Першы конны — Усяславу Чарадзею!

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Наш даўні чытач Уладзімір Прыхач, выкладчык Смаргонскай гімназіі № 1 і вядомы краязнаўца, даслаў у рэдакцыю ліст, у якім распавядае пра помнік каню ў Валожыне. Яшчэ ў ХІХ ст. статую скакуна з узнятай у “іспанскім кроку” пярэдняй нагой загадаў паставіць каля свайго палаца граф Юзаф Тышкевіч, які захапляўся конегадоўляй. Больш чым за стагоддзе і палац, і помнік каню зведалі шмат нягод, але, на шчасце, зберагліся. Цяпер у адным з будынкаў палаца размяшчаецца вайсковая частка, і ўжо яе тэрыторыю ўпрыгожвае постаць высакароднай жывёліны. Далей У.Прыхач пытаецца: “А ці былі яшчэ на Беларусі, захаваліся або плануюцца помнікі з выявай каня? Цікава было б правесці даследаванне ў гэтым накірунку…” Рэкамендуем шаноўнаму Уладзіміру Уладзіміравічу і іншым нашым чытачам звярнуцца да “К” № 1 за 2002 г., дзе публікавалася такое даследаванне. А яшчэ мы рады паведаміць, што мінулай восенню з’явіўся першы конны помнік славутай гістарычнай асобе ўжо ў незалежнай Беларусі.

 /i/content/pi/cult/157/1297/Pomnik.jpg
У Полацку, на скрыжаванні дзвюх вуліц — Кастрычніцкай і Еўфрасінні Полацкай, — 1 верасня 2007 года з’явіўся конны помнік бадай што самаму вядомаму полацкаму князю Усяславу Брачыславічу, якога яшчэ называюць Усяславам Чарадзеем.

Экскурсанты, якія сёння наведваюць Полацк, маюць магчымасць пабачыць помнік Усяславу, калі накіроўваюцца да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе яны знаёмяцца з дзейнасцю ўнучкі вядомага князя — знакамітай манахіняй і асветніцай Еўфрасінняй Полацкай.

Усяслаў княжыў у Полацку з 1044 па 1101 гг. Пад ягонай уладай Полацкае княства дасягнула найбольшых памераў, стала магутным і ўплывовым. Менавіта пры Усяславе з’явіўся першы мураваны будынак Полацкай зямлі — Сафійскі сабор, узведзены ў сярэдзіне ХІ стагоддзя, следам за Сафійскімі саборамі Кіева і Ноўгарада. Імя Усяслава не раз згадваецца ў летапісах, ён адзін з герояў “Слова пра паход Ігаравы”.

Помнік, які вы бачыце на фотаздымку, важыць 4,1 тоны. Яго аўтары — скульптары Аляксандр Прохараў, Леанід Мінкевіч, Сяргей Ігнацьеў, архітэктар Дзмітрый Сакалоў.

Адліты Усяслаў на прадпрыемстве “Ліцейны двор”, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, і ўсталяваны на сродкі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, а таксама на ахвяраванні асобных жыхароў Полацка.

Ініцыятарамі ўстаноўкі гэтага помніка выступілі гарадскія ўлады і, у прыватнасці, мэр Полацка Уладзімір Тачыла. Быў аб’яўлены конкурс на стварэнне помніка Усяславу з абавязковай умовай: каб князь быў на кані. Сярод аргументаў, якія прагучалі на карысць менавіта коннага адлюстравання Усяслава, быў і такі: конныя скульптуры лічацца прыкметай еўрапейскіх гарадоў. Такім чынам, зараз і Полацк адзначаны гэтым атрыбутам.

 Галіна РАМАНЕНКАВА,
старшы навуковы супрацоўнік Полацкага
нацыянальнага
гісторыка-культурнага музея-запаведніка