Навагрудак, Мастоўшчына, Плешчаніцы, Гродзеншчына, Століншчына

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г


/i/content/pi/cult/580/12907/9-7.jpgНавагрудак / Ад Міцкевіча да Міцкевіча

У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку працуе выстава “Запавет песняра: жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа”, прымеркаваная да 110-годдзя пачатку яго літаратурнай дзейнасці.

Гэта ўжо другая экспазіцыя пра паэта, якую прадставіў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. За некалькі дзён працы выставы з творчасцю нашага песняра праз фатаграфіі людзей, мясцін, твораў і 18 ілюстрацый да паэмы “Сымон-музыка” мастакоў Міколы Селешчука і Барыса Заборава пазнаёмілася ўжо звыш 100 чалавек, у тым ліку студэнты-філолагі з Туркменістана, якія навучаюцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце.

Асобным стэндам на выставе дом-музей прапанаваў матэрыялы са сваіх збораў (фатаграфіі і кнігі), якія паказваюць сувязь Якуба Коласа з Навагрудчынай, якую ён упершыню наведаў у 1940-м у складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенні мерапрыемстваў з нагоды 85-годдзя смерці Адама Міцкевіча. Часта быў тут пачынаючы з 1946 года, калі абіраўся тры скліканні запар дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі.

Мікалай ГАЙБА, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку


Мастоўшчына / Публіка, якая сапраўды ўмее слухаць…

У чытальнай зале нашай бібліятэкі частка фонду прызначаецца для карыстальнікаў са слабым зрокам.

Тут прадстаўлены дакументы на дысках, аўдыякасетах. Для тых, хто жыве ў свеце гукаў, супрацоўнікамі бібліятэкі праводзяцца агляды новых аўдыякніг «Раім паслухаць». Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца запісы класікаў рускай, беларускай ды замежнай літаратуры, фантастыка, дэтэктывы, жаночыя раманы, дыскі з аўдыяспектаклямі.

Удала падабраная аўдыякніга і размова з бібліятэкарам — гэта падзея для невідушчага чалавека. Ды і ўвогуле, абслугоўванне інвалідаў па зроку патрабуе індывідуальнага падыходу. Дарэчы, бібліятэкары праводзяць мерапрыемствы і ў сцянах бібліятэкі, і ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў. Паверце, гэта вельмі ўдзячная публіка, якая ўмее слухаць… Таму і вечар паэтычнага настрою «Прыгажосць, якой імя — жанчына» прайшоў у цёплай атмасферы. Гучалі запісы вершаў пра вернасць, каханне. Удзельнікі мерапрыемства чыталі ўласныя творы на беларускай, украінскай і рускай мовах.

Святлана ЧАЙКІНА, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Мастоўскай раённай бібліятэкі


Плешчаніцы / Дзякуй дзеду, што ставіў на гарох!

Кажуць, што спяваць можа кожны, але хачу заўважыць, што гэта не зусім так. У 2015 годзе да нас на працу ўладкаваўся малады чалавек Аляксандр Каленік. Таленавіты і ўлюбёны ў сваю справу. Вось ён і спявае, грае на гітары, піша музыку, вершы.

У Плешчаніцкім ГДК Аляксандр сабраў вакол сабе жаночую вакальную групу “Спявай, душа!” Кабеты ходзяць на рэпетыцыю амаль кожны дзень. З гэтага гурта вылучылася прыгожае трыа, салістам якога з’яўляецца Каленік. Гледзячы на Аляксандра ў працы, заўважаеш, наколькі ён адказна ставіцца да сваёй справы, бо кожны твор, які выконвае, адпрацоўвае перад люстэркам — і міміку твару, і харэаграфічныя рухі.

Бабуля і дзядуля Аляксандра былі салістамі ў Святавольскім доме культуры, што ў Івацэвіцкім раёне. Дзед адправіў унука ў музычную школу, нават ставіў яго на гарох, калі той прыносіў нездавальняльныя адзнакі.

Дарэчы, працаваць у нашым ДК не вельмі лёгка: з кастрычніка 2014 года ён зачынены на рамонт з-за аварыйнага стану, таму сёння не маем сваёй матэрыяльнай базы, а працуем у музычнай школе. Канцэрты даём, у асноўным, выязныя, а таксама ў парку адпачынку і на цэнтральнай плошчы Плешчаніц. У гэтым нам дапамагаюць мясцовыя ўлады.

Віталь СТАХОВІЧ, дырэктар Плешчаніцкага ГДК Лагойскага раёна

 

Гродзеншчына / Стукалі кросны і круціўся калаўрот

У Гродзенскім абласным метадцэнтры народнай творчасці прайшло рэгіянальнае свята ткацтва. Падчас яго 24 майстры, носьбіты і пераемнікі традыцый, былі адзначаны за ўнёсак у захаванне нацыянальнага мастацтва.

Зранку майстры вобласці спяшаліся ўстанавіць і адладзіць кросны, прасніцы, верацёны, калаўроты, стужкаткацкія станкі для правядзення майстар-класаў па найбольш распаўсюджаных на Гродзеншчыне ткацкіх тэхналогіях. Сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уваходзяць прадстаўленыя на свяце традыцыйныя тэхнікі падвойнага ткацтва вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, простае двухнітовае ткацтва Ваўкавыскага раёна, творчасць Алены Шунейка па вырабе габеленаў у тэхніцы падвойнага ткацтва і аднабаковага перабору. Ёсць надзея, што з цягам часу і традыцыйныя ткацкія тэхналогіі Воранаўскага раёна, і “белае ўзорыстае ткацтва” Лідчыны папоўняць гэты спіс.

У час свята жанчыны з аматарскага аб’яднання Ганчарскага Дома культуры Лідскага раёна запрашалі паўдзельнічаць у мастацка-рэалістычнай дзеі “Калі да лёну з паклонам — аддзячыць добра лён”. Старажытныя прылады для апрацоўцы ільну многія гараджане бачылі ўпершыню. Тыя, хто добра з імі спраўляўся, змаглі першымі пачаставацца хлебам і аладкамі з льнянога семя на мёдзе. А быў яшчэ паказ калекцый сучаснага маладзёжнага адзення “Колер абуджэння” (Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці) і “Па расе” (Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну), створанага па матывах народных традыцый.

Без упынку стукалі кросны і круціўся калаўрот у дзевяностадвухгадовай Марыі Мажэйка з Астраўца, а дзве дзевяцігадовыя Настачкі (Фурмановіч і Валюшка) з Гудзевіч падчас свята вырабілі закладкі для кніг.

Яніна БАРЫСЕВІЧ, вядучы метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Гродзенскага АМЦНТ


Століншчына / Каб жыць…

Выставай “Памяць зямлі” народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка адкрыўся цыкл раённых мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Вернісаж адбыўся ў выставачнай зале раённага цэнтра ў мінулую пятніцу.

Іван Піліпавіч сваімі творамі адлюстроўвае тое, што адбылося 30 гадоў таму на Чарнобыльскай АЭС. На яго малюнках можна ўбачыць, што адбывалася з людзьмі ў першыя дні пасля аварыі, што робіцца ў вёсках, якія адселены, імкнецца спазнаць чалавечыя душы.

Пра кожную з карцін альбо драўляных скульптур Іван Піліпавіч можа распавядаць бясконца. На адкрыцці выставы ён правёў невялічкую экскурсію, расказаў, які сэнс укладаў у кожны з твораў, што сімвалізуе кожная дэталь.

Да мерапрыемства была падрыхтавана літаратурная выстава “Вечнае рэха Чарнобыля”. Аўтары музычнага афармлення — выхаванкі Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Дар’я Гізун і Вікторыя Дзенісовіч.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара