Каб “Ваў!” паўтаралася…

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ, журналіст, выкладчык, літаратуразнаўца, ініцыятар праекта “Чытаем сваё. Класіка”
Я бачу праблему: зараз дзеці не шмат чытаюць беларускага, не шмат чытаюць класічнага.

/i/content/pi/cult/580/12899/5-4.jpgМоладзь не разумее тых ключоў, якія натуральныя для пакалення, узгадаванага на вядомых усім літаратурных творах. Дзеці не разумеюць нас, не разумеюць свайго нацыянальнага падмурку.

Наша найпершая мэта — рыхтаваць сапраўдных чытачоў. “Чытаем сваё. Класіка” два гады таму мы задумалі з малодшым навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Петруся Броўкі Таццянай Ткачовай. Разумею, што наш праект — кропля ў моры! Мы не перавернем ім свет, але вельмі хочацца, каб падобных імпрэз было шмат і не толькі ў сталіцы. Як кажа паэт і перакладчык Міхась Скобла, жатва багатая, ды жняцоў не стае…

Добра памятаю сваё адчуванне ад беларускай літаратуры ў школьныя гады: сумна, маркотна, усё пра лапці і гаротны лёс… Я — настаўнік рускай мовы і літаратуры, але часам даводзіцца замяняць настаўнікаў-беларусазнаўцаў. Са шкадаваннем зазначаю ў сённяшніх школьнікаў журботна знаёмыя эмоцыі… Я прыходжу ў той самы клас, дзе вяла свой прадмет, толькі вочы маіх вучняў ужо ў тумане, бо ім сумна ад кніг нацыянальных аўтараў. Здаецца, і праграма па айчыннай літаратуры добра складзеная… Я імкнуся зразумець прычыны гэтай з’явы.

Верагодна, тое пачынаецца з нейкіх першых крокаў. Таму нам з Таццянай захацелася паспрабаваць зрабіць кожную сустрэчу з іскрай цікавасці да пісьменніка. Падобных размоў не так шмат — раз на месяц. Сваёй асноўнай аўдыторыяй мы бачым школьнікаў, студэнтаў — маладых людзей, у якіх яшчэ ёсць час і жаданне чытаць. Зараз мы адкрытыя для ўсіх. Радуюся, што склалася і кола наведвальнікаў сталага веку: яны прыходзяць, бо ім цікава, пасля шмат з намі размаўляюць. Я ведаю іх пайменна, нярэдка ў час гутаркі адрасую пытанні ім.

Кожны раз шукаем адметных спецыяльных гасцей. Звяртаемся да кампетэнтных людзей, якіх мне самой было б цікава распытаць. Калі размаўлялі пра Уладзіміра Караткевіча, то запрашалі даследчыка яго жыцця і творчасці Дзяніса Марціновіча. Падчас размовы пра Купалу хацелася пачуць названыя ў творах Песняра інструменты, таму паклікалі Яраша Малішэўскага, які чароўна грае на ліры.

Пасля яскравых абмеркаванняў вельмі хочацца, каб тыя, хто прысутнічаў у зале, кінуліся шукаць кнігі героя падзеі. Што да мяне, дык я сапраўды бягу чытаць! Аднак не ведаю, як гэта адбываецца ў іншых, бо, на жаль, другі раз многіх не бачым… Адчуваю: нам не стае зваротнай сувязі.

Была ў нас сустрэча па Быкаву. Па заканчэнні да мяне падыйшлі дзве дзяўчынкі. А я, як настаўнік, ведаю, што ўрок атрымаўся тады, калі да цябе звярнуліся на перапынку. І вось тыя дзяўчынкі з хваляваннем зазначаюць: “Ваў! Мы не думалі, што Быкаў такі! Калі да вас прыйсці яшчэ?” Шкада, але праз месяц я іх не пабачыла… Зразумела, гэта ж дзеці, іх трэба трымаць, а на такія мерапрыемствы іх мусяць натхняць настаўнікі. Пакуль мы не дасягнулі мэты. Неяк не атрымліваецца захапіць дзяцей і зрабіць з іх беларускаарыентаваных чытачоў. Таму ўжо зараз разумеем, што напэўна трэці сезон будзем рабіць па-іншаму. Марым ажыццявіць такую сістэму: выбраць тры-чатыры класы і працаваць ужо з імі ўвесь год. Мне вельмі хочацца працягу размовы. Так прасцей пабачыць, ці не марныя нашы запал і дзейнасць.

Фота са старонкі Ганны Севярынец у Facebook

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"