“Пікнік на ўзбочыне” фестывалю не пасуе

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Хто паедзе на “пусты” фэст: рынак дыктуе ўмовы, а чакаюць усё адно да апошняга
Як лічаць эксперты, якіх мы запрасілі ў рэдакцыю “К”, справа тут не толькі браку рэкламы ці аднатыпнасці сцэнарных распрацовак. Такім чынам, наш сённяшні “Форум” (які, дарэчы, планавалася зрабіць “круглым сталом”, але, на жаль, кіраўнікі некалькіх турыстычных фірмаў, нягледзячы на неаднаразовае запрашэнне і папярэднюю згоду, так да нас і не завіталі) прысвечаны фестывальнаму турызму і тым праблемам, якія паўстаюць пры арганізацыі маштабных культурных мерапрыемстваў, а таксама аднаму вельмі важнаму пытанню: як зрабіць так, каб турысты праязджалі на айчынныя фестывалі не выпадкова і адзінкамі, а цэлымі аўтобусамі, сем’ямі — карацей, вялікай грамадой...

/i/content/pi/cult/585/12943/7-1.jpgТадэвуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шэрагу беларускіх фестываляў, у тым ліку — “Звіняць цымбалы і гармонік” у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці:

— Напярэдадні фестывальнага сезону абавязкова трэба выпрацоўваць стратэгію дзеянняў, рабіць нейкі аналіз на перспектыву, сыходзячы з практыкі мінулых гадоў. І справы — не надта паспяховыя: у раёнах, дзе пастаянна праводзяцца фэсты, дасюль не ўсё добра з вырабам і продажам сувенірнай прадукцыі, з фестывальнай сімволікай, не наладжаная належным чынам рэклама, а многія важныя арганізацыйныя моманты зазвычай адсоўваюцца на апошнія дні перад правядзеннем мерапрыемства.

Акрамя таго, скарачэнне ў апошнія гады рэспубліканскіх і нават міжнародных фестываляў да паўтара — двух дзён — гэта, лічу, прафанацыя як фестывальнага руху, так і фестывальнага турызму. Немагчыма паўнавартасна рэалізаваць канцэпцыю фестывалю, ды і турыст не захоча ехаць на фэст, які ладзіцца ўсяго толькі дзень з гакам! Вопыт многіх замежных краін паказвае, што за кошт актыўна арганізаванага фестывальнага турызму зарабляюцца значныя грошы, неабходныя для падрыхтоўкі і правядзення такіх падзей.

Таксама варта казаць і пра тое, што сёння, на жаль, у мясцовых уладаў няма яшчэ разумення, што пэўны фестываль павінен быць не толькі своеасаблівай “візітоўкай” краю, ягоным брэндам, але і паўплываць на сацыяльна-эканамічнае развіццё як раёна, так і цэлага рэгіёна краіны. Таму 50 фестываляў, якія сёння ладзяцца ў Беларусі, — не так і многа. У той жа Польшчы цягам года адбываюцца ад 800 да 1000 фестываляў. Чым мы горшыя ў гэтым плане за нашых суседзяў?

А аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў усё ж абавязкова трэба наладжваць сістэмную працу з турыстычнымі фірмамі і арганізацыямі, бо зазвычай культработнікі гэтага не робяць, а турфірмы ігнаруюць культурныя мерапрыемствы. З улікам перспектыў развіцця культурна-турыстычнай дзейнасці неабходна арганізаваць або аднавіць у кожным раёне цэнтры турыстычных паслуг або турыстычныя бюро, якія маглі б не толькі прадастаўляць турфірмам інфармацыю пра пэўную культурную акцыю, але і быць самастойнымі арганізатарамі турыстычных паездак. У Паставах такі цэнтр калісьці працаваў эфектыўна, і яго цяперашняя адсутнасць значна ўскладняе працу з турыстычнымі арганізацыямі. Галоўнае, што для наладжвання дзейнасці гэтых устаноў не спатрэбяцца значныя бюджэтныя сродкі.

Адносна рэкламы. У сувязі з тым, што сёння ў Беларусі нават адзін рэкламны ролік зняць даволі дорага, варта, магчыма, падумаць пра тое, каб падобныя сюжэты на тэлебачанні дэманстраваліся як сацыяльная рэклама альбо за мінімальны кошт. Думаю, калі дзяржава зацікаўлена ў развіцці турызму, дык гэта цалкам магчыма зрабіць.

Абавязкова да ўдзелу ў фэстах трэба актыўна далучаць і мясцовае насельніцтва. Бо гэта нонсэнс, калі фестывальныя дзеі ладзяцца пры паўпустых залах ці пустых трыбунах. Мясцовыя жыхары павінны адчуваць сябе гаспадарамі свята, запрашаць на начлег гасцей фестывалю (хай нават і за грошы), цікавіцца імпрэзай. Іначай і турыстаў на такі “пусты” фэст не зацягнеш… І, канешне, варта развіваць на фестывалях рух валанцёраў. Яны могуць сустракаць гасцей, арганізоўваць тую ж рэкламу праз сацыяльныя сеткі…

Святлана БЕРАЗОЎСКАЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Гомельскай вобласці, дырэктар Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”:

— У нашага фестывалю цікавая праграма, ён, як вы ведаеце, адзіны і непаўторны. Але я згодна з тым, што мы мала ўвагі надаем рэкламе мерапрыемства, бо, як вядома, зняць той жа ролік і “пракруціць” яго на тэлебачанні каштуе вельмі дорага. Таксама, як і год, і пяць гадоў таму, у нас востра паўстае праблема пражывання. Мы рассяляем сотні ўдзельнікаў па школах, а вось наяўная ў Акцябрскім гасцініца разлічана ўсяго на 60 месцаў. Праўда, маем гасцінічны комплекс у Бубнаўцы, але ён таксама не надта вялікі. Так што гэта праблема сёння, мабыць, самая галоўная для нас.

Мікалай КОЗЕНКА, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”:

— Асноўная праблема, на мой погляд, у тым, што “Берагіня”, якая мае статус рэспубліканскага фестывалю, не мае грунтоўнай падтрымкі ні ад Міністэрства культуры, ні ад Інстытута культуры Беларусі. Усімі справамі займаецца раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А гэта няправільна, бо ў культработнікаў хапае і іншай працы. Я прапанаваў бы стварыць у Беларусі ўстанову, якая займалася б фестывальным рухам, курыравала б яго. Як, скажам, гэта робіць Дзяржаўны расійскі дом народнай творчасці ды Дзяржаўны цэнтр рускага фальклору ў суседзяў.

Што да рэкламы, дык за мяжой ведаюць, калі дакладна пройдзе фестываль — і за год, і за два, і нават за тры. А мы не ведаем, у які час ён адбудзецца, бо тое ж Міністэрства культуры рассылае ў рэгіёны палажэнне аб фестывалі за некалькі месяцаў да яго пачатку. Так што і ў гэтым сэнсе мы наўрад ці зможам усё прадугледзець. Натуральна, турысты да нас пры такім раскладзе не паедуць.

Надзея ДУДАРОНАК, дырэктар Браслаўскага  раённага аб’яднання музеяў (Віцебская вобласць) — арганізатара міжнароднага фестывалю “Меч Брачыслава”:

— Я працую над арганізацыяй фестывалю тры гады, і толькі цяпер пачала ўсведамляць, што менавіта трэба рабіць, каб прыцягнуць на нашу імпрэзу плыні турыстаў. Гэта і рэклама ў СМІ, як мясцовых, так і рэспубліканскіх, і інфармацыйныя лісты-рассылкі па самых розных турыстычных арганізацыях, гэта і ўзгадненне праграмы з мясцовымі ўладамі ды многае іншае.

Падтрымліваю ідэю наконт стварэння структуры, якая б каардынавала фестывальны рух у Беларусі. Бо сапраўды, спраў у нас хапае, а займацца арганізацыйнымі момантамі фэсту трэба не за дзень да яго пачатку, а цягам усяго года. І падобнае ўтварэнне было б вельмі дарэчным.

Што да канкрэтнай даты правядзення фэсту, дык, на мой погляд, зрабіць гэта будзе вельмі праблематычна. За год ці нават два я не магу дакладна ведаць, калі дакладна пройдзе імпрэза, хто на яе прыедзе, бо шмат што залежыць ад наяўных у пэўным годзе фінансавых магчымасцяў. Пралічыць іх загадзя проста не атрымаецца.

Галіна ПАТАЕВА, дырэктар турыстычнай кампаніі “Віяполь”:

— У першую чаргу трэба зразумець, што кампаній, якія займаюцца ўязным турызмам, у Беларусі не так і шмат. Гэта рынак, і ён патрабуе пэўных умоў працы. Таму культработнікам і арганізатарам фестываляў я сказала б так: можна рабіць на фэстах, што заўгодна, але трэба дзейнічаць арганізавана. Тое тычыцца жылля, харчавання, месца для стаянкі, месцаў для смецця, прыбіральняў. І калі арганізатары плануюць, што ў іх, скажам, будуць прадстаўлены месцы для харчавання, трэба, каб іх было шмат, прычым самых розных: для людзей, якія хочуць добра пад’есці, для тых, хто плануе проста перакусіць, для тых, хто прыносіць ежу з сабой або захоча набыць вады ці мінералкі. Усё гэта абавязкова трэба пралічыць, вызначыць, дзе такія месцы будуць знаходзіцца і, магчыма, змясціць усю гэтую інфармацыю ў фестывальных буклетах.

Варта казаць і пра сувеніры. Добрых сувеніраў, па вялікім рахунку, у Беларусі і няма. Ну навошта турысту тыя ж саламяныя вырабы? Лепш зрабіць нешта ўтылітарнае, тое, што захоча набыць сабе кожны: чахол для тэлефона, абшытыя скурай нататнікі, ручкі з фестывальнай сімволікай і гэтай далей. Усё тое, чым чалавек будзе карыстацца і пасля ад’езду з фестывалю. Вось такі сувенір ён абавязкова набудзе.

Асобная гаворка — пра гарантаванасць падзеі. Планы па правядзенні фестываляў трэба зацвярджаць, прынамсі, у канцы перадфестывальнага года і тады ж рассылаць прапановы па турфірмах. Напрыклад, пазначыць у рассылцы назву фэсту (нават прыкладную) і дзе ён адбудзецца, канкрэтную, а не ўмоўную дату культурнага мерапрыемства, а таксама невялічкую інфармацыю пра будучую падзею. І не так важна, на мой погляд, якія будуць выканаўцы, госці — важна, што мерапрыемства адбудзецца пры любой умове (нават з улікам дажджу). Бо людзям трэба загадзя ведаць, калі, на які час набываць білеты на цягнік ці на самалёт, загадзя браніраваць гасцініцы, планаваць свае выдаткі на харчаванне і гэтак далей. І, канешне, арганізатарам фестываляў варта вывучаць замежны досвед. Напрыклад, у той жа Францыі ладзяцца своеасаблівыя рыцарскія турніры. За паўтары-дзве гадзіны артысты, апранутыя па тагачаснай сярэднявечнай модзе, паспяваюць і пазнаёміцца паміж сабой, і патанчыць, і нават ажаніцца… Карацей, нейкімі падобнымі імправізацыямі, цалкам умоўнымі, але відовішчнымі дзеямі прыцягваецца увага гасцей фестывалю. Каб кожны, хто на гэтай культурнай імпрэзе пабывае, захацеў сюды прыехаць яшчэ неаднойчы — з сям’ёй ці з сябрамі…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"