Фонд “Падрыхтоўка кадраў” у кантэксце смелых рашэнняў

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Усё ж, відаць, імя знакамітага земляка дае пэўны стымул для развіцця культурна-асветніцкай работы ў раёне. Далёка не кожны райцэнтр можа ганарыцца сваёй карціннай галерэяй ці дабудаваным у зале ГДК балконам на 90 месцаў. А гэта ж — толькі неабходны мінімум. Значыцца, узрастае запатрабаванасць ва ўстановах культуры і зацікаўленасць у іх працы. “Будуем сваё зорнае неба”, — сказаў мне дырэктар школы (тут вучыўся ў свой час будучы касманаўт Уладзімір Кавалёнак), распавядаючы пра абнаўленне вясковага музея, прысвечанага земляку. Сапраўды, “зорны” чалавек паходзіць з гэтага краю. А ў самым хуткім часе яго чакаюць на Радзіме, у школе вёскі Хацюхова, а пасля ў Белым, дзе жыве брат касманаўта.

Заставацца на малой радзіме!
Ды не толькі касмічным земляком адметная Крупшчына, хоць багатая частка культурна-асветніцкай работы ў раёне звязана з яго імем.Пра вялікі рамонт, кадры і камп’ютэрызацыю распавядае старшыня Крупскага райвыканкама Аляксей ГАРНАК.

— Амаль 9 гадоў працую я ў Крупскім раёне, і першае, што зрабіў,— патэлефанаваў у Маскву Уладзіміру Кавалёнку, запрасіўшы наведаць радзіму ў час святкавання Дня вызвалення Беларусі. Ён адразу пагадзіўся, але ж быў на кангрэсе па праблемах касманаўтыкі ажно за акіянам! І даўгавата не было ад славутага земляка напамінку, а тут раптам — тэлефанаванне: “Я ў Крупках! Ля райвыканкама”.

У тое наведванне Крупшчыны касманаўт сказаў, стоячы на цэнтральнай гарадской плошчы: “Мы з табой, Аляксей, на гістарычным месцы знаходзімся, якога больш нідзе у свеце няма, — на плошчы паміж двума Валодзямі”. І сапраўды, на ёй — помнік Леніну і бюст Кавалёнку.

Аказваецца, беларускі касманаўт ужо паездзіў сёлета па родных мясцінах, сустрэўся са старажыламі, праведаў брата і сяброў. І напраўду — за Кавалёнкам не ўгнацца! За год ён заязджае на бацькаўшчыну па пяць-шэсць разоў як па дзелавых справах, так і прыватным чынам. Сам касманаўт цяпер на пенсіі, але вядзе вялікую грамадскую працу: летась ён стаў ганаровым грамадзянінам нашага раёна, а затым і Мінскай вобласці па нашым прадстаўленні.

— Не была ў Крупках некалькі гадоў, а колькі змен менавіта ў галіне культуры! Сапраўды, у раён прыйшоў гаспадар. Дарэчы, які добры гісторыка-краязнаўчы музей з’явіўся!

— Так, і ў ім зала, прысвечаная славутаму земляку. Уладзімір Васільевіч не аднойчы штосьці дарыў нам. Музей у Хацюхове мае шмат рэчаў, звязаных з вядомым земляком, і сярод іх— аранжавы касмічны скафандр, а таксама выдатныя аўтабіяграфічныя кнігі, вядома ж, з аўтографамі.

Наогул, музей у Крупках атрымаўся ў нас па-хатняму цёплы і ўтульны. І не выпадкова месціцца ўстанова на вуліцы Зайцава, таксама, дарэчы, нашага земляка, — Героя Савецкага Саюза, лётчыка, які зрабіў больш за 100 баявых вылетаў. Між іншым, ён быў на адкрыцці музея, і акурат на той жа дзень прыпала ўступленне моладзі ў БРСМ.
— Даводзілася і мне сустракацца з Кавалёнкам, калі ён быў на чале Ваеннай акадэміі імя Жукоўскага: касманаўт шукаў хлопцаў з Беларусі, каб вучыліся ў лепшай акадэміі Расіі. Яшчэ распавядаў Уладзімір Васільевіч і пра наладжаныя ім выстаўкі народных майстроў-землякоў. Дарэчы, і Крупкі следам за музеем займелі сваю карцінную галерэю...

— Быў стары будынак, які давялося адрамантаваць, не шкадуючы грошай, зрабіць прыбудоўку. Гэта была самая першая галерэя на Міншчыне, аналагічную ўстанову адкрылі случакі, а цяпер традыцыю наследуюць і ў іншых раёнах. Паўсюдна ж мастакоў багата! А ў нашай галерэі ёсць карціна, якую хацелі набыць за 100 тысяч долараў у Германію, але мы адмовілі. Наогул жа ў галерэі ёсць пастаянная экспазіцыя нашых мясцовых творцаў і зменныя вернісажы. Так, нядаўна была выстаўка твораў Мікалая Рэрыха.

Ці ж гэта не выдатна? Я пра хлопцаў нашых думаю: выпраўляецца ў войска клічам у галерэю, каб з добрым настроем служыў, памятаў, якая прыгажосць дома засталася. А хіба не запомніць хлапчына сустрэчу з Кавалёнкам? Хаця й не стане касманаўтам, але ў нечым будзе мысліць у іншых, больш касмічных катэгорыях. Таму і задача культасветработніка ў стасунках жыхароў краю са славутым земляком — звесці касманаўта з сейбітамі, даяркамі, давесці, што не хлебам адзіным жывы чалавек.

— А як ваш гарадскі Дом культуры? Ён жа быў, памятаецца, цеснаваты...

— Робім цяпер у ім значны рамонт, зала ж усяго на 380 месцаў. На другім паверсе зрабілі прыгожы балкон, дзе яшчэ 90 месцаў. На правядзенне рамонту выдаткавалі каля 2 мільярдаў рублёў: набылі новыя крэслы, аздобу для сцэны, музычныя інструменты і касцюмы для самадзейных артыстаў.

— Галіна культуры і духоўнага выхавання ў раёне, мусіць, не пакідае па-за ўвагай ні моладзь, ні людзей сталага веку?

— Так, і мне лёгка працаваць па гэтым накірунку, таму што побач — асобы. Нядаўна віншавалі нашага духоўнага бацьку, старажыла, протаіерэя айца Віктара з храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Я сам наведаў протаіерэя Віктара, а ў свеце — Віктара Іванавіча Арлова, у дзень яго 80-годдзя, уручыў яму грамату. Дзейнасць храма значная для Крупак, паколькі тут функцыянуе нядзельная школа, ды і сам протаіерэй — аўтарытэтная асоба ў раёне.

— Ведаю, Аляксей Сільвестравіч, што вы вялікую ўвагу ўдзяляеце будаўніцтву аграгарадкоў. Ці могуць маладыя спецыялісты атрымаць там кватэры?

— Хацюхова, Замкі, Дакудава, Нача, Ігрушка, Ротань — будуецца вёска, адбудоўваецца і новае сяло. Мы не падзяляем маладых спецыялістаў на патрэбных і непатрэбных. У раёне створаны спецыяльны фонд падтрымкі маладых, вучым іх за свой кошт дзеля таго, каб замацоўваліся і надалей на бацькаўшчыне. І спецыялісты сферы культуры, паверце, таксама не абдзелены ўвагаю.

Калі ў свой час прыйшоў у раён — не ставала кадраў. Сабралі выканкам і прынялі рашэнне: стварыць раённы фонд падрыхтоўкі кадраў, бо спадзявацца, што спецыялісты самі прыедуць на сяло, не варта — трэба іх вучыць, дапамагаць ім. Свае кадры не падвядуць! Калі два гады адпрацуе пасля нашай дапамогі — ужо не будзе імкнуцца кудысьці з аграгарадка, застанецца! Здае малады чалавек экзамен у ВНУ, але не праходзіць па конкурсе, — можа не турбавацца: падтрымаем, заплацім за вучобу, толькі вяртайся!

А для поспеху— свае перадумовы: завяршылі камп’ютэрызацыю школ, і ў бібліятэкі, і ў клубы таксама пайшла сучасная тэхніка. Таму вясковыя дзеці забяспечаны ў раёне не горш за гарадскіх.

— А ці ёсць крупскае ноў-хаў па энерга- і цеплазберажэнні?

— Вядома ж. У кожнай гаспадарцы распрацаваны планы па зніжэнні энергаёмістасці і перавод кацельных на мясцовыя віды паліва— дровы і торф. Дзеянні нашы даюць эканомію, і досыць заўважную. Але ёсць магчымасць рушыць наперад. Сучасная вытворчасць акультурваецца, гэтак жа і будаўніцтва, і сацыяльная сфера. Таму наша ноў-хаў — смелыя рашэнні!


 
Арыфметыка кадраў, або Як дапамагаць талентам
Начальнік аддзела культуры Крупскага райвыканкама Ян ЧАРНЯЎСКІ распавядае падрабязна, “у лічбах”, пра культасветработу ў раёне.

— Найбольшы клопат — пра маладых спецыялістаў. Сёння ў крупскай культуры працуюць 237 чалавек. З іх — 164 спецыялісты, 99 з якіх маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю (з іх 81 — па спецыяльнасці), а 41 — вышэйшую адукацыю (з іх 33 — па спецыяльнасці).

Ёсць вялікае поле для павышэння прафесійнага майстэрства.

На сёння 6 работнікаў сферы культуры з’яўляюцца завочнікамі ВНУ, двое — за кошт раённагафонду “Падрыхтоўка кадраў”. Гэта тыя людзі, хто не пакіне раён, бо будуецца жыллё ў аграгарадках і ёсць перспектыва яго атрымання. Летась да нас прыбылі 7 маладых спецыялістаў, з якіх 3 чалавекі — харэограф, канцэртмайстар духавога аркестра і кіраўнік народнага хору — паступілі ў штат Крупскага РЦК, па ад- ным — у Цэнтральную бібліятэку, Дом рамёстваў, Халопеніцкую ДМШ і ў Дом культуры гарадскога пасёлка Крупкі-2.

Ян Эдуардавіч мяркуе, што вучыцца ніколі не позна. Ён і сам вучыўся за кошт раённага фонду і гэтай дапамозе ўдзячны. Цяпер ужо сам шукае будучых студэнтаў, дапамагае ім практычна, гэта плануе ажыццяўляць і ў бліжэйшыя гады. А вынікі ёсць і цяпер: летась 17 чалавек (6 кіраўнікоў і 11 спецыялістаў) павысілі кваліфікацыю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры.

Цяпер у раёне працуюць 4 калектывы са званнем “народны”: ансамбль народнай песні “Крупчанка” пры Крупскім сельскім доме культуры, духавы аркестр, ансамбль “Жывіца” пры Крупскім РЦК і клуб майстроў “Таленты Крупшчыны” пры раённым Доме рамёстваў. Фальклорнаму дзіцячаму ансамблю “Крупчаняты” Крупскага СДК прысвоена званне “ўзорны”. Народнай стала студыя мастацкай разьбы па дрэве, якая фінансуецца райвыканкамам. Зусім нядаўна прызначана стыпендыя райвыканкама Юліі Міронавай, Аляксею Арэхаву, гурткоўцам з раённага Дома рамёстваў, а таксама пяцікласніку Максіму Сушніцкаму — навучэнцу Крупскай ДМШ, які перамог у конкурсе піяністаў, і Таццяне Гаргалык — удзельніцы абласнога Свята паэзіі.

У аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Крупскія зорачкі” і ў фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні прымаюць удзел мноства таленавітых людзей: і тэатральныя калектывы, і хоры, і выканаўцы эстрадных песень, сярод якіх немала дзяцей. Пераможцы іх прымаюць удзел у іншых конкурсах, сярод якіх і абласныя — “Жыве мая вёска”, “Разьбы зачараванне”, “Беларуская лялька”, “Напеў зямлі маёй”, “Палітра фарбаў і фантазіі”, “Саламяны павук” ды шмат якія іншыя. Таленты з Дома рамёстваў прымалі ўдзел і ў міжнародных конкурсах у Маскве, і ў польскім Торуні.

Талентаў багата на Крупшчыне! Ім дапамагаюць і камп’ютэрамі, і музычнай гукаўзмацняльнай апаратурай, і касцюмамі, і шмат чым іншым. Дапамагае культасветработнікам Крупшчыны і Прэзідэнцкая Праграма адраджэння і развіцця сяла. Па ёй са сродкаў абласнога бюджэту быў набыты і перададзены нам аўтамабіль для арганізацыі аўтаклуба.

— А якая сітуацыя з платнымі паслугамі?

— Летась зарабілі 114 мільёнаў рублёў, а ў пазамінулым годзе гэты паказчык саставіў 121,4% плана — і быў адным з лепшых па вобласці.

— Ян Эдуардавіч, а што новага ўжо зроблена і чакаецца сёлета ў сферы культурнага абслугоўвання насельніцтва?

— У бібліятэчнай сістэме станем больш шырока распаўсюджваць Інтэрнет, электронную пошту, камп’ютэрызуем бібліятэчна-бібліяграфічныя працэсы.

Практычна ўжо стварылі студыю гуказапісу і більярдны клуб. А мая задумка — стварыць начны клуб, сапраўдны і цікавы, каб у ім можна было праводзіць любыя культурныя праграмы, а таксама запрашаць прыезджых артыстаў.

На парадку дня — рамонт сельскіх клубаў.


 
ЕўраДаМіНіка збіраецца на “Залатую пчолку”

Дачка Яна Чарняўскага Вераніка спявае з пяці гадоў. Зараз ёй ужо 14, але трэба адзначыць, што, нягледзячы на свой яшчэ юны ўзрост, на сённяшні час яна ўжо мае прафесійны ўзровень падрыхтоўкі. Маці Вольга — прафесійны педагог па вакале, а бацька — валодае сучаснай аранжыроўкай. Для сцэны яна абрала псеўданім ДаМіНіка.

“Наша новая зорачка”, — так пра яе гавораць землякі, і нездарма, бо ўжо ёсць і творчыя поспехі, якія дасягнуты на шматлікіх конкурсах. Сярод іх асаблівае месца займаюць адбор на дзіцячае “Еўрабачанне”, удзел у конкурсе Свята беларускай песні “Міншчына спявае з аркестрам”, арганізаванага Нацыянальным аркестрам пад кіраўніцтвам М.Фінберга, конкурс эстрадных выканаўцаў “Маладзічок” у Маладзечне і Міжнародны конкурс у Германіі “Берлінская жамчужына”.

Ёю задаволена і маці, бо нямала сіл было пакладзена на тое, каб падрыхтаваць дачку да ўзроўню прафесійнага выканальніцкага майстэрства. І вынікі ёсць: Гран-пры ў Маладзечне, — паспяховая паездка на конкурс у Берлін пры дапамозе райвыканкама, а цяпер вядзецца падрыхтоўка да ўдзелу ў тэлепраекце АНТ “Гукі школ” Сяргея Ждановіча і паездкі на Міжнародны фестываль “Залатая пчолка” ў Клімавічы.

Ёсць і натуральныя перадумовы для дасягненняў: прыродны талент, арыгінальны тэмбр вакалу (таму ўдаецца і аўтэнтычны гарлавы спеў, і эстрада), багаты рэпертуар, руплівасць у працы.

 
Калі майстэрства становіцца мастацтвам
У Доме рамёстваў ціха: ідуць заняткі. Тут робяць арыгінальныя лялькі, вышываюць бісерам, ткуць карціны, ствараюць пано са скуры, практыкуюцца ў фларыстыцы і стварэнні нацыянальнага касцюма, традыцыі якога чуйна зберагаюць.Дзеці прыходзяць у Дом рамёстваў па сваім жаданні, імкнучыся спасцігнуць таямніцы майстэрства. Дасведчаныя майстры навучаюць не толькі тэхналогіі рамёстваў, але найперш руплівасці ў працы.
— А хто зрабіў гэтыя цудоўныя кветкі з бісеру?

— Студэнтка Марына Махрачова, якой 20 гадоў. Яна навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

А дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Сухаплюева — адна з лепшых майстрых раёна, якая працуе і над пано, і над цудоўнымі лялькамі. Усё, што яна робіць, — не толькі майстэрства, але і мастацтва.

Майстар-метадыст Ніна Сухенка распавяла, паказваючы на калекцыю вырабаў:

— Вось касцюм, зроблены ў 1863 годзе, — сапраўдная каштоўнасць нашага Дома рамёстваў. А ткацкі станок створаны ўжо сучаснікам, мясцовым майстрам Варданам Багумянам. Пагадзіцеся, неспецыяліст мог бы палічыць за старадаўні выраб.

Іконы вышыты гладдзю — найтанчэйшая ручная работа. Дом рамёстваў пастаянна папаўняецца новымі аб’яднаннямі. Не так даўно стварылі клуб кройкі і вышыўкі, у якім дзеці з задавальненнем спасцігаюць майстэрства працы з тканінай і ніткамі.

Больш як 100 работ розных гурткоў Дома рамёстваў раздадзена на сувеніры, аднак багаты збор і ў самой установе: выцінанка, вышыўка крыжыкам, саломкапляценне, бісер, лялькі — годная і прыгожая выстаўка! Сама ж творчасць крупчан часам настолькі нечаканая і сучасная, што вочы не хочацца адводзіць ад гэтых экспанатаў.

— І ўсё — не для заробку, а, хутчэй, для развіцця рамёстваў. Нельга ж не падтрымліваць дзіцячую творчасць, — кажа Ян Чарняўскі. — Адметнасць нашага краю — ткацтва бісерам, з якога атрымліваецца прыгожае зорнае неба на творах знаных і маладых майстроў.

 
“Будуем зорнае неба!”

Разам з начальнікам аддзела культуры мы зайшлі ў гісторыка-краязнаўчы музей. Нас сустрэла дырэктар Таццяна Мельнік і мясцовая паэтэса Таццяна Каваленка. Вядома, зноў давялося згадаць знакамітага земляка-касманаўта.

Таццяна Мельнік узгадвае, што, вярнуўшыся па завяршэнні “спраў касмічных” на Радзіму, Уладзімір Кавалёнак як дэпутат Вярхоўнага Савета спрыяў будаўніцтву паліклінікі ў Крупках, дапамагаў будаваць дарогі на сваёй бацькаўшчыне. Так “зорнаму” чалавеку давялося нанова “спасцігаць” зямныя клопаты.

У яго родным Хацюхове, дзе таксама давялося пабываць, — крылатыя арэлі, нібы трэнажор на Байкануры, разгойдваюць самых смелых. Але спярша нам паказалі этнаграфічны музей, дзе васьмікласнікі мясцовай школы Таня Рогава, Таня Кострыкава, Валодзя Рогаў распавялі пра гісторыю роднай мясціны, прычым экскурсіі — на выдатнай беларускай мове!

А Міхаіл Рогаў, загадчык залы касманаўтыкі школьнага музея імя Уладзіміра Кавалёнка, кажа, што яшчэ ў школе заслухоўваўся незабыўнымі расповедамі касманаўта пра палёты да зорак. Але не забываліся школьнікі і на маці ды бабулю Уладзіміра Васільевіча, калі ён ад’язджаў:

— Дзяўчаты прыбіралі, а мы нарыхтоўвалі дровы. Такой была наша дапамога космасу,— усміхаецца Міхась Рогаў.

А цяпер музей абнаўляецца:

— Будуем зорнае неба! — кажа дырэктар школы Васіль Барысенка. — Паставім новыя свяцільнікі, папоўнім экспазіцыю, тым больш, што неўзабаве ўсё гэта ўбачыць касманаўт!

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкар.

Мінск — Крупкі —
Хацюхова — Белае — Мінск
Фота аўтара і Аляксандра БУДЗЬКО