“А мы Вас ведаем…”

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

У музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля прайшла выстава твораў заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Барыса Звінагродскага да 120-годдзя з дня яго нараджэння. Далёка не кожнаму чалавеку ўдаецца пакінуць свой след. А праз гады “святло далёкай зоркі” дасягае нашчадкаў, калі чалавек сапраўды быў асаблівым, зрабіў вялікі ўплыў на жыццё сваіх сучаснікаў. Ці не ў гэтым прычына ўсеагульнай павагі і доўгай памяці гамяльчан?

/i/content/pi/cult/580/12901/8-1.jpg

Барыс Звінагродскі. “Гомельскі рачны порт ”.

Сувязь з Гомелем у Барыса Фёдаравіча была непарыўнай: упершыню прыехаў у 1920-х, вярнуўся пасля вайны ў 1944-м, затым жаніцьба на гамяльчанцы Надзеі Аляксандраўне і нараджэнне доўгачаканага сына... І для нашага горада жыццёвы шлях мастака мае вялікае значэнне. Па-першае, выдатныя педагогі, такія, як Звінагродскі, спрыяюць з’яўленню таленавітых вучняў, а тыя, у сваю чаргу, перадаюць эстафету далей. Па-другое, вывучаць жыццё і творчасць лепшых мастакоў Гомельшчыны, калекцыянаваць іх творы музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля лічыць сваім абавязкам. У гэтым, акрамя іншых неад’емных функцый, выяўляецца яго ўдзел у культурным жыцці Беларусі. Гэтак мы імкнуліся сачыць літаральна за кожным паваротам у лёсе Барыса Звінагродскага. Але пераказваць біяграфію мастака, відаць, не мае сэнсу. Дык якім жа ён запомніўся гамяльчанам? Элегантны, заўсёды падцягнуты, з нязменным гальштукам-матыльком — яркі вобраз інтэлігента, які мае наўпростае стаўленне да мастацтва.

Сёння ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля сабрана істотная частка спадчыны мастака: каля 40 карцін, мноства фотаздымкаў, дакументаў, каталогі выстаў. У 2015-м у фонды паступіла яшчэ тры работы Звінагродскага: аўтапартрэт і два пейзажы.

Рака Сож — адзін з улюбёных “персанажаў” жывапісца. Яму ўдалося стварыць сапраўдныя пластычныя песні — пейзажы з гэтай воднай артэрыяй Гомельшчыны. Яны настолькі скарылі жыхароў сваёй праўдзівасцю, што мастака называлі “спеваком Сожа”. З поўнай аддачай ён пісаў навакольную прыроду, горад, людзей, сярод якіх жыў. Уважліва вывучаў натуру, старанна прадумваў і выпісваў дэталі сваіх карцін, разважаючы пры гэтым над вялікімі задачамі мастацтва. Цяпер відавочнае не толькі мастацкае, але і краязнаўчае значэнне твораў Звінагродскага.

Нядаўна музеем быў набыты партрэт мастака, напісаны Алесем Цыркуновым. На карціне Звінагродскі ў “булгакаўскай” шапачцы майстра стаіць у задуменні, адвярнуўшыся ад чыстага палатна. Падрабязна апісана абстаноўка майстэрні, скамечаны працоўны фартух кінуты на паліцу, на падваконні — кактусы розных відаў.

Знаходзячыся ўжо ў сталым узросце, Барыс Фёдаравіч распавядаў, што працуе над тэмай, якую можна апісаць так: “Дзень добры, племя маладое, незнаёмае... Галоўная думка — няўмольны рух жыцця наперад, змена старога маладым. Суцэльнай сцяной стаіць стары лес... А на пярэднім плане цягнуцца да сонца, да святла тоненькія маладыя дрэўцы. Хоць іх няшмат, іх строй рэдкі, але за імі будучыня”.

Дарэмна перажываў мастак за лёс рэалістычнага мастацтва! Яно па-ранейшаму ў пашане і ўяўляе з сябе аснову сучаснага жывапісу. І памяць пра гэтага чалавека, педагога, творцу працягвае жыць у нас. Хочацца з вялікай павагай прамовіць у адказ ад імя “незнаёмага племені”: “Добры дзень, Барыс Фёдаравіч! А мы Вас ведаем...”

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля