Цвікі ў целе

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Я прызвычаілася сустракаць у самых нечаканых месцах паліцы з буккросінгам. Пабачыўшы некалькі стосаў выданняў ля ліфта ў “Маскоўска-венскім” гандлёвым цэнтры сталіцы, пачала праглядаць карэньчыкі. Нават рукі працягнула да “У вайны не жаночае аблічча” (дакументалістыку айчыннага нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч зараз многія перачытваюць), ды ўзяць не магла, бо яна была... насаджана на цвік! Аказваецца, перада мной — лаўка для пакупнікоў, з чыёйсьці дзікай ідэі зробленая з кніг…

/i/content/pi/cult/580/12900/5-5.jpgМагчыма, я вельмі старамодная. Расла ў часы, калі кнігі былі жудасным дэфіцытам, а дзеля патрэбнага томіка неабходна было ўзяць “у нагрузку”, як кажуць, аўтара трэцяга гатунку. Кожныя гастролі ў новым горадзе пачыналіся з таго, што бацькі-тэатралы кідаліся па кніжных крамах і камісіёнках (у малых гарадах Савецкага Саюза і на цэнтральных паліцах можна было знайсці тое, што ў сталіцы знікала ці не да выхаду са складоў).

Мая сяброўка распавядала, як у бясконцыя дні сваіх дзіцячых хвароб яна гадзінамі разглядвала кнігі з ілюстрацыямі Віктара Чыжыкава і прыдумляла гісторыі па малюнках Пітэра Брэйгеля. Не забудуся, як плакала маці, калі бабуля ненаўмысна выкінула так цяжка здабыты збор літаратурна-мастацкіх часопісаў “Новый мир”. Памятаю, як у 1990-я, каб было за што жыць, бацькі з болем здавалі ў камісіёнку самыя каштоўныя найменні, а я ўпотай бегала ў тую краму і нашэптвала роднаму альбому Антуана Вато з надарванай вокладкай, што ён толькі мой і ніхто яго не набудзе…

Часам кнігі выкарыстоўваліся не па прызначэнні. У дзяцінстве я рабіла з іх пакойчыкі для цацак, высоўваючы на паліцы томікі ў патрэбнай мне заканамернасці. Неаднаразова стосы фаліянтаў станавіліся прэсам. А аднойчы настаўнік загадаў нам нарыхтаваць лісце, сказаўшы, што лепш за ўсё сушыць яго ў кнігах. Пад расправу патрапіла факсімільнае выданне Пальмера Кокса “Дзіўныя прыгоды і вандраванні лясных чалавечкаў” (тое самае, з якога Мікалай Носаў пазней “запазычыў” фабулу сваёй кнігі пра Нязнайку). Да гэтай пары не магу без пачуцця віны браць у рукі кнігу, якая ад недарэчнай вільгаці пайшла хвалямі…

Тады я адчула, што ў адказе за выданні, якія былі мне і асветай, і лекамі. Узяўшы на ўзбраенне папулярную тады песеньку “Кожнай старонцы трэба лячыцца ў кніжнай бальніцы”, майстравала і размалёўвала згубленыя ў часы шматлікіх пераездаў вокладкі, клеіла з каляровага кардону парваныя карашкі. Дарэчы, і сёння ўжо разам са сваімі дзецьмі перыядычна ладжу такія “бальнічныя дні”. І бачылі б вы з якім гонарам старэйшы распавядае пасля ў садку, як ён з сям’ёй рамантаваў хатнія (а заадно і ўзятыя з бібліятэкі) кнігі!

А зараз перада мной лаўка, збітая з кніг… Відаць, аўтару гэтага “тварэння” бібліятэка патрапіла ў спадчыну: тут класічны “джэнтльмэнскі набор” інтэлегенцыі. Па назвах можна прачытаць жыццё не аднаго пакалення. Вось першыя крокі з казкамі пра жывёл Рэдзьярда Кіплінга, потым падлеткавы максімалізм у кампаніі герояў Фенімора Купера ды Вальтара Скота, хлюпанне носам з Дзінкай, што развітвалася з дзяцінствам. А там прыйдзе чарга пафіласофстваваць з Уільямам Фолкнерам, паспрачацца з Міхаілам Шолахавым, узважыць свае ўчынкі з Іванам Шамякіным.

Прыйдзе… толькі не да таго, хто разглядае “Хатынскую аповесць” Алеся Адамовіча ў якасці падпоркі для спіны, а для “Белага адзення” Уладзіміра Дудзінцава і “Жыцця і лёсу” Васіля Гросмана знаходзіць прызначэнне толькі ў якасці сядушкі падчас марафону па шопінг-цэнтру…

На здымку: "кнігалаўка" на цвіках.

Фота аўтара

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"