Абярэг ад “чорнай былі”

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

26 красавіка адбылася рабочая паездка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць, дзе Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём Ельскага раёна, што пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

/i/content/pi/cult/584/12908/1-1.jpgНа Ельшчыне, паведамляе прэс-служба беларускага Лідара, Аляксандр Лукашэнка наведаў адно з сельгаспрадпрыемстваў, а таксама аграгарадок “Дабрынь”. Падчас знаходжання ў паселішчы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь азнаёміўся, сярод іншага, і з работай Дома культуры.

— У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан, як у Дабрыні, каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым.

Прэзідэнт падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

Пасля наведвання аграгарадка Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у фінальным канцэрце дабрачыннага творчага марафону “Адраджэнне”, прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы на ЧАЭС, які адбыўся ў гэты дзень у Ельску. Падчас мерапрыемства Прэзідэнту Беларусі ўручылі неглюбскі ручнік-абярэг “Кола жыцця”. Гэты ўнікальны, 30-метровы, ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе гады, якія мінулі з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уручаючы выраб Прэзідэнту, адна з ткачых папрасіла Кіраўніка дзяржавы захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф.

У сваім выступленні ў Ельску Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што катастрофа, якая адбылася 30 гадоў таму, стала агульным болем для трох брацкіх краін — Беларусі, Украіны і Расіі, прадстаўнікі якіх сабраліся 26 красавіка ў райцэнтры.

— Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб’яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену “чорнай былі” для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпыненая, але не ліквідаваная на ўсходзе Украіны”, — сказаў беларускі Лідар.

Тым часам

28 красавіка адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Неглюбскім тэкстыльным традыцыям Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка прымае ручнік у Ельску. / Фота Мікалая Пятрова, БелТА