Усе на “Карнавал...”!

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Хаця Магілёўскі абласны тэатр лялек вось ужо два гады не мае магчымасці выступаць на ўласнай сцэне, усе, хто прыйшоў у перадапошні сакавіцкі дзень у абласны Палац культуры, былі прыемна ўзрадаваны: трупа тэатра знаходзіцца ў цудоўнай творчай форме, што і засведчыў спектакль “Карнавал для Папялушкі”.

 /i/content/pi/cult/157/1291/Karnaval.jpg

Сцэна са спектакля “Карнавал для Папялушкі”.

Мастак спектакля — Галіна Ігнацьева, а паставіў казку галоўны рэжысёр тэатра Вячаслаў Корнеў, які сказаў пра новую пастаноўку наступнае:

— Перш за ўсё, мы хацелі падарыць дзецям свята — яркую, вясёлую, насычаную агністым настроем дзею. І, канешне ж, не маглі не ўлічыць і памеры пляцоўкі Палаца культуры, якая нашмат большая за нашу тэатральную сцэну, — у партэры 700 гледачоў! Нават не маючы на дадзены момант сваёй пляцоўкі, безумоўна, будзем рыхтаваць для нашых гледачоў новыя прэм’еры. Так у нас з’явілася бессмяротная “Паўлінка” Я.Купалы ў арыгінальным прачытанні, рыхтуецца да здачы “Казка пра Салдата” І.Казакова. На прапанову абласнога ўпраўлення ДАІ з’явіцца працяг спектакля-гульні па правілах дарожнай бяспекі “Прыгоды незвычайных чалавечкаў-2”. У далейшых планах — “Дамавічок Кузя” Т.Аляксандравай, беларускі праект “Крынічка” паводле народных казак і песень. Пры спрыяльных матэрыяльных варунках гледачы ўбачаць “Папялушку”, “Ундзіну” і, бліжэй да канца года, — каляднае прадстаўленне.

Людміла МАЦКЕЛА
Магілёў