… адкрывалі рот пад фанаграму! Асабліва дзіўна гэта акалічнасць выглядала ў невялічкай зале музея, калі збоку вуха рэжа аўдыязапіс, а перад носам топчуцца дзеці, не разумеючы, ці то спяваць уголас, ці то прыгожа маўчаць…

Так, фанаграма невыкараняльна, відаць, увайшла ў творчае жыццё, але больш сумленна выкарыстоўваць на мерапрыемствах са спецыфічнымі ўмовамі (напрыклад, запіс канцэрта для тэлебачання ці адказнае маштабнае прадстаўленне). Дарэчы, па заканадаўстве ад эстраднага артыста, калі той на канцэрце спявае пад “плюс”, патрабуюць папярэджваць аб фанаграме ў афішах. Чаму ж кіраўнікі гурткоў так лёгка пагаджаюцца на тэхнічную хітрасць? Тэатральнае мастацтва першапачаткова скіравана на тое, каб разняволіць асобу, развіць яе таленты, а тут з маладых пазногцяў вучаць падманваць публіку, а найперш — сябе самога. Часта чую апраўданні, што фанаграма патрэбная, каб зняць у юных артыстаў хваляванне. Дык можа, адразу перайсці на відэашэраг? Запісаць дзею, выбраць лепшае, зманціраваць і ладзіць фестывалі відэапаказаў: дакладна абыдзецца без нечаканасцяў. Хіба электрычнасць выключыцца...

Сумна, што ў рэпертуары дзіцячых калектываў колькасць спектакляў выключна дзеля пацехі становіцца празмернай… Магчыма, з-за таго, што ў школьныя тэатральныя гурткі ўсё радзей прыходзяць прафесійныя рэжысёры, іх месца займаюць настаўнікі літаратуры ці іншыя прадметнікі. Такім аматарам Мельпамены часам не стае ведаў пра дзіцячую драматургію, цікавыя тэксты айчынных і замежных аўтараў, якія леглі б на сэрца новаму пакаленню.

Ці сапраўды мастацкія кіраўнікі думаюць, што дзецям толькі і хочацца, як парагатаць з Кіркорава ды Вітаса (дарэчы, зусім не герояў іх часу)? У віры суцэльнай забавы дзецям, як паветра, патрэбны п’есы пра надзённыя праблемы, тэксты, якія дапамогуць намацаць шлях да вырашэння падлеткавых пытанняў… Не верыце? Педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 49 Ірына Жылач не пабаялася ўзяць да пастаноўкі п’есу “Тэлежарты”, напісаную французскім драматургам Пьерам Грыпары спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі. Спектакль (як вынікае з назвы, зусім не сумны) пра ўзаемаадносіны дзяцей і дарослых тэатра-студыі “Крыштальны шар” выклікаў у юнай аўдыторыі шчыры інтарэс: 15 хвілін у зале стаяла цішыня, дзясяткі пар вачэй не адрываліся ад сцэны. Відавочна, малым, як і дарослым, хочацца, каб гаварылі пра іх і для іх!

Наступны калектыў паказваў чарговы перапеў на новы лад старой добрай казкі. Лёгкі, музычны і… такі далёкі ад сапраўдных дзіцячых перажыванняў. Можа таму і сядзелі юныя гледачы ў тэлефонах, з большай ахвотай назіраючы за футбольнымі баталіямі, чым за чарговым пазітыўным спектаклем?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"