Ноч музеяў праз… "золата" і манеты

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я ў Полацку стаў утульным культурным асяродкам для жыхароў Полацка і суседняга Наваполацка, гасцей горада.

/i/content/pi/cult/584/12921/12-1.jpgУстанова ўваходзіць у склад Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і месціцца ў гістарычным цэнтры: непадалёк — Сафія, калегіум езуітаў (цяпер — корпус Полацкага дзяржуніверсітэта). У дворыку музея часам ладзяць канцэрты, кінапрагляды, танцы, сустракаюць маладых, што прыязджаюць пасля ЗАГСа. Цікава, што большасць вяселляў у музеі замаўляюць у адпаведнасці з народным і царкоўным календаром: увосень, пасля Калядаў, на Купалле.

Дворык дазваляе змясціць каля 50 чалавек. Збіраць людзей на імпрэзы вельмі дапамагаюць сацыяльныя сеткі, а таксама старонка музея на платформе Museum.by. Пра апошнюю загадчык музея Вольга Дамаскіна кажа, што гэта вельмі добры рэсурс для рэгіянальных музеяў. Вялікія ж сталічныя ўстановы аддаюць перавагу ўласным сайтам.

Зараз супрацоўнікі рыхтуюцца да Ночы музеяў. Вырашылі крочыць у нагу з часам: у год, калі ў Беларусі чакаецца дэнамінацыя, 21 мая зробяць імпрэзу “Як у хаце пры лучыне дзеўкі грошы палічылі”. На Дрэве, як яго завуць супрацоўнікі (імітацыя аграмаднага саламянага павука), павесяць паперкі ў форме манетак. З кожнай можна будзе счытаць qr-код, па якім зайсці на інтэрнэт-старонку, дзе апавядаецца пра гісторыю грашовага звароту. Дарэчы, на тэрыторыі музея працуе wi-fi.

З вялікіх мерапрыемстваў цягам года, акрамя Ночы музеяў, Вольга Дамаскіна называе Каляды і Гуканне вясны, якія музей ладзіць разам з фальклорным гуртом полацкага ўніверсітэта “Варган”. Сустрэчы з цікавымі людзьмі (краязнаўцамі, супрацоўнікамі ўстаноў культуры) прызначаюць на выходныя. Прыязджаў з філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва ў Гомелі Пятро Цалка, распавядаў пра мясцовую ткацкую традыцыю. Супрацоўнікі полацкага музея разам з наведвальнікамі параўноўвалі веткаўскія ручнікі з паазерскімі. Не так даўно ў музеі ткацтва мінскі даследчык Цімафей Авілін прэзентаваў палачанам сваю кнігу “Этнаастраномія”.

/i/content/pi/cult/584/12921/12-2.jpgВольга Дамаскіна і яе супрацоўнікі для падвышэння кваліфікацыі абіраюць праграмы ў галіне культурнага менеджменту, аратарскага майстэрства, новых тэхналогій. Такія заняткі праводзяцца ў Літве, Эстоніі, Польшчы, Швецыі, а таксама ў мінскім Інстытуце культуры Беларусі. Не заўсёды набытыя веды атрымліваецца выкарыстаць на практыцы, але з часам амаль усё прыдаецца. Тую ж ідэю з qr-кодамі не адразу ўвасобілі, але музей ткацтва быў першым сярод устаноў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, які пра гэта загаварыў. А ў запаведнік жа ўваходзіць 12 музеяў!

Вольга кажа: “Складана “прадаваць культуру”. Але тое, што робіць музей, — гэта ўсё роўна прадукт, і прадаць яго трэба. Мы гэтаму вучымся, спрабуем. Музейны супрацоўнік мае займацца не толькі навуковай дзейнасцю (хоць яна і асноўная), але і быць трошкі акцёрам. Тады наведвальнікі запомняць, што яны пачулі. Музеі супернічаюць з дамамі культуры, цыркамі, а найбольш — з гандлёвымі цэнтрамі. Даводзіцца прыстасоўвацца, прыдумляць нешта цікавае”.

На музейных занятках супрацоўнікі распавядаюць пра лён як “беларускае золата”. Такая метафара ўражвае наведвальнікаў. Акрамя заняткаў уласна па тэматыцы музея распрацаваны занятак “Полацкія рынкі” пра гісторыю гандлю: на кірмашах прадавалі і тканыя вырабы. Ёсць заняткі “У якіх багоў верылі нашы продкі”, “Пояс — ткацтва і рамяство”, “Ткацтва і каляндар”, “Каб продкі пазналі...” (пра адзенне). Такі крэатыў вабіць наведвальнікаў рознага ўзросту.

На здымках: павук, што на адзін вечар стане грашовым дрэвам; падчас сустрэчы маладых.

Фота аўтара і Алены ПАЎЛОЎСКАЙ

Мінск — Полацк — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"