Маладое кіно — у шырокім пракаце

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

12 мая ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” стартавала рэспубліканская акцыя “Новы погляд: маладое беларускае кіно”. Яе ініцыятарамі выступілі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт-карпарэйшн” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

“У апошнія гады ў дачыненні да беларускага кіно было прынята казаць з пэўнай настальгіяй,  — адзначыла на прэзентацыі першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, —- але дзякуючы акцыі можна казаць пра тое, што ў беларускага кіно ёсць і добры сённяшні дзень, і добрая будучыня”.

Вітальнае слова рэжысёрам і публіцы сказалі і старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў, дэкан факультэта экранных мастацтваў акадэміі Павел Іваноў, дырэктар “Арт-карпарэйшн” Анжаліка Крашэўская. У прыватнасці, яна зазначыла: “Складана пераконваць кінавідэапракаты ў тым, што маладое кіно вартае ўвагі. І нам важна заваяваць давер такіх арганізацый”.

Па шчырасці, шлях да шырокай публікі маладых кінематаграфістаў распачаўся яшчэ летась — на кінафестывалі “Лістапад” ды іншых форумах. Былі зладжаны паказы: ад творчых сустрэч у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў да праграм у мінскіх кінатэатры “Перамога” і Музеі гісторыі беларускага кіно. А літаральна на мінулым тыдні ў сталічным Доме кіно збіраў залы кінаальманах “Незалежны позірк” з кароткага метра маладых беларускіх рэжысёраў. Нарэшце — “Новы погляд…” паклаў старт пракату твораў новага пакалення па рэспубліцы.

“Мы не робім розніцы паміж тым, вучыцца рэжысёр у БДАМ, працуе на “Беларусьфільме” альбо здымае кіно за свае грошы, — патлумачыла карэспандэнту “К” падыходы да складання праграмы Ірына Дрыга. — Галоўны прынцып — мастацкі ўзровень карцін і магчымасць паказу гэтага фільма. І работы тут — не проста эстэцкія жарты, аднойчы паказаныя на фестывалі, а фільмы, годныя шырокага экрану".

На прэзентацыі рэжысёр Іван Маслюкоў закрануў пытанне фінанасавання маладога кіно, звярнуўшы ўвагу на патрэбу малых грантаў у памеры ад 10 тысяч долараў для маладых аўтараў, якія дазволілі б многім рэжысёрам рабіць сваю справу. “І не ў вузкіх рамках Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, які звычайна абмежаваны колам тэмаў”, — зазначыў аўтар.

— Конкурсная сітуацыя не абмежаваная ні памерамі грантаў, ні тэматыкай, — дала адказ на рэпліку рэжысёра па просьбе карэспандэнта “К” Ірына Дрыга. — І перад абвяшчэннем конкурсу вывучаюцца тэмы, у якіх зацікаўлена дзяржава. Па-другое, звяртаецца ўвага і на патрэбы, цікавасць, наяўнасць матэрыялу ў прадзюсараў, Акадэміі мастацтваў, кінастудыі, прыватных кампаній. Крытыкі падкажуць, ці ёсць цікавая тэматыка, якая мае добры пракатны лёс. У тым ліку, і з маладым дэбютным кіно — яно таксама можа быць заяўлена на конкурс. Тым не менш, конкурсныя ўмовы мусяць выконвацца. Фільм мае быць створаны не толькі для аднаго паказу. А з тым, каб дапамагчы ў пэўнай ступені вярнуць сродкі на карціну, прарэкламаваць твор, — і задумана акцыя. Яна таксама і выхад да прадзюсараў, кампаніі, якія могуць зацікавіцца рэжысёрам, бо на конкурс праект падае якраз кампанія.

У рамках першага кінаальманаха “Адкрытымі вачыма” студэнтаў БДАМ былі паказаныя стужкі, спалучаныя тэмай дзіцячых перажыванняў. Гэта фільмы “Канцэрт для мамы” Ягора Бякава, “Закрый вочы” і “Мой брат” Нэлі Васілеўскай, “Гульні са смерцю” Алеся Камякова, “Кактус” Андрэя Кашперскага. У сам жа праект уключаны ўжо вядомыя работы self-made-рэжысёраў: “Сапраўдныя амерыканка” Дар’і Жук, “Амерыкан бой” Мікіты Лаўрэцкага, “Граф у апельсінах” Улады Сяньковай, “Госці” Андрэя Куцілы, “Фартуна” Івана Маслюкова…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"