Памяці Ігара Мікалаевіча Бабака

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

(5.02.1960 — 2.05.2016)
2 мая 2016 года раптоўна пайшоў з жыцця Ігар Мікалаевіч Бабак, намеснік старшыні Канфедэрацыі творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/585/12944/14-1.jpgІгар Мікалаевіч нарадзіўся 5 лютага 1960 года ў горадзе Днепрапятроўску. Скончыў Ваенны Чырванасцяжны інстытут Міністэрства абароны СССР у Маскве ў 1982 годзе з кваліфікацыяй “Замежныя мовы: кітайская англійская, перакладчык-рэферэнт кітайскай і англійскай, афіцэр з вышэйшай ваенна-палітычнай адукацыяй”. З 1993 па 2007 год працаваў у сістэме Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку двойчы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. З 2001 па 2007 год з’яўляўся саветнікам па гандлёвых і эканамічных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, быў Прадстаўніком Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. З 2014 года праца І.М. Бабака ў Канфедэрацыі творчых саюзаў унесла значны ўклад у развіццё сяброўскіх адносін і дзелавых і партнёрскіх сувязяў паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь, а таксама аказала вялікі ўплыў на папулярызацыю беларускай культуры ў далёкім замежжы. Дзякуючы асабістаму ўдзелу І.М. Бабака 31 ліпеня 2015 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася цырымонія падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж Канфедэрацыяй творчых саюзаў Беларусі і Асацыяцыяй культуры і мастацтва Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Па ініцыятыве І.М. Бабака неаднаразова былі арганізаваны выставы і пленэры беларускіх мастакоў і скульптараў, выступленні вядомых музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Пад яго кіраўніцтвам штогод ладзіліся выставы вядомых кітайскіх мастакоў у музеях Рэспублікі Беларусь, быў сфарміраваны кітайскі стэнд на Міжнароднай кніжнай выставе ў г. Мінску.

За сваю дзейнасць І.М. Бабак быў адзначаны наступнымі ўзнагародамі: Ганаровай граматай Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Падзякай Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, сярэбраным медалём 15-годдзя дыпламатычных адносін Беларусь — Кітай.

У апошні час Ігар Мікалаевіч займаўся прыцягненнем да ўдзелу вядомых кітайскіх музычных дзеячаў у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Энергічны, інтэлігентны, актыўны чалавек, спецыяліст вышэйшага класа, Ігар Мікалаевіч назаўсёды застанецца ў памяці родных, блізкіх, сяброў, беларускіх і замежных калег светлым чалавекам, які паспеў зрабіць многае. Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Ігара Мікалаевіча.