Бабруйск-2017: лаўры культурнай сталіцы

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

4 мая, падчас пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, было прынята рашэнне аб тым, што культурнай сталіцай нашай краіны ў 2017-м стане горад Бабруйск Магілёўскай вобласці.

Па словах намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандра Маркачова, гэта была не першая спроба атрымаць статус культурнай сталіцы краіны: горад удзельнічаў у конкурсным адборы яшчэ ў 2012 годзе. За пяць гадоў, якія мінулі з таго часу, у Бабруйску правялі вялікую працу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сферы культуры. Так, за апошнюю пяцігодку з гарадскога бюджэту пад гэтыя мэты было накіравана больш як 30 мільярдаў рублёў, у тым ліку паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” — больш за 20 мільярдаў.

Сёння ў горадзе працуе тры ўстановы клубнага тыпу, дзе налічваюцца 92 творчыя фарміраванні. Да слова, 73 творчыя калектывы горада маюць найменні “народны” і “ўзорны”, а 7 носяць ганаровае званне “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. У горадзе прадстаўлена 11 бібліятэк, два музеі, працуюць 3 дзіцячыя школы мастацтваў, у якіх агулам навучаецца каля 2 тысяч чалавек, а таксама ёсць парк культуры і адпачынку.

Як адзначыў Аляксандр Маркачоў, гарадская карцінная галерэя, адкрытая у 2012 годзе, налічвае ў сваёй калекцыі не толькі працы бабруйскіх мастакоў, але і творы ўдзельнікаў традыцыйнага пленэру “Art-Жыжаль” з 18 краін свету. Так, майстры з замежных краін пакінулі ў дар галерэі больш чым 600 экспанатаў. Натуральна, дадзеная калекцыя будзе пашырацца і папаўняцца надалей у час чарговых пленэраў.

Таксама за апошнія гады гарадскімі ўладамі быў праведзены капітальны рамонт дзіцячай школы мастацтваў № 2 імя Уладзіміра Алоўнікава. Гэта дазволіла арганізаваць сёлета, у Год культуры, Першы адкрыты конкурс юных піяністаў імя знакамітага кампазітара, які сабраў прадстаўнікоў моладзі з усіх куткоў краіны (пра падзею — у “К” № 15). Як спадзяецца Аляксандр Маркачоў, бліжэйшым часам мерапрыемства набудзе рэспубліканскі статус.

Натуральна, нельга не згадаць і пра тое, што візітоўкай горада стаў міжнародны фестываль “Вянок дружбы”, які аб’яднаў пад дэвізам сяброўства за 13-гадовую гісторыю 38 краін з пяці кантынентаў. Упершыню за апошнія пяць гадоў удзельнікамі фестывалю сталі калектывы з Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, Швецыі, Нідэрландаў, Іспаніі і некаторыя іншыя.

Як адзначыў, падводзячы вынікі пасяджэння, міністр культуры краіны Барыс Святлоў, Бабруйск цалкам заслугоўвае атрымання ганаровага звання “Культурнай сталіцы Беларусі”, што і было яскрава прадэманстравана падчас прэзентацыі. Але, па словах кіраўніка Мінкультуры, вельмі важна, акрамя культурных акцый, спланаваць мерапрыемствы ў іншых сферах жыцця. Бо, як вядома, абвешчаны ў Беларусі Год культуры мае на ўвазе прадстаўленне культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова, а значыць, варта паказваць і іншыя сферы паспяховай дзейнасці ў горадзе. Акрамя таго, Барыс Святлоў прапанаваў апрабаваць у Бабруйску у наступным годзе ідэю прысуджэння статусу “Ганаровы грамадзянін Культурнай сталіцы Беларусі”, а таксама прадугледзець магчымасць ушанавання мясцовых мецэнатаў, якія паспрыяюць у правядзенні культурных мерапрыемстваў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"