“Мандрагора” па-маладзечанскі

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў, распавядаючы пра планы свайго тэатра ў даўнім інтэрв’ю штотыднёвіку “Культура”, згадаў пра пастаноўку п’есы “Мандрагора” італьянскага аўтара эпохі Адраджэння Ніколы Макіявелі. Словы не разышліся са справай: 22 красавіка маладзечанскія лялечнікі паказалі прэм’еру.

/i/content/pi/cult/585/12970/8-3.jpgУ інтэрнэце адшукаў інфармацыю пра пастаноўку гэтай п’есы выключна ў драматычных тэатрах. Відаць, і сапраўды ў выпадку з “Мандрагорай” тэатр “Батлейка” стаўся першапраходцам сярод калег-лялечнікаў. Урэшце, ні аматарам сцэнічнага мастацтва, ні крытыкам не прывыкаць да эксперыментаў айчынных тэатраў лялек, калі рэжысёры выбіраюць для пастаноўкі “дарослую” драматургію. Прыкладам, апошняя навінка Магілёўскага абласнога тэатра лялек — спектакль “На дне” паводле п’есы Максіма Горкага. А п’еса Макіявелі — наогул асаблівы выпадак. У яе сюжэце закладзены эратычны кантэкст, і па духу яна блізкая да твора іншага італьянца — “Дэкамерон” Джавані Бакача...

Рэжысёрская канцэпцыя спектакля — тэатр у тэатры. Сцэнаграфічнае вырашэнне мастака-пастаноўшчыка Вольгі Разумавай простае і вобразнае — гэта перасоўны вулічны тэатр: заслона-шторка ў латках і сама рабочая пляцоўка. Яе функцыю выконвае масіўны стол з разнымі ножкамі, на якім месціцца “дэкарацыя ў дэкарацыі” — шматстворчатая шырма з прарэзанымі аркамі. Апошняя вытанчана імітуе каланаду дамоў Фларэнцыі, яе вулачкі і падваротні. Побач з гэтымі аркамі разгортваецца асноўная дзея спектакля. (Хоць рэжысёр з акцёрамі пастараліся асвоіць і астатнюю прастору сцэны ўмоўнага “перасоўнага” тэатра.) Касцюмы артыстаў вандроўнай трупы, як і лялек-марыянетак, стылізаваныя пад час напісання твора. Адпаведна аранжыравана і музыка кампазітара кампазітара Сяргея Бельцюкова.

Артысты, занятыя ў спектаклі, — Таццяна Паўлючук, Міхаіл Асановіч, Таццяна Чаеўская, Уладзімір Уладыка, Аляксандр Майрын — іграюць азартна, з бляскам у вачах. Ды і як інакш, калі дзеянне п’есы адбываецца ў Італіі! Кожны персанаж надзелены непаўторнай галасавой інтанацыяй і характарнасцю гаворкі. Пры мізансцэнічнай статычнасці асобных сцэн асабіста ў мяне стваралася адчуванне, што марыянеткі раптам набылі голас, а артысты ўсяго толькі падтрымліваюць іх за нітачкі. На працягу спектакля выканаўцы часам «пакідаюць» сваіх лялек, працуючы жывым планам. Яны разыгрываюць тэкст Макіявелі, падкладаючы сваё іранічнае стаўленне да калізій сюжэту.

Кранальна і з тактам вырашана апафеозам сцэна, дзе герой Лігурыя нарэшце аказваецца сам-насам з прадметам свайго запалу — Лукрэцыяй. Гэта тэатр ценяў. У промні пражэктара фігуркі марыянетак павольна набліжаюцца адна да адной (як ні згадаць радкі Барыса Пастарнака: “Скрещенье рук... Судьбы скрещенье”). У пэўны момант пражэктар паволі згасае, пакідаючы герояў сам-насам са сваімі пачуццямі. Пасля паказу артысты прызналіся, што хваляваліся ўдвая, не ведаючы, якой акажацца рэакцыя публікі катэгорыі “18+” на лялечны спектакль дарослай тэматыкі. А рэакцыя сталася самая пазітыўная, асабліва ў маладзёжнай аўдыторыі.

Для тэатра “Батлейка” гэта прэм’ера — не толькі свята, але і спроба сказаць сваё слова ў мастацтве. Асабліва, калі ўлічваць шэраг прэстыжных узнагарод, якія ў апошнія гады атрымалі айчынныя рэжысёры лялечнага тэатра на розных форумах: гэта і Нацыянальная тэатральная прэмія, і расійская тэатральная прэмія “Залатая Маска”. Але, як мне падалося, у тэатры лялек не бывае чужых перамог і радасцяў. Гэта акалічнасць і прымушае кожны тэатр шукаць нешта новае і рухацца наперад.

Яшчэ адзін аспект. Сярод жыхароў Маладзечна сфармаваўся ўстойлівы стэрэатып ўспрымання “Батлейкі” як тэатра, што працуе выключна для дашкольнікаў і на аўдыторыю малодшага школьнага ўзросту. Які пракатны лёс чакае прэм’ерны спектакль пры такім раскладзе? З такім пытаннем я звярнуўся да дырэктара тэатра Алы Паляковай. І вось, што яна адказала: “Мы паспрабуем разбурыць стэрэатып. У першую чаргу, нас натхнілі вусныя “рэцэнзіі” і запісы гледачоў у кнізе водгукаў. Гэта захопленыя словы падзякі і нават здзіўленне ад таго, што вячэрні спектакль магчымы і ў тэатры лялек. Некалькі сезонаў запар мы практыкуем фармат сямейнага прагляду, пракатваючы спектаклі дзіцячага рэпертуару па нядзелях у ранішні час. З новага сезона ўвядзем фармат вячэрняга спектакля па пятніцах. Акрамя гэтай прэм’еры, у нас ёсць яшчэ, прынамсі, спектакль “Голы кароль” паводле Ганса-Хрысціяна Андэрсана, які трэба аднавіць, пастаноўкі “Яна і Я” паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы, “Неверагодныя прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага” Пятро Васючэнкі і Сяргея Кавалёва...”

Як спрацуе служба арганізацыі гледача і наколькі гарадскі глядач гатовы адгукнуцца на прапанову? А калі ідэя знойдзе свой водгук? Тады ... “Ці не замахнуцца на Вільяма нашага?..”

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр, рэжысер

На здымку, прадастаўленым тэатрам, сцэна са спектакля.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр