Акупіць фестываль: місія магчымая?

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Хутка ў рэгіёнах пачнуцца “гарачыя” фестывальныя дні. Але колькі “каштуе” падзея, колькі грошай прыносіць сваім арганізатарам? Ці не прыносіць нічога ўвогуле, акрамя галаўнога болю і вялікіх клопатаў па яго арганізацыі? Паспрабуем разабрацца.

/i/content/pi/cult/584/12913/4-22.jpgСкажам, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” здаўна пазіцыянуе сябе ў якасці народнага. Народнага, бо цэны на білеты тут застаюцца даволі дэмакратычнымі і разлічаны літаральна на ўсе катэгорыі грамадзян. Па словах дырэктара фэсту Аляксандра Сідарэнкі, нягледзячы на тое, што сёння перад кіраўніцтвам пастаўлена задача падвысіць даходнасць маштабнага форуму, галоўнае для іх, каб людзі мелі магчымасць патрапіць на мерапрыемствы “Славянскага…”. Таму самы дарагі білет сёлета абыдзецца наведвальніку ў 1 мільён 950 тысяч рублёў (на канцэрт адкрыцця фэсту), а самы танны — у 120 тысяч рублёў (у другі дзень конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”).

Летась, як адзначыў Аляксандр Сідарэнка, акупнасць “Славянскага базару…” была самай высокай за ўсе гады правядзення фестывалю і склала 88,5 %. Па папярэдніх разліках бюджэт сёлетняга фэсту будзе роўны 57 мільярдам рублёў. Асноўную частку сумы складуць сродкі ад рэалізацыі білетаў, фінансы партнёраў ды рэкламадаўцаў. Скажам, білеты сёлета пачалі рэалізоўваць яшчэ напрыканцы лютага. А па стане на 20 красавіка, як адзначыў Аляксандр Сідарэнка, гледачамі ўжо набыты 16 тысяч білетаў, за якія атрыманы грошы. Гэта дазволіла, па словах дырэктара фэсту, заключыць выгадныя дамовы з некаторымі выканаўцамі…

Што ж, са “Славянскім…” усё зразумела — гэта праект маштабны, падтрыманы на дзяржаўным узроўні, з заслужаным статусам “фестывалю фестываляў”. А што з менш буйнымі і не такімі “раскручанымі” культурнымі дзеямі? Скажам, зусім нядаўна ў Міністэрстве культуры краіны ладзілася пасяджэнне па пытаннях правядзення VIII Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. Мерапрыемства адбудзецца ў Гомелі 16 — 18 верасня, і, як зазначыў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, прадстаўнічаму форуму будзе аказаная фінансавая, арганізацыйная і інфармпадтрымка з боку органа дзяржкіравання.

Як патлумачыла “К” намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Анастасія Лысенка, “Сожскі карагод” ладзіцца пад патранатам Міністэрства культуры, абл- і гарвыканкама. Бюджэтных сродкаў на фэст выдаткоўваецца прыкладна 30 % ад запланаванага аб’ёму выдаткаў. Усё астатняе — грошы гомельскіх прадпрыемстваў дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці.

Калі ж казаць пра культурныя мерапрыемствы без пазнакі “міжнародны” і меншага маштабу, дык іх арганізатары спадзяюцца, у асноўным, на дзяржаўную фінансавую падтрымку. Скажам, Мінскі абласны конкурс харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў, што ладзіўся 20—21 красавіка ў Маладзечне, прайшоў пад эгідай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, таму грошы на правядзенне форуму, як адзначыў “К” дырэктар Маладзечненскай ДШМ Уладзімір Яцыновіч, былі атрыманы з абласнога бюджэту. Асноўная сума ў 15 мільёнаў рублёў пайшла на харчаванне ўдзельнікаў. Іх, да слова, прыехала ў Маладзечна больш за 700 чалавек, а на сцэне ўстановы культуры выступілі 25 калектываў з усёй Міншчыны.

За сродкі мясцовага бюджэту ладзіцца і “Вішнёвы фестываль”, які ўжо ў чацвёрты раз пройдзе гэтым летам у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяны Тарасевіч, дзяржаўныя грошы ідуць на арганізацыю фэсту, харчаванне ўдзельнікаў і многае іншае. А вось, скажам, рассяленне запрошаных гасцей форуму бяруць на сябе мясцовыя прыватныя гасцініцы ды аграсядзібы: летась у Глыбокім такім чынам прынялі больш за сто чалавек. Да слова, плённа супрацоўнічаюць тут і з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Напрыклад, на мінулы “Вішнёвы фестываль” з Мінска ад кампаніі “Белтурыст” прыехаў аўтобус на 40 чалавек. Чым не прыклад раённым ды абласным фестывалям? Глядзіш, за “Белтурыстам” у раёны “пракладуць” шляхі і іншыя турыстычныя арганізацыі, а на айчынных фестывалях “засвеціцца” больш гасцей. “Заезджыя” турысты пакінуць у Глыбокім, Паставах, Акцябрскім і ў іншых гарадах не адну сотню тысяч рублёў, асабліва, калі арганізатары прадставяць на фэсце цікавую праграму, забяспечаць продаж сувеніраў ды возьмуць на ўзбраенне “еўрапейскі” падыход да стварэння месцаў для ежы і пітва, без чэргаў і з сапраўднымі, а не “травянымі” сталамі. Пры такіх умовах фэсты на Беларусі з часам стануць не стратнымі для раённых бюджэтаў, а самаакупнымі, як у Польшчы ці Германіі.

Што для гэтага патрэбна — чытайце ў рубрыцы “Форум” у наступным нумары “К”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"