Харэографаў прымае Анкара

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Імпульсам да актывізацыі супрацоўніцтва паміж нашай краінай і Турцыяй у галіне культуры стаў візіт міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука ў Анкару. Падчас наведвання Турцыі ў красавіку мінулага года быў падпісаны Пратакол аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Турцыі. У межах рэалізацыі Пратакола ў 2008 годзе ў Ізміры пройдзе выстаўка твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а ў кансерваторыі Універсітэта Хаджэтэпе будуць працаваць выкладчыкі музыкі і класічнага танца з Мінска. Прадстаўнікі беларускай школы класічнага танца ўжо і цяпер добра вядомы ў Анкары: у кансерваторыі працуюць Генадзь і Людміла Патаповічы — выпускнікі Мінскага харэаграфічнага вучылішча.

Дарэчы, у гэтым падраздзяленні анкарскага Універсітэта Хаджэтэпе і цяпер прыгадваюць сустрэчу з беларускай дэлегацыяй. Ва ўстанове год таму зазначылі: “Міністр культуры Турцыі не быў у нас ні разу, затое наведаў міністр культуры Беларусі. Дзякуючы гэтаму візіту мы пачынаем адлік новага этапа ў турэцкім балеце — сумесны з беларускімі калегамі”.
Сустрэча У.Матвейчука з кіраўніцтвам кансерваторыі, пад час якой былі абмеркаваны канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, па словах дырэктара балетнага аддзялення Мюрыідэ Аксан, надала ёй новых надзей. Кансерваторыя з’яўляецца кузняй кадраў для дзяржаўных тэатраў Турцыі. Аднак без знешняй падмацоўкі любая, нават самая вядомая, школа перастае плена працаваць і развівацца. Супрацоўніцтва з беларускімі педагогамі — гэта не проста глыток свежага паветра для турэцкага балета, але і рэальная перспектыва руху наперад.
Яшчэ два гады таму ўзнікла думка пра наладжванне сувязей паміж Мінскім харэаграфічным каледжам і кансерваторыяй Універсітэта Хаджэтэпе.
Аднак увасобілася ідэя толькі сёння, калі пачалася рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту міністра культуры Рэспублікі Беларусь у Анкару.
У красавіку ў межах Пратакола ў Анкару прыехаў педагог Мінскага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Аляксандр Калядэнка — адзін з творцаў таго феномена, які мы з гордасцю сёння называем беларускай харэаграфічнай школай. Хацелася б, каб і беларусы на ўласныя вочы пабачылі, з якім стараннем маладыя турэцкія танцоры выконваюць указанні знанага беларускага харэографа, як імкнуцца адпавядаць зададзеным для іх высокім стандартам і як зіхацяць іх вочы ад заслужанай пахвалы. А.Калядэнка змог, па меркаванні турэцкіх выкладчыкаў, прымусіць турэцкіх студэнтаў не толькі паказаць усё, на што яны здатны, але і нашмат болей — раскрыць і прыхаваныя таленты маладых танцоўшчыкаў.
І хаця, натуральна, за кароткі тэрмін нават майстэрства Аляксандра Іванавіча наўрад ці народзіць у Анкары другога Івана Васільева, яго турэцкія вучні ўбачылі, як можна наблізіцца да галоўных каштоўнасцей класічнага балетнага танца: чысціні харэаграфічнага стылю, грацыёзнасці выканання, цэласнасці вобраза.

Паводле інфармацыі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы