Што можа бібліятэка

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Звычайна народную творчасць на месцах развіваюць і пашыраюць цэнтры рамёстваў. А вось у вёсцы Брольнікі, што ў Навагрудскім раёне, гэты абавязак узяла на сябе бібліятэка. Праўда, на новы лад.

У справе эстэтычнага выхавання многае залежыць ад асобы бібліятэкара, ад яго арганізатарскіх здольнасцей. У Брольніцкай сельскай бібліятэцы менавіта бібліятэкар узначальвае клуб па інтарэсах “Народны майстар”. Клубу сёлета споўнілася 20 гадоў. Спачатку яго ўзначальвала Надзея Зайцава. Дзеці тады займаліся вязаннем сурвэтак, шыццём мяккіх цацак, разеткавай, рапортнай і сіметрычнай выцінанкай. Ніхто клуб не фінансаваў, усе матэрыялы бібліятэкар і дзеці куплялі за свае грошы. Запомніўся вялікі поспех клубнай выставы на рэспубліканскім свяце з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча (у 1998 годзе). Замежныя госці з задавальненнем набывалі зробленае рукамі майстроў з Брольнікаў.

Кола відаў прыкладной творчасці, якім займаўся клуб па інтарэсах, пашырыла новы бібліятэкар Алена Казак. Фірменным стылем “Народнага майстра” сталі вырабы з пластыку і салёнага цеста, пляценне з саломкі, вышыўка стужкай, контурная вышыўка, канзашы, тапіарый, энкаўстыка, квілінг.

Канзашы — жаночыя ўпрыгожванні для валасоў, у Японіі іх робяць з драўніны, самшыта, сакуры, магноліі і пакрываюць лакам. Майстрыхі ж з Брольнікаў канзашы робяць з шаўковай стужкі. А квілінг — мастацтва вырабу плоскіх або аб’ёмных кампазіцый са скручаных у спіралькі доўгіх і вузкіх палосак паперы. Атрымліваюцца модулі. Яны і з’яўляюцца “будаўнічым” матэрыялам для стварэння карцін, паштовак, альбомаў, рамак для фатаграфій, розных фігурак, біжутэрыі… Тапіарый называюць “еўрапейскім дрэвам” і “дрэвам шчасця”. Насамрэч гэта звычайнае ўпрыгожванне інтэр’ера ў фармаце фларыстыкі. Яркасць дасягаецца не толькі за кошт формы, але і за кошт выкарыстання ў кампазіцыі спалучэння колераў і шматфактурных матэрыялаў. Маленькія дрэўцы выдатна ўпісваюцца ў любы інтэр’ер.

У 2010 годзе Брольніцкая сельская бібліятэка атрымала статус аграгарадоцкай. Сюды з вёскі Гарадзечна пераехаў сельскі савет. Пад яго кантору быў капітальна адрамантаваны будынак былога дзіцячага садка, у якім размясцілася і бібліятэка (дагэтуль знаходзілася ў Доме культуры). Яна заняла пакоі плошчай 137м2. Для бібліятэкі была закуплена мэбля, мясцовае прыватнае прадпрыемства зрабіла новыя арыгінальныя стэлажы. Так што нават сваім інтэр’ерам установа вылучылася сярод іншых. Бібліятэка мае электронную пошту, чытачы атрымалі магчымасць у пошуку літаратуры выкарыстоўваць электронны каталог.

Чытачоў тут шмат. З 2014 года склад членаў клуба па інтарэсах стаў змяшаным: жанчыны таксама выказалі сваё жаданне паспытаць сябе ў сучасных відах прыкладнога мастацтва. Бібліятэка распачала работу па мэтавай праграме “Азбука рукадзелля”.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага арганізавала летась абласны конкурс самаробнай кнігі. “Вершы” Яўгена Пясецкага ў выкананні чытачоў Брольніцкай сельскай бібліятэкі атрымалася сапраўды арыгінальнай, бо выканана ў тэхніцы энкаўстыкі мастацтвам выплаўлення.

Для чаго я гэта ўсё распавяла? Для разумення адной вельмі важнай для сённяшняга часу высновы: добра, што на вёсцы яшчэ ёсць бібліятэка. Ёсць дзе ўзяць кнігі, ёсць дзе з карысцю правесці свой вольны час. Ці ж можна забіраць у вяскоўцаў такую выгоду?

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі