Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях адносна сферы аўтарскага права. “К” прапанавала начальніку Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксею БІЧУРЫНУ пракаментаваць сітуацыі, з якімі сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункта гледжання.

(Пачатак тэмы ў №№ 16 — 18.)

— Мяркую, у краіне засталося зусім мала бібліятэк, якія не прапаноўвалі б сваім наведвальнікам паслугі ксеракапіравання. Тэксты таксама з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права. Як аказваць платныя паслугі на капіраванні, каб не парушыць закон?

— Закон дазваляе бібліятэкам займацца капіраваннем матэрыялаў без мэты атрымання прыбытку. Пачуўшы такі адказ, бібліятэкары кожны раз кажуць, маўляў, распачынаюць такую форму дзейнасці толькі для таго, каб мець дадатковую крыніцу фінансавання, а атрыманыя грошы накіроўваць на патрэбы кніжніцы. Паважаныя, калі на сайце паслуга пададзена ў выглядзе “ксеракапіраванне: 1 ліст — столькі рублёў”, чытач разумее, што здымаць копіі можна з чаго хочацца і ў любым аб’ёме. А тое — парушэнне закону. У гэтай справе шмат нюансаў. У прыватнасці, у адпаведнасці з заканадаўствам дапускаецца капіраванне бібліятэкамі па запытах іх чытачамі на некамерцыйнай аснове (без мэты атрымання прыбытку) толькі артыкулаў і іншых малааб’ёмных твораў выключна ў адукацыйных і даследчых мэтах. Капіраванне кніг цалкам нельга. Напрыклад, не дапускаецца капіраванне ўсяго тэксту дысертацый айчынных навукоўцаў. Можна ўзяць толькі пэўны фрагмент, каб потым працытаваць яго ў сваёй працы. Я разумею, што ад устаноў культуры патрабуецца нарошчванне долі пазабюджэтнага фінансавання. Гэтыя задачы агульныя, ставяцца перад усімі, але трэба ўсвядоміць, што аб’ёмы павінны ўзбуйняцца законнымі сродкамі.

— Зараз педагогі ўсё часцей звяртаюцца да сацыяльных сетак. На онлайн-старонцы яны выкладваюць для сваіх вучняў нотны матэрыял, спасылкі на фільмы, відэафайлы, якія, на іх думку, дапамогуць у адукацыйным працэсе.

— Так, задавалася б, выкладчык мае добрую мэту. Напрыклад, настаўнік музычнай школы ці каледжа размяшчае на “сцяне” набор файлаў, як узорныя прыклады выканання музычнага твору. Ён робіць гэта ў межах удасканалення адукацыйнага працэсу, бо, на першы погляд, дае магчымасць навучэнцам трэніравацца на прыкладзе лепшых выканаўцаў. Аднак праблема ў тым, што сацыяльная сетка не абмяжоўвае доступ да прафайла пэўнага чалавека.

У вучэбнай аўдыторыі выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права строга лімітаванае і абмежаванае, бо разлічана на вузкае кола асоб (навучэнцаў). Тут зразумелы адукацыйны чыннік, таму дазволена выкарыстанне твораў без выплаты ўзнагароджання аўтару. У сацыяльнай сетцы доступ да старонкі не мае гэтага ж жорстка прывязанага адукацыйнага кірунку, па сутнасці адбываецца выкарыстанне твораў, якія пры іншых роўных падлягаюць ліцэнзаванню. А калі ліцэнзіі на размяшчэнне кантэнта няма — парушэнне закону відавочнае.

Любы далёкі ад навучальнага працэсу карыстальнік можа зайсці на вашу старонку. Калі ён “лайкне” вашу спасылку, пірацкі кантэнт адлюструецца ўжо на яго асабістай старонцы, дзе яго зможа пабачыць новае кола карыстальнікаў Сеціва. Такім чынам адбываецца распаўсюджванне кантрафактнага матэрыялу, а настаўнік становіцца тым, хто адкрывае доступ да яго шырокай публіцы. Дарэчы, размяшчэнне відэаматэрыялаў закранае вельмі шырокае кола зацікаўленых асоб: аўтары музычнага твору, выканаўцы, вытворцы відэакліпа… Адпаведна, узрастае верагоднасць таго, што хтосьці заўважыць ваша самавольства і прад’явіць законныя патрабаванні.

Пакуль такіх прэцэдэнтаў на тэрыторыі нашай краіны не было. Але прыгадайце сітуацыю ў суседзяў, калі настаўнік невялічкага заўральскага гарадка ўстанавіў неліцэнзаваную аперацыйную сістэму на школьныя камп’ютары, а вядомая ІТ-карпарацыя падала на яго ў суд і, натуральна, выйграла справу. Многім цікава, як фірма выйшла на гэтага настаўніка... Маючы шматлікія інтэрнэт-рэсурсы, знайсці парушальніка аўтарскіх правоў сёння не так складана. Нават у найпростым пошукавіку ўвядзіце назву песні — і Сеціва выдае спіс аж да пераліку старонак сацсетак, дзе змешчана патрэбная кампазіцыя.

(Працяг будзе.)

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"