Што дадаць у напрацаваны пласт?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Аляксандр ШАППО, скульптар
Тэма вайны не знікла ў сучасным айчынным мастацтве. Яна застаецца актуальнай і зараз. Іншая справа, што патрабуецца іншае яе прачытання.

/i/content/pi/cult/585/12966/4-5.jpgСкажам, нядаўна праводзіў сустрэчу ў Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Зорка” (арганізатар падзеі — метадыст Валянціна Яргольская). Зразумела, сёння цяжка запрасіць ветэранаў на падобныя імпрэзы, але ёсць магчымасць сустрэцца з тымі ж скульптарамі, якія прымалі ўдзел у стварэнні помнікаў на ваенную тэматыку. Вось і я распавёў навучэнцам пра свой досвед, пра пленэры, сімпозіумы, дзе прымаў удзел. Важна данесці сваё разуменне свету, бачанне — шчыра і праўдзіва. Толькі такім чынам зацікавім моладзь. Дзіцячая аўдыторыя самая складаная. Вось я гадаваўся на фільмах пра Вялікую Айчынную — “Яны змагаліся за Радзіму”, “Вызваленне”, “Жывыя і мёртвыя”. І наогул: калі хочаце, каб змянілася свядомасць у людзей — прапануйце альтэрнатыўную “карцінку” ў дзяцінстве. Зараз жа для большасці школьнікаў героі — Спайдармэн, Бэтмэн, Жалезны чалавек…

У кожнай тэме, асабліва ваеннай, патрэбен асабісты складнік. Скажам, падчас вайны пазнаёміліся мае дзед (ваяваў у партызанскім атрадзе) і бабуля, якая вызваляла Мінск. Ці работа Осіпа Цадкіна “Разбураны горад”. На мой погляд, гэта адна з найвялікшых рэчаў на ваенную тэму ў ХХ стагоддзі, вельмі дакладная метафара вайны. І прыйшоў жа Цадкін да гэтай скульптуры ва ўзросце 60 гадоў. Кажу гэта таму, што важна тэму “правесці” праз сябе.

Распавёў я навучэнцам і пра мінскі мемарыял “Памяць”, і пра помнік савецкім ваеннапалонным у Бабруйску на месцы, дзе знаходзіўся лагер для іх. Памятаю, як на адкрыццё тамтэйшага помніка “Куб мужнасці і смутку” прыехалі жанчыны з Расіі, даведаўшыся, што іх родзічы загінулі на гэтай зямлі.

Мне пашчасціла на сваім шляху сустрэць архітэктара Леаніда Левіна — аднаго з аўтараў “Хатыні”, “Ямы”, мемарыяла ў Чырвоным Беразе. Як на маю думку, акурат гэтыя аб’екты самыя шчымлівыя і, разам з тым, паэтычныя помнікі на тэму вайны. Дык вось, Леанід Мендзелевіч запрасіў мяне ў якасці скульптара прыняць удзел у праекце па рэканструкцыі брацкай магілы “Памяць”, што на праспекце Дзяржынскага. Разам з тым, у пасляваенны час нярэдка ставілі бетонныя тыпавыя скульптуры на брацкіх магілах салдатаў і на месцах баявых дзеянняў — не было магчымасці аддаць належнае кожнаму з загінулых, на жаль.

У дачыненні ж да арганізацыі гарадской прасторы ёсць думкі стварыць на Камсамольскім возеры парк скульптур з разнымі пластычнымі рэчамі: з умоўнымі, абстрактнымі, але і рэалістычнымі скульптурамі. Прычым не толькі беларускіх аўтараў. У нас ёсць падобнага кшталту пляцоўкі, але яны не рэкламуюцца. Напрыклад, да мяне з Масквы прыязджалі знаёмыя, я іх вадзіў у музей валуноў. І тое месца ім вельмі спадабалася! Урэшце, Мінск паступова эвалюцыянуе, набірае адпаведны сталічнаму статусу “лоск”. Так, падчас навучання ў гімназіі-каледжы імя Івана Ахрэмчыка я і прадставіць не мог, што на плоце парка Чалюскінцаў калі-небудзь развесяць рэпрадукцыі палотнаў альбо на плошчы Якуба Коласа магчымы праект “Мастак і горад”.

І яшчэ. Наша краіна павінна мець праграму, стратэгію для развіцця культуры не на адзін год наперад. Каб гэтым пачалі займацца яшчэ ў 1990-я, то сёння існавала б пэўная тэматычная пляцоўка па той жа субкультуры. У Верхнім горадзе ёсць “канцэнтрацыя” твораў (“Каляска губернатара” Уладзіміра Жбанава, “Войт” Сяргея Аганава, “Гарадскія вагі” Аляксандра Прохарава, лаўка, прысвечаная Міхалу Клеафасу Агінскаму аўтарства Уладзіміра Мацкевіча…). А гэта цэлы напрацаваны пласт! Прычым усе скульптуры звязаны з гісторыяй і культурай Беларусі.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст