Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях адносна сферы аўтарскага права. “К” прапанавала начальніку Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксею БІЧУРЫНУ пракаментаваць жыццёвыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункта гледжання.

(Пачатак тэмы ў №№ 16, 17.)

— Аўтар хоча, каб яго твор пабачыла як мага больш людзей, а ўладальнік правоў не займаецца распаўсюджваннем. Прынамсі, аніматары не задаволены, што іх стужкі не даходзяць да гледача. Ці мае права рэжысёр выкладаць свой фільм на “YouTube”?

— Вы закранаеце такі інстытут аўтарскага права, як службовы твор. Калі твор узнікае ў межах выканання службовых абавязкаў, за якія аўтар атрымлівае заробак, то маёмасныя правы, звязаныя з атрыманнем эканамічнай выгады, належаць наймальніку. Яны пераходзяць да наймальніка з моманту стварэння аб’екта інтэлектуальнай маёмасці. Дадам, што за аўтарамі ў любым выпадку застаюцца немаёмасныя правы (іх імёны будуць пазначаны ў цітрах у якасці стваральнікаў стужкі, яны маюць права выступаць супраць унясення змяненняў у твор і гэтак далей). Наймальнік можа выкарыстоўваць фільм на працягу ўсяго тэрміну дзеяння аўтарскіх правоў.

Аднак, нагадаю, у 2011 годзе ў інстытуце аўтарскага права з’явілася значнае наватарства. Цяпер наймальнік павінен памятаць, калі ён на працягу пяці гадоў не выкарыстоўвае службовы твор, выключныя правы на яго вяртаюцца да аўтараў. Праўда, механізм прымянення гэтага права вельмі складаны. Пакуль я не чуў прыкладаў яго апрабацыі на практыцы. Чаму так адбываецца? Тэрмін “выкарыстанне” — шматгранны. На справе непублікацыя можа быць часткай камерцыйнай стратэгіі. Напрыклад, анімацыйная студыя скажа, што вытрымлівае матэрыял перад значным прафесійным спаборніцтвам, каб ніхто не запазычыў створаную ідэю.

Аўтары ж могуць і не ведаць, што выкарыстанне іх карціны вядзецца. Дапусцім, студыя на ўмовах канфідэнцыйнасці магла прапанаваць стужку якой-небудзь кінапракатнай арганізацыі. Як праваўладальнік, яна не павінна даваць справаздачу аўтарам фільма. І ў гэтым выпадку выкласці працу на “YouTube” нават без нейкай манетызацыі, а проста для папулярызацыі сябе, як таленавітага аніматара, значыцца, парушыць правы свайго ж працадаўцы. Паўтаруся, абодва бакі павінны разумець, што на службовы твор накладзены пэўныя абавязкі: наймальніку трэба нешта рабіць, каб праз пяць гадоў выключнае права не вярнулася да аўтараў, а аўтарам неабходна памятаць, што працадаўца не абавязаны з імі раіцца наконт лёсу стужкі, таму яны могуць памыляцца ў тым, нібыта іх фільм не выкарыстоўваецца.

Працяг тэмы — у наступных нумарах.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"