Лёс каштоўнага помніка спадчыны і важнага для беларусаў месца памяці па-ранейшаму даволі няпэўны, але выглядае яно сёння ўсё ж іначай, чым яшчэ пару гадоў таму. Там прыбрана старое лісце, дрэвы ўязной алеі ачышчаны ад вецця, няма зарасцяў хмызняку... Гэта плён перадусім раённых суботнікаў, якія на Ляхавіччыне ўжо трэці раз праходзяць у Грушаўцы. Як распавёў заспеты намі непасрэдна на аб’екце старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, вярнуць сядзібу да жыцця сваімі сіламі ў мясцовых уладаў няма магчымасцяў, а вось падтрымліваць яе ў парадку цалкам атрымліваецца.
Наша групоўка была шматкроць меншай за раённы “дэсант”, але праца ёй таксама знайшлася. Пасля таго, як летась навальніца напалову зруйнавала дах сядзібнага гумна, “дэталі” гэтага цікавага помніка драўлянага дойлідства аказаліся раскіданымі па ваколіцах і падуладныя ападкам. Пацягаўшы пад рэшткі даху драўляныя слупы вагой па некалькі цэнтнераў, мы мелі магчымасць куды лепш зразумець (і нават адчуць) старадаўнія тэхналогіі будаўніцтва.
— Паспрабуй цяпер знайсці такія дрэвы! — кажа адзін з удзельнікаў талакі, супрацоўнік “Белрэстаўрацыі” Уладзімір Пашалюк, зазначыўшы, што гэты матэрыял можа спатрэбіцца пры кансервацыі “параненага” гумна, якую валанцёры плануюць распачаць ужо ў найбліжэйшы час.
Удзельнікі талакі, да якіх ці не ўпершыню далучыўся і мясцовы хлопец Саша, павесілі шпакоўні і ўсталяваны новы інфармацыйны шчыт. А ў дадатак пасадзілі на алеі, што вядзе да фамільнай капліцы, дзве лістоўніцы замест тых, якія былі спілаваныя нейкім “дабрадзеем” яшчэ за савецкім часам. Старшыня мясцовага сельвыканкама Вячаслаў Новік не пашкадаваў часу і сродкаў, каб выправіцца па саджанцы ў Ганцавіцкі раён. А ці атрымаецца аднавіць той візуальны эфект, калі дрэвы нібыта павялічваюцца ў вышыню, утвараючы свайго кшталту “лесвіцу ў неба”, можна будзе меркаваць хіба праз многія гады. Бо дрэвы, як вядома, жывуць вельмі доўга.