Навагрудчына, Зэльвеншчына, Івянец, Лідчына, Клімавічы, Іўе, Пружаны,

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г


/i/content/pi/cult/586/12977/10-1.jpgНавагрудчына /Восьмы сезон

Інфармацыйна-краязнаўчы тур “Праз бібліятэку — да дабра і свету” сёлета падарожнічаў па Навагрудскім раёне восьмы сезон і быў прысвечаны Году культуры.

Акрамя кніжных выстаў і літаратурных праменадаў раённай бібліятэкай ініцыяваны конкурс чытальнікаў “Гучанне слоў жывых”. Цягам красавіка праходзілі этапы адбораў ва ўсіх навучальных установах горада і раёна, дзе журы вызначала будучых фіналістаў. За перамогу змагаліся 34 канкурсанты. А яшчэ, выконваліся вершы напісаныя самімі вучнямі.

Перад выступленнем кожны ўдзельнік даваў невялікае інтэрв’ю, адказваў на сур’ёзныя, а іншы раз і на гумарыстычныя пытанні. Усе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак кнігі. А пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Святлана ЧУБРЫК, галоўны бібліёграф Навагрудскай раённай бібліятэкі

 

Зэльвеншчына / Без колеру і паху

На базе сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка “Славацічы” працуе клуб аматараў фальклору і народнай культуры “Крынічанька”. У яго склад уваходзяць людзі сталага веку, якія памятаюць нашы традыцыі, святы, абрады, песні, стравы.

Клуб ладзіць майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, мерапрыемствы з нагоды святаў народнага календара, адкрытыя пасяджэнні з удзелам медыцынскіх, сацыяльных работнікаў, святара праваслаўнага прыходу, моладзі, дзяцей і падлеткаў…

Днямі ўдзельнікі клуба правялі акцыю па добраўпарадкаванні помніка прыроды мясцовага значэння “Крыніца Зенькаўская”. Яна знаходзіцца на паўночным захадзе ад вёскі Зенькаўцы, каля шашы Славацічы — Зенькаўцы. Ваду мясцовыя жыхары завуць “памоцнай” або “святой” і лічаць, што яна дапамагае ў лячэнні розных хвароб, асабліва вачэй. Легенда распавядае, што ў мясцовага пана было захворванне, ён амаль аслеп. Тады адна бабуля параіла прамыць вочы крынічнай вадой. Пан паслухаў, і хвароба цалкам прайшла. Ваду сталі лічыць лячэбнай і святой.

Цяпер на месцы вытока — невялікая каплічка. Каля яе ўстаноўлены праваслаўны крыж. На свята Макавей (17 жніўня) збіраецца шмат паломнікаў. Як сведчаць навукоўцы, вада крыніцы па хімічным складзе з’ўляецца гідракарбанатнай кальцыева-магніевай. Яна празрыстая, без колеру, паху і асадку. Але для мясцовых жыхароў яна заўсёды застанецца “святой”.

Алена ЛАМЕКА, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага РЦКіНТ

Івянец / Прысвоіць імя

У Івянцы адбыўся ІІ адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інстументах імя Канстанціна Паплаўскага.

Мерапрыемства пачалося з дэманстрацыі дакументальнага фільма пра Канстанціна Іосіфавіча — заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Таленавіты музыка нарадзіўся ў вёсцы Сівіца, пачынаў творчы шлях ў Івянцы, потым працаваў хормайстрам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы рэспублікі, мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзяржаўнага народнага хора БССР, выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, мастацкім кіраўніком народнага хора Палаца культуры Белсавпрофа. Апрацаваў звыш ста народных песень, напісаў дзясяткі ўласных музычных твораў…

У фестывалі ж яго імя бралі ўдзел 95 выхаванцаў ДМШМ і ДШМ з Валожына, Гарадзеі, Жодзіна, Івянца, Клецка, Мар`інай Горкі, Нясвіжа, Ракава, Стоўбцаў, Снова, Чэрвеня і тры калектывы з Мінска. Народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, дачка кампазітара, узначаліла журы і, акрамя дыпломаў, уручыла пераможцам і дыскі з запісамі ўласных песень.

Конкурс паказаў, што лаўрэатамі ў розных намінацыях сталі выканаўцы, выкладчыкі якіх разумеюць і выкарыстоўваюць у працэсе навучання народныя музычныя традыцыі. Напрыклад, ансамбль старадаўняй музыкі “Рарог” з Івянецкай ДШМ, якім кіруе Кацярына Радзівілава. Наогул жа, прыспеў час фестываль зрабіць штогадовым, а Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў прысвоіць імя Канстанціна Паплаўскага. Першы крок ужо зроблены: у мясцовым музеі разгорнута экспазіцыя, прысвечаная славутаму земляку.

Алег РАМАНОЎСКІ


Лідчына / Са скарбонкі і куфра

Работнікі Ходараўскага Дома культуры прымалі гасцей свята “Рамесны падворак”.

А гэта — удзельнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Цудоўная скарбонка” з Ганчарскага, “Чароўны куфар” з Голдаўскага, “Конікі” з Пескаўскага, “Павуцінка“ з Беліцкага, “Чароўны куфэрак” з Ходараўскага дамоў культуры.

Кожная ўстанова прадставіла свой падворак, аформлены і аздоблены рамеснымі вырабамі. Больш за ўсё было вырабаў сучаснай тэхнікі пляцення з папяровых трубачак (майстрыха Наталля Гомза). Ганчарскі падворак выглядаў, як кветнік (ткачыхі Ганна Булай і Святлана Шмукста). А Пескаўскі здзіўляў лялькамі, зробленымі з тканіны (Яніна Моцевіч і Галіна Сафонава). Фларыстыкай прыцягваў Беліцкі падворак. Кідаліся ў вочы вышываныя карціны ўмеліц з Голдава. Гаспадары прадставілі шмат вырабаў у тэхніцы дэкупаж, памяшканне упрыгожылі тканыя дываны, дзяружкі ды ручнікі мясцовых майстроў.

Апроч гэтага, удзельнікам мерапрыемства трэба было прэзентаваць рамёствы сваёй мясцовасці, правесці традыцыйную гульню з гледачамі, прадэманстраваць самы даўні саматканы ручнік, распавёўшы гісторыю яго стварэння і ўжывання (такім аказалася хатняе заданне) ды праспяваць народную песню. З усім майстрыхі справіліся, і кожная ўстанова атрымала дыплом у сваёй намінацыі.

Ганна НЕКРАШ, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

 

Клімавічы / Навучыліся ад бабуль

Прыгожая рэчка Асцёр. Спяваюць на яе беразе самадзейныя артысты, дарослыя і маладыя, пра каханне, пра беларускі край. І невыпадкова сваю назву дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Астраначка” ўзяў ад ракі, якая цячэ ў вёсцы Стары Дзедзін.

А яна заўсёды славілася спеўнасцю жыхароў. Доказ таму — народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль Старадзедзінскага сельскага клуба “Астранка”. Побач са сталым гуртом — і дзіцячая “Астраначка”.

Пачынала яна ў 2004-м, як і многія іншыя фальклорныя ансамблі, з уважлівага слухання сваіх бабуль, з сумеснага ўдзелу ў народных святах.

— Песня народная, старадаўняя не толькі расказвае пра жыццё, яна сама — часцінка жыцця, — вучыць салістаў “Астраначкі” старэйшая ўдзельніца дарослага калектыву і нястомная збіральніца народных песень Зінаіда Асіпенка.

А як яны спяваюць ды танчаць на сумесных канцэртах! Думаю, варта пералічыць тых бабуль, дзякуючы якім па-ранейшаму жывуць каляндарна-абрадавыя, сямейна-побытавыя, лірычныя песні ды танцы. Гэта Марыя Куцікава, Еўдакія Карпечанка, Вольга Гудкова, Зінаіда Асіпенка, Марыя Анголава, Галіна Брыкава, Таццяна Скоцкая… Ёсць і дзядуля — Іван Семчанка.

Падлеткі з гонарам апранаюць народныя касцюмы, цікавяцца спадчынай. Так папаўняецца рэпертуар. А па выніках мінулага года “Астраначка” сярод раённых калектываў мастацкай самадзейнасці прызнана лепшай.

Дар’я ЭВЕРС, дырэктар Клімавіцкага раённага музея


Іўе / Святло, якое не згасае

Адны людзі любяць жыць, іншыя — само жыццё. Першыя бяруць ад яго асалоду, другія — гараць і запальваюць, напаўняючы свет прыгажосцю. Менавіта такой уяўляецца Ядвіга Сянько.

У Іўеўскім музеі нацыянальных культур працуе 161-я па ліку персанальная выстава гэтай мастачкі-іканапісца з Маладзечаншчыны “Незгасальнае святло”. Не здзіўляйцеся, выстава менавіта 161-я, бо творы Ядвігі Іванаўны выстаўляюцца рэгулярна, і нярэдка адначасова ў самых розных музеях Беларусі.

І ў нас выстава гэтай мастачкі — далёка не першая. Ядвіга Сянько вельмі любіць Іўе, захапляецца нашымі людзьмі, якія шануюць і захоўваюць свае нацыянальныя звычаі. Горад, як вядома, здаўна славіцца верацярпімасцю ды міралюбствам, з нагоды чаго ўстаноўлены памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны” — адзіны помнік талерантнасці на Беларусі: чатыры стэлы сімвалізуюць згоду паміж праваслаўнымі, каталікамі, мусульманам, іўдзеямі, якія стагоддзямі жывуць поруч у нашым горадзе…

Ядвіга Іванаўна скончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтва. Пісала пейзажы, але душа патрабавала нечага іншага. Першую ікону яна напісала ў 20 гадоў. Абраз знаходзіцца цяпер у касцёле сяла Краснае. З дабраславення Уладыкі Філарэта, на той час Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Сянько стварае спіскі з усіх вядомых у праваслаўным свеце ікон. З 1997 года яна напісала каля дзвюх тысяч ікон ды карцін на хрысціянскую тэму, работы мастака ўпрыгожваюць храмы Беларусі, знаходзяцца ў прыватных калекцыях краін Балтыі, Украіны, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША...

На выставе  — 42 іконы: праваслаўныя, каталіцкія. Кожная зачароўвае прыгажосцю, нібыта запрашае да адкрытай размовы. Мо таму ў творчасці Ядвігі Іванаўны мноства прыхільнікаў самага рознага веку.

Марыя ГУТ, навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур

 

Пружаны / Дзверы адчыненыя

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”  — новая выстава: свае работы прэзентуе дырэктар мастацкай школы з Баранавічаў Анатоль Лабкоўскі. З яго творчасцю пружанцы маглі пазнаёміцца яшчэ летась на фэсце эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу”, які з 2013 года ладзіцца ў музеі.

Гэтым разам мастак прадставіў 27 сваіх палотнаў, большая частка з якіх напісана ў апошнія гады. Сям’я, вёска, прырода — вось асноўныя тэмы твораў Анатоля Уладзіміравіча. Выстава называецца “Адчыненыя дзверы” — ва ўнутранны свет мастака, у ягоны погляд на жыццё.

Творы Лабкоўскага — метафарычна-філасоўскія, з глыбокім сэнсам, дзе рэалістычнасць падаецца ў мяккіх абстрактных формах. Цеплыня фарбаў прываблівае панарамнасцю. Вобразы зачароўваюць. Цэнтр выставы займаюць творы з хрысціянскім падтэкстам: анёл лунае над вёскай, калядная ноч, стыгматычныя рукі “лаўца душаў”…

Вялікія нацюрморты з кветкамі поўныя напышлівай разняволенасці фарбаў. Яны — як масток да нечага асабістага, роднага: родная вуліца ў кастрычніку, бацька-араты, восеньскі непрыбраны сад. Ва ўсім бачыцца перапляценне думак і мараў. У шэрагу — і творы з выявамі жонкі, сына (пяць гадоў таму і сёння) у рэзка анімацыйнай манеры пін-апу. Яны глядзяцца старонкамі з сямейнага альбома. Інакш кажучы, выстава — сапраўдная споведзь, тайна якой не хаваецца ад гледачоў.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, музей-сядзіба “Пружанскі палацык”


Добруш / Па традыцыі і моладзь

Пры падтрымцы Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, Добрушскага раённага палаца культуры адбыўся семінар клубных работнікаў “Моладзь і традыцыйная культура”.

Адметнай рысай раёна з’яўляецца тое, што ён знаходзіцца на мяжы трох дзяржаў — Беларусі, Расіі і Украіны, кожная з якіх паўплывала на стан і развіццё традыцыйнай народнай культуры. Таму вельмі важна захаваць і перадаць будучым пакаленням гэту ўнікальную гісторыка-культурную спадчыну. Гаворка ішла аб рабоце клубных устаноў Гомельшчыны з дзецьмі ды моладдзю па перадачы народных традыцый, іх удзеле ў мясцовых каляндарна-земляробчых святах ды абрадах: “Чырачка” (Лельчыччына), “Юраўскі карагод” (Жыткавіччына), “Ваджэнне і пахаванне стралы” (Веткаўшчына), “Ваджэнне куста” (Чачэршчына), “Провады русалкі” (Хойніцкі і Добрушскі раёны)…

Вопытам вучэбна-выхаваўчай работы з дзецьмі ў танцавальным калектыве “Весялуха” падзялілася акампаніятар Васільеўскага сельскага клуба Галіна Філімонцава, якая з 1978 года займалася не з адным пакаленнем васільеўскіх школьнікаў. Удзельнікі семінара даведаліся ад Валерыя Мінкова, метадыста-майстра Раённага цэнтра рамёстваў, як адбываецца трансляцыя традыцыйных тэхналогій разьбы па дрэве. Мастацкі кіраўнік Церахоўскага гарадскога дома культуры Людміла Кавалёва закранула тэму фальклорна-абрадавай традыцыі адселеных вёсак Агароднікі, Дзям’янкі, Ачэса-Рудня. Гэта — старажытны абрад “Ваджэнне і пахаваннне стралы”, які на новае месца жыхарства “прывезлі” з сабой перасяленцы і штогод праводзяць яго на Ушэсце.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці