Мінская “Больш чым вясна”

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

XXXII “Мінская вясна”, што праходзіла на сцэне сталічнай філармоніі ўвесь красавік, аказалася не зусім звычайнай. Яна адрадзіла сваю колішнюю маладзёжную адметнасць і пачала называцца Міжнародным маладзёжным форумам.

/i/content/pi/cult/585/12968/8-1.jpg

Падчас канцэрта “Больш чым вясна” Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У свой час “Мінская вясна” з’явілася як своеасаблівая “маладзёжная” альтэрнатыва больш сталай “Беларускай музычнай восені”. Калі “… Восень” і сапраўды “збірала ўраджай” (там выступалі найперш знаныя ўсесаюзныя зоркі, народныя артысты), дык “… Вясна” адкрывала новыя імёны — выканальніцкія і кампазітарскія. Але з цягам часу, адчуваючы эканамічныя складанасці, ператварылася ў звыклы цыкл канцэртаў, адметнасць якому надавалі хіба “фестывалі ў фестывалі” — праекты “Мандалінісіма”, што збірае выканаўцаў на лютні, гітары, мандаліне, і “Дуэцісіма”, скіраваны на фартэпіянныя дуэты. Сёлета ж “… Вясна” напоўніцу прадэманстравала свой багаты патэнцыял.

Афіша была як ніколі разнастайнай, папраўдзе міжнароднай і магла б даць фору такім нашумелым праектам, як, напрыклад, той жа фестываль Юрыя Башмета, які пазіцыянуецца як магчымасць маладым выступіць з сусветна прызнанымі маэстра. На “Мінскай вясне” таксама былі падобныя сумесныя праекты: майстар-класы Кірыла Родзіна (Расія), Ромаса Ванагса (Латвія) і іх выступленні, адпаведна, з ансамблем “Маладыя віяланчэлісты Мінска” і хорам нашай Акадэміі музыкі (“К” № 15), прэм’ера румынскай джазавай сімфоніі (“К” № 18), “Мандалінісіма”, куды завіталі зоркі Францыі, Калумбіі, Венесуэлы. Далучыце сюды шматлікія сольныя выступленні і вечарыны нашых маладых музыкантаў, многія з якіх стажыраваліся і працягвалі кар’еру ў замежжы: піяністаў Міхаіла Ялецкага, Віталя Стахіевіча, Сяргея Смірнова, гітарыста Паўла Кухты, трыа “Nouvelle Philarmonie” на чале са скрыпачом Арцёмам Шышковым, віяланчэліста Дзмітрыя Цыпкіна, флейтысткі Дар’і Бельцюковай, яе сястры скрыпачкі Ксеніі ды іншыя падзеі.

Прыйшла “… Вясна” і на кампазітарскую вуліцу, уключыўшы ў праграму сольны вечар Алены Атрашкевіч, прэм’еры сімфанічных твораў Сяргея Бельцюкова (Канцэрт для чатырох салістаў з аркестрам), Галіны Гарэлавай (сюіта “Партрэты” для струннага аркестра, ударных і саліруючага кларнэта паводле выстаўкі “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, што ладзілася некалькі гадоў таму ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны), Аляксея Пілатава (тры часткі з сімфоніі № 2 “Ікар”), а таксама шматлікія выкананні беларускай камернай музыкі.

Ды ўсё ж галоўнай “медыяасобай” усёй “… Вясны” стала Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі — і не толькі таму, што ў рамках форуму адбылася традыцыйная ўжо вечарына гэтай навучальнай установы. Сапраўдным упрыгожаннем фестывальнай праграмы сталі і сольнікі асобных творчых калектываў Акадэміі: ансамбля цымбалістаў “Лілея” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Яўгена Гладкова (да 50-годдзя калектыву), студэнцкага хору на чале з Інэсай Бадзяка, які выконваў выключна сучасную музыку кампазітараў Літвы, Латвіі, Эстоніі (“К” № 15). Дый практычна ўсе беларускія ўдзельнікі форуму — былыя выхаванцы БДАМ: ледзь не скрозь лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

А тое, што Акадэмія можа быць не толькі “акадэмічнай”, яна давяла ў сваім “сольніку”, названым сёлета “Больш чым вясна”. Канцэрт будаваўся на пастаяннай змене інструментаў, складаў, жанраў: ансамблі трубачоў, цымбалістаў, гітарны аркестр, якім дырыжыраваў не толькі прафесар Валерый Жывалеўскі, але і магістрантка Ірына Жалязоўская, дуэт марымбы з альт-саксафонам, сучасная харэаграфія, фрагменты з мюзікла — куды больш? Паўтары гадзіны без перапынку, элементы тэатралізацыі, відэакліпы на кожным з нумароў — часам здавалася, што ўсяго гэтага было нават занадта, хапіла б і менш усялякіх дадатковых “расфарбовак” уласна музыкі. Але публіка, сярод якой, як гэта часта здараецца апошнім часам, было многа зусім “не філарманічнай”, успрыняла ўсё “на ўра”. Не менш задаволенымі засталіся і прыдзірлівыя знаўцы, якіх не скарыць адно прывабнай “абгорткай”.

Магістрант Сяргей Бутар (клас прафесара Мірона Булы) запомніўся надзвычай лёгкім гучаннем баяна, дзе быў і бісер, і пырскі шампанскага. Юлія Мельнічук, якая навучаецца харэаграфіі ў народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева, паспрабавала далучыць да сваіх танцавальных фантазій яшчэ і піяніста Аляксандра Музыкантава (музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Тая, якая штоноч прыходзіць у твае сны”). Дывертысмент сучаснага японскага кампазітара Акіра Юяма ўразіў прыцягальна насычаным гучаннем альт-саксафона ва ўлонні тонкай марымбавай фонасферы (маладыя выкладчыкі Мікіта Пятроў і Антон Лазоўскі).

А хор выходзіў (ды яшчэ і выбягаў) ажно тройчы! У пачатку канцэрта — у якасці гэткай “акцёрскай масоўкі”. Потым — з вельмі стылёва вывераным, дакладным выкананнем духоўнай музыкі, а менавіта Месы выпускніка БДАМ, іерэя Андрэя Саўрыцкага. Нарэшце, у фінале вечарыны — з папуры паводле “Вестсайдскай гісторыі” Леанарда Бернстайна, дзе частку нумароў харавікі спявалі і адначасова танчылі ўвогуле без дырыжора. Так што калі ўся “Мінская вясна” атрымалася нават “больш за вясну”, дык Акадэмія музыкі ў чарговы раз даказала, што можа быць “больш чым акадэміяй”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"