Сакрэт поўных кіназалаў

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ, праграмны дырэктар кінафэсту “Паўночнае ззянне”
Ці лёгка рабіць у Беларусі такія фэсты, як “Паўночнае ззянне” (ужо другі па ліку, дарэчы), калі адначасова ў Мінску і Віцебску цягам чатырох красавіцкіх дзён было паказана 8 лепшых стужак, знятых летась у краінах Паўночнай Еўропы? Апрача таго, прапанавалі беларускім гледачам і сустрэчы з прафесіяналамі кінавытворчасці з Даніі ды Фінляндыі. Высілкі аказаліся не марнымі: залы кінатэатраў з аднолькавай назвай “Мір” у Мінску і Віцебску аказаліся перапоўненымі.

/i/content/pi/cult/584/12917/5-3.jpgЛадзіць кінафестываль у Беларусі складана таму, што асабліва ў рэгіёнах у нас не вельмі падрыхтаваная да фестывальнага фармату аўдыторыя. Бо фестываль — гэта інтэнсіўная праграма па некалькі фільмаў цягам дня. А, напрыклад, гледачам “Паўночнага ззяння” ў Віцебску было няпроста прыстасавацца глядзець па дзве стужкі штовечар цягам чатырох дзён, чым яны потым дзяліліся ў кулуарах. Хоць, у прынцыпе, усе карціны віцябчане прынялі з інтарэсам. Прынамсі, калі ездзіла ў горад над Заходняй Дзвіной з фінскім рэжысёрам Мар’яй Пююкко прадстаўляць ейны фільм “Вясковыя жыхары”, зала была поўная. А пасля сеансу да мяне падыходзілі гледачы і дзякавалі за тое, што “Паўночнае ззянне” дае ім магчымасць паглядзець добрае кіно. Мяркуючы па поўных залах на нашых паказах, беларускай аўдыторыі не хапае якаснага кіно на вялікім экране, прычым — у вялікіх порцыях. Тым больш паўночнаеўрапейскае кіно прадстаўлена ў нас вельмі бедна. Наогул, паглядзець не амерыканскія і не расійскія стужкі ў шырокім айчынным пракаце — рэдкасць. Відавочна, “…Ззянне” запаўняе пэўныя лакуны для беларускіх кінааматараў.

Яшчэ адзін карысны досвед: завабілі цікавых гасцей. У Паўночнай Еўропе кінематаграфісты — людзі адкрытыя. Яны з ахвотай пагаджаюцца на розныя авантуры, даволі лёгка ідуць на кантакт. Пра “Паўночнае ззянне” ў Беларусі ўжо ведаюць у галоўных кінаінстытуцыях Фінляндыі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, таму актыўна дапамагаюць і адгукаюцца. Я выбрала ў праграму фільм “Ітсі-Бітсі” і разважала пра тое, як файна было б запрасіць рэжысёра фільма Оле Хрысціяна Мадсана ў Беларусь. А потым у фестывалю з’явіўся яшчэ адзін партнёр — Дацкі інстытут культуры ў Рызе, дырэктар якога і дапамог звязацца з Оле Хрысціянам. Нягледзячы на занятасць, Мадсан пагадзіўся прыехаць у Беларусь, таму што чуў шмат добрага пра фестываль і меў цікаўнасць да краіны, пра якую ў Паўночнай Еўропе ведаюць мала.

Адносна далейшага развіцця, магчыма, атрымаецца пашырыць геаграфію паказаў. Нагадаю, самы першы фэст летась праходзіў яшчэ і ў Гомелі. У планах — больш воркшопаў і лекцый, асабліва ў рэгіёнах. Напрыклад, майстар-клас Мар’і Пююкко ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў прайшоў вельмі добра і стаў за ўсю гісторыю навучальнай установы першым навучальным мерапрыемствам такога кшталту з англамоўным лектарам. Я вельмі рада, што ў кінафестывалю атрымліваецца не проста знаёміць беларусаў з загадкавым і ў нейкім сэнсе экзатычным кінематографам, але і выклікаць нейкія станоўчыя змены мыслення будучых прадстаўнікоў нашай кінаіндустрыі, якая, спадзяюся, хутка зайграе новымі фарбамі.