Краўд-ракурс музыкі

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Паміж культурным інструментам і… няёмкасцю
Краўдфандынг — калектыўнае супрацоўніцтва людзей (донараў), якія добраахвотна аб’ядноўваюць свае грошы ці іншыя рэсурсы разам, як правіла, праз Інтэрнэт, каб падтрымаць намаганні іншых людзей або арганізацый. Калі зусім “на пальцах”, збор сродкаў аднымі на ажыццяўленне праекта іншымі. Краўдфандынг крочыць па планеце амаль два дзясяткі гадоў, нядаўна дабраўся і да нас. Адным з першых беларускіх музыкантаў, хто звярнуўся да яго, стаў Атмараві. А адным з крайніх на сёння — гурт “Стары Ольса”. Іх мы і папрасілі падзяліцца досведам. Яшчэ два эксперты — людзі таксама не апошнія ў айчыннай музычнай індустрыі.

/i/content/pi/cult/586/12976/13-1.jpgКамерцыйна праблемныя

— Я хацеў зрабіць вялікі альбом з буйным бюджэтам, — распавядае спявак Атмараві. — Звярнуўся да прадзюсара ў Маскве, які налічыў мне 11 тысяч еўра толькі за запіс ды аранжыроўку. Афармленне і буклет пацягнулі б яшчэ на паўтары тысячы. Зразумеў адразу: акупіць выдаткі такога маштабу калі і ўдасца, дык няхутка. А браць грошы не было дзе. Пра краўдфандынг я чуў даўно, напрыклад, пра тое, як фанаты брытанскага гурта “Marillion” арганізавалі кампанію ў Інтэрнэце па зборы сродкаў на турнэ калектыву па ЗША (60 тысяч долараў “нашкрэблі”, а пазней каманда неаднаразова скарыстоўвала такі спосаб для запісу ды прамоцыі альбомаў). Натхніўшыся прыкладам, у Сеціве знайшоў адпаведную платформу, напісаў туды ліст, агучыўшы неабходную суму (на той момант самай вялікай, сабранай у Расіі для музычнага праекта, было нешта каля 13 тысяч еўра на запіс альбома “Spirit” гурта “БІ-2”). Адміністратар сайта патлумачыла, што наўрад ці мне ўдасца столькі сабраць. Я паменшыў свае запыты ў пяць разоў, вырашыўшы рабіць альбом самастойна. У пачатку 2013 года пачаўся збор сродкаў, якіх (за 3 месяцы атрыманых, дарэчы) хапіла на тыражаванне тысячы копій альбома “Проза” з 20-старонкавым буклетам.

Я і ў далейшым збіраюся практыкаваць краўдфандынг, але не ўпэўнены, што маё імя прыцягне шмат ахвотных дапамагчы. Людзі больш ахвотна бяруць удзел у праектах медыйных выканаўцаў. Калі іх вядомасць, камерцыйны поспех — гэта вынік білетных канцэртаў, то каму, як ні ім, звяртацца да фінансавання ад сваёй фан-базы. І ёсць магчымасць даведацца, ці патрэбныя камусьці сярод прыхільнікаў новыя запісы. Упэўнены, што, дапусцім, і Юрый Лаза, і Юрый Антонаў маглі б знайсці для сябе гэткага кшталту матывацыю, каб рабіць новыя альбомы. Камерцыйна ж праблемным артыстам запіс ды поўную вытворчасць фанаграм акупіць такім чынам будзе складана. Але хаця б на тыраж сабраць грошы можна.

Не жабрацтва за рэальны прадукт

— Пачалося ўсё з эксперыменту-жарту: тэлеканал “АНТ” запрасіў у праект “Легенды. Live“, для якога мы і падрыхтавалі баладу “One“ гурта “Metallica“, — пачынае сваю краўд-гісторыю лідар гурта “Стары Ольса“ Зміцер Сасноўскі. — Запіс выклалі на сеціўных рэсурсах, прычым колькасць праглядаў сягала 2 мільёнаў. Потым пайшлі новыя прапановы ад канала на стварэнне кавер-версій хітоў “Pink Floyd”, “Red Hot Chili Peppers”, “Deep Purple”, затым гурт выступіў на фестывалі, прысвечаным “The Beatles”. Адрэпеціравалі рэчы “Black Sabbath” ды “AC/DC”. У выніку сабралася найцікавая праграма! З усяго свету сталі запрашаць не толькі сыграць сярэднявечную музыку, але абавязкова хаця б некалькі кавераў. Скажам, адзін з амерыканскіх прадзюсараў спярша прапанаваў падпісаць кантракт на запіс альбома кавераў, а затым праехаць з турам па амерыканскіх фестывалях сярэднявечнай і рэнесанснай культуры. У ЗША зацікавіліся міксам са старадаўняй музыкі і рок-балад, універсітэты просяць прачытаць лекцыі па гісторыі музыкі з “жывым” ілюстраваннем. Карацей, пакуль плануецца 18 канцэртаў, але іх колькасць расце. Усе пытанні з аўтарскімі правамі “скарыстаных” гуртоў прадзюсар вырашыў. Запіс альбома пачаты на адной з мінскіх студый. Спадзяемся скончыць работу да сярэдзіны лета (у Амерыку ж ляцім напрыканцы жніўня). Дыск выйдзе там, але частку тыражу прывязем і на радзіму, вядома.

Вось пад гэты праект, па парадзе прадзюсара, мы і задумалі краўдфандынг. У ім паўдзельнічала 1037 чалавек — з Беларусі, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канады, Германіі (сабрана 29 890 долараў). У якасці зваротнай падзякі, як гэта і робіцца пры краўдфандынгу, мы павінны разаслаць донарам дыскі і сувеніры, прыгатаваць падарункавыя варыянты альбома, зборнікі старадаўняй музыкі, нават заехаць да некаторых фундатараў у госці! Грошы захоўваюцца ў банку, нам не належаць, з іх сплачаны ўсе падаткі, аўтарскія адлічэнні, камісія на карысць краўд-парталу, праз які краўдфандынг і ажыццяўляўся. Нам ужо замовілі білеты на самалёты, месцы для пражывання, наняты мікрааўтобус. Яшчэ трэба атрымаць працоўныя візы. Збор сродкаў праз краўдфандынг — нармальная практыка для ўсяго свету. Гэта не жабрацтва ды не прыніжэнне. Артыст прапануе рэальны прадукт ды бярэ на сябе кучу абавязкаў перад сваімі спонсарамі. Усе гэтыя грошы трэба адпрацаваць! Ніякай халявы, ёсць кантракт ды горы працы…

Каб не “падставіцца"

Прадзюсар Яўген Калмыкоў пагаджаецца з артыстамі, што краўдфандынг — рэч добрая. З тых выканаўцаў, з якімі ён супрацоўнічае або супрацоўнічаў, яго скарысталі з гуртамі “Сярэбранае вяселле” ды “Ляпіс Трубяцкі”.

— Шчыра кажучы, — дадае Яўген, — для музыкантаў гэты працэс (пры ўсёй яго ўяўнай прастаце) вельмі працаёмкі. Я маю на ўвазе “адказ”, калі кожны спонсар павінен атрымаць ад артыста прыз. Бедная Бенька (Святлана Залеская-Бень, лідар “Сярэбранага вяселля”. — А.К.) наабяцала масу эксклюзіву, а потым сваімі рукамі яго рабіла, атрымаўшы год пакут. А яшчэ не ў час надрукавалі дыскі... Так што вельмі асцярожным трэба быць у гэтым пытанні, старанна яго прадумваючы, каб у выніку не “падставіцца” перад прыхільнікамі. І нашы арганізатары краўдфандынгаў, да ўсяго, пакуль паўтараюцца ў сваіх ідэях. Бо што такое краўдфандынг? Гэта пэўны стартап-праект. А калі так, то і ўяўляць сабой ён павінен нешта нечаканае ды футурыстычнае. Просты збор грошай пад гарантыі банальнай матэрыяльнай удзячнасці спрацуе раз, другі, пяты, а потым жаданне плаціць у людзей зменшыцца. Натуральна, узнікае пытанне, калі да краўдфандынгу звяртаецца камерцыйна паспяховы артыст. Як гэта можа адбывацца на практыцы? У сціслым выглядзе апішу працэс так: менеджару выканаўцы тэлефануе прадстаўнік краўд-рэсурсу ды распавядае яму пра ўсе выгоды такой “дзвіжухі”. А менеджар жа “сядзіць” на грошах, лічыць іх. І вось так, апраўдваючы сваё існаванне пры артысце, ён умаўляе яго на краўдфандынг. Урэшце, зазначу адразу: з гуртом “Trubetskoy” у такім працэсе ўдзельнічаць не збіраемся.

Пра тонкасці

Уладзімір Шаблінскі, дырэктар канцэртнага агенцтва “Лінія гуку”:

— Краўдфандынг у Беларусі, вядома, трэба развіваць, пакуль жа нашы музыканты, падаецца, пабойваюцца ўступаць у такую камунікацыю, саромеюцца яе, маўляў, сорамна ім ісці па свеце, як яны лічаць, з торбай. Накладвае свой адбітак і тое, што ў нашай краіне, наколькі я разумею, яшчэ не выбудавана максімальна зразумелая, празрыстая ды ўзаемакарысная канцэпцыя адносін унутры краўдфандынга — аднаго з сусветных інструментаў (складанага, высокатэхналагічнага) у розных галінах: скажам, паміж дзяржаўнымі органамі, музыкантамі ды іх аўдыторыяй. Натуральна, дзяржава мае атрымаць у выглядзе падаткаабкладання нейкую колькасць грошай з атрыманых артыстамі сродкаў. Таму зараз сістэма краўдфандынгавай падтрымкі адназначна канфліктуе з беларускім заканадаўствам, і ўзаемныя прэтэнзіі бакоў запатрабуюць аптымізацыі ды ўрэгулявання.

Ёсць і такая тонкасць. Сёння краўдфандынгам ў рэспубліцы карыстаюцца вядомыя або ў нейкай ступені вядомыя людзі, чыя рэпутацыя крыштальна чыстая. Магу выказаць здагадку, што рана ці позна з’явяцца выканаўцы, хто, сабраўшы грошы, элементарна знікне, не ўклаўшы іх у прадукт ды не выканаўшы перад бенефіцыярамі агучаных абяцанняў. Тады краўдфандынг будзе дыскрэдытаваны ў вачах некаторых меламанаў, з малога недаверу пачнецца вялікi, і ў выніку ўся канструкцыя апынецца нежыццяздольнай.

У прынцыпе, фестываль “Вольнае паветра”, арганізатарам якога з’яўляецца наша агенцтва, як і любое іншае білетнае мерапрыемства, служыць прыкладам самага прымітыўнага краўдфандынга. Я б не выключаў таго, што ў нейкай будучыні мы паспрабуем правесці фэст, выкарыстоўваючы краўдфандынг больш шырока.

Ад сябе мне і дадаць, лічы, няма чаго, і ўсё ж унясу свае сціплыя пяць капеек. Летась легендарны Барыс Грабеншчыкоў з дапамогай краўдфандынгу ў кароткія тэрміны назбіраў неабходныя мільёны расійскіх рублёў на запіс новага альбома яго гурта “Акварыум”. За гэтую акцыю ён патрапіў пад неміласэрны астракізм з боку прадстаўнікоў не толькі “пралетарскай”, але і ліберальнай грамадскасці былога Саюза: як жа так — калектыў, які адчувае сябе цалкам матэрыяльна камфортна, апусціўся да падобнага “збівання” грошай?!. Аднак, мяркуючы па тым, што БГ які месяц канцэртуе па падземных пераходах розных краін, чуткі аб бясхмарным існаванні пецярбургскага ансамбля моцна перабольшаныя… А калі сур’ёзна, мяне таксама некалькі бянтэжаць некаторыя зоркі, што дзейнічаюць падобным чынам. Я — за маладых ды ранніх, не абцяжараных рахункамі, ім і гатовы дапамагчы. Зрэшты, калі нехта ўзроўню Аляксандра Саладухі раптам кіне кліч, “скінуўся” б і яму. Вось такі я супярэчлівы…

Фота аўтара, Таццяны МАТУСЕВІЧ і са старонак герояў матэрыяла ў сацыяльных сетках

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"