Мюзікл як форма клубнай работы

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Уласна, з тынкоўкі мы і пачнём дзяліцца ўражаннямі. У ранейшыя часы існавала завядзёнка, паводле якой сцены Дамоў культуры чамусьці мелі пануры шэры колер, а іх інтэр’еры былі вытрыманы ў яшчэ больш змрочнай гаме. Відавочна, святочнага настрою тым, хто пераступаў парог ДК у спадзяванні на свята душы, такая акалічнасць зусім не дадавала.

/i/content/pi/cult/109/129/st26_1.jpgУ парушэнне гэтай недарэчнай традыцыі, Дом культуры, які месціцца ў аграгарадку “Кабылаўка”, але называецца ў гонар суседняй вёскі Навасёлкаўскім (мусіць, дзеля мілагучнасці), пасля свайго нядаўняга рамонту займеў прыемны для вока бірузовы колер. Светлыя цёплыя адценнні блакітнага і зялёнага пануюць і ў яго інтэр’ерах, робячы класы для заняткаў рознымі відамі творчасці яшчэ больш утульнымі. Цягам рамонту з’явіўся ў будынка і новы дах арыгінальнай формы, які добра дапаўняе агульнае ўражанне.

Дом культуры здавён быў улюбёным месцам баўлення вольнага часу жыхароў вёскі. Але ж яшчэ з год таму ён мог пахваліцца хіба сваім сутнасным начыннем, а зусім не вонкавым абліччам. Так было датуль, пакуль Кабылаўка на вачах у сваіх прыемна здзіўленых жыхароў не пачала пераўтварацца ў аграгарадок.

За лічаныя месяцы Навасёлкаўскі Дом культуры спазнаў сапраўднае пераўвасабленне — ад старой установы з такой самай назвай засталіся хіба сцены. І, вядома, тыя творчыя праекты і ініцыятывы, дзякуючы якім з пэўнасцю можна сказаць, што патрачаныя на рамонт паўмільярда рублёў зусім не былі змарнаванымі. Падчас нашага наведвання ў Доме культуры панавала нязвыклая для такіх устаноў цішыня. Гэта і нядзіўна — удзень дарослыя працуюць, а дзеці вучацца.

/i/content/pi/cult/109/129/st26_2.jpg— Лепей бы вы ўвечары да нас завіталі, — з лёгкай скрухай кажа мастацкі кіраўнік Дома культуры Сяргей Герац, які часова выконвае абавязкі яго дырэктара.  — Тады ў нас тут такое жыццё віруе… Людзей вельмі шмат прыходзіць, асабліва маладога пакалення. І бацькі могуць быць упэўненымі— іх дзеці не сноўдаюцца немаведама дзе, а занятыя карыснай справай. Хто мае добрыя музычныя здольнасці, займаецца ў вакальнай групе, хто больш схільны да тэатра, трапляе ў драматычныя гурткі. Вось ужо амаль 16 гадоў іх вядзе ў Доме культуры Ірына Чайко. За гэты час ажно чатыры пакаленні яе вучняў паспелі стаць дарослымі. І некаторыя з іх ужо прыводзяць на заняткі сваіх дзетак.

Наведвальнікі харэаграфічнага гуртка становяцца зоркамі дыскатэк і вячорак. А людзі “несцэнічныя” — ці, прынамсі, тыя, хто такімі сябе лічыць, — могуць знайсці сябе ў выяўленчым або дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве. Балазе, кароткая экскурсія па невялікім, але ўтульным ДК засведчыла, што ўсе належныя ўмовы дзеля гэтага створаныя. Важны складнік канцэпцыі аграгарадкоў — па магчымасці вызваліць сялян ад цяжару звыклых для іх здавён гаспадарчых клопатаў ад відна да цямна. Адпаведна, у людзей з’яўляецца болей вольнага часу. І яны становяцца больш вынаходлівымі і патрабавальнымі да спосабаў яго баўлення. Клубы, куды ў непагадзь можна патрапіць хіба ў гумовых ботах, здаюцца ім цяпер “маральна састарэлымі”. Асфальтаваныя сцяжынкі, прыгожыя ліхтары і ўсе іншыя ўбачаныя ля Навасёлкаўскага ДК прыкметы цывілізацыі робяцца адным з чыннікаў эфектыўнай працы такой установы культуры.

Раней більярд лічыўся забавай чыста гарадской, і пра тое, каб прывіць яе ў сельскім ДК, мусіць, ніхто і не задумваўся. Цяпер жа і прывіваць не трэба. Більярдны стол, які неўзабаве з’явіцца ў Навасёлкаўскім Доме культуры, будзе выглядаць у яго сценах цалкам арганічна. Бо гэта не беспрычынны шык, а натуральная патрэба жыхароў вёскі.

/i/content/pi/cult/109/129/st26_3.jpg— Ініцыятыва, уласна, знізу паходзіць, — распавядае Сяргей Герац. — Да мяне часта такія прапановы паступалі ад вяскоўцаў. І гэта натуральна — мужчына сталага веку на дыскатэку ўжо не пойдзе, а пасля працы яму таксама не хочацца дома сядзець. Значыць, такой публіцы трэба знайсці занятак па душы. Добрым падарункам усім вяскоўцам да Новага года сталі два камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, якія прывезлі ў ДК літаральна 30 снежня. Магчымасць выпрабаваць іх на практыцы надарылася адразу — навагодняя вечарына сабрала процьму народа і трывала цэлую ноч. Зрэшты, у аграгарадку ўсе святы прынята адзначаць разам — натуральна, у сценах ДК.

— Думаю, работу Дома культуры можна ацаніць хаця б па такім крытэрыі, — кажа Ірына Чайко. — Актавая зала ў нас не такая і маленькая, але падчас канцэртаў, якіх тут праходзіць пад тры дзесяткі штогод, яна літаральна ломіцца ад публікі. Нашы людзі не стамляюцца нас слухаць.

Вядома, людзям сталага веку выбрацца ў клуб можа быць і цяжкавата— асабліва калі яны жывуць не ў Кабылаўцы, а ў прылеглых вёсках, якія таксама ўваходзяць у зону абслугоўвання. Таму, карыстаючыся вядомай прымаўкай пра гару і Магамета, работнікі ДК стараюцца наведваць іх дома. Гэтаксама, дарэчы,
робіць і мясцовая бібліятэкарка Галіна Блеянюк — не таму, што мае такі абавязак, а праз уласную руплівасць. Хаця пасядзець ва ўпрыгожанай зелянінай чытальні, размешчанай, паводле завядзёнкі, пад адным дахам з ДК, — адно задавальненне. Тым болей, пагартаць там можна не толькі кніжку альбо падшыўку,
але і Інтэрнет-старонкі. Па словах Г.Блеянюк гэтыя новыя віды бібліятэчных паслуг маюць сярод жыхароў аграгарадка вялікі попыт.

У хуткім часе глядзець канцэрты ў зале ДК будзе яшчэ ўтульней — пасля таго, як там з’явяцца новыя мяккія крэслы. Бо старыя да цяперашняй раскошы ўжо неяк не пасуюць. Што да саміх канцэртаў... Іх праграму творчыя сілы ДК ствараюць разам, у супрацоўніцтве. І таму яна зазвычай даволі разнастайная. Тэатральныя мініяцюры чаргуюцца з песнямі ў выкананні ўдзельнікаў вакальнай групы, якім спадарожнічаюць харэаграфічныя нумары. Такі сінтэз здатны спараджаць тыя мастацкія формы, якія,
пагадзіцеся, для клубнай работы выглядаюць сапраўдным наватарствам.

— Вельмі даўно, толькі пачынаючы працаваць тут, я паставіла дзіцячы спектакль “Дзень нараджэння”, — распавядае Ірына Пятроўна. — І вось, сёлета мы плануем пераўтварыць яго ў “дарослы” мюзікл. Усе нашы акцёры цудоўна спяваюць, і таму задума гэтая, мяркую, будзе нам па сілах. Тым болей, і наша знакамітая вакальная група дапаможа. Сама вакальная група і сапраўды вядомая не толькі ў Кабылаўцы ды навакольных вёсках. Спевакі са сваімі канцэртамі аб’ездзілі ўжо ці не ўвесь раён, ды нярэдка і за ягоныя межы выбіраюцца.

— У аддзеле культуры ведаюць, што мы лёгкія на пад’ём, — кажа Сяргей Герац, які з’яўляецца кіраўніком групы. — Простыя жыхары іншых вёсак просяць, каб мы прыехалі і, так бы мовіць, трохі разнастаілі іх культурнае жыццё. Збіраемся — і ў дарогу! Рэпертуар у нас вельмі вялікі — кожны спявак мае ў сваім багажы па 20-30 песень. Таму праграму можна мяняць у залежнасці ад абставін. Бачым, што ў зале пераважна публіка сталага веку — робім акцэнт на рэтра і народных песнях. А для моладзі ў нас ёсць багата эстрадных нумароў. Паказваць адную і тую праграму па некалькі разоў на дзень радасці мала, таму мы і складаем на кожны выступ новую — часам літаральна ў аўтобусе.

Сярод спевакоў ёсць студэнты, што прыязджаюць у Кабылаўку толькі на выхадныя, а таксама жыхары суседніх вёсак. Вядома, займацца актыўнай гастрольнай дзейнасцю ім не надта проста, аднак яны выкройваюць для гэтага час. Тым болей, цяпер гаспадарка мае магчымасць дапамагчы групе добрым транспартам — у той час як раней выязджаць даводзілася на адкрытай машыне.

— Думаю, самую важную ацэнку дзейнасці нашага ДК могуць даць самі жыхары аграгарадка, — падсумоўваючы свае расповеды, адзначыла Ірына Пятроўна.— Выйдзіце на вуліцу, спыніце першага-стрэчнага і спытайце, ці падабаецца яму тут. Уласна, так мы і зрабілі, запыніўшы на прыгожай і добраўпарадкаванай вуліцы аграгарадка двух шкаляроў. Тыя і сапраўды паведамілі, што з ахвотай наведваюць у ДК заняткі па выяўленчым мастацтве.