Cялянскі “праект” і “выцінка”

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Васіль ГРЫНЬ, дырэктар турыстычнай фірмы, удзельнік дуэта “Старое сяло”
Не сказаў бы, што з правядзеннем у нашай глыбінцы фестываляў з нацыянальнай афарбоўкай, традыцыйных святаў і абрадаў усё ідзе добра, багата ды класна. Але саграшыў бы супраць ісціны, сцвярджаючы, што ўсё дрэнна і ніяк.

/i/content/pi/cult/580/12898/5-2.jpgЗ дзясятак гадоў таму, прыязджаючы своеасаблівай этнаграфічнай экспедыцыяй на Тураўшчыну, мы, не маючы кантактаў, з налёту не маглі знайсці нікога з носьбітаў аўтэнтычнага спеву. Падышлі да аднаго з тамтэйшых дамоў культуры: дзень працоўны, установа закрытая. Усё ж такі адшукалі дырэктара — ва ўласнай цяпліцы. Пытаем: “Дзе, хто?” — “А няма іх, памерлі старыя” — “Можа, у вас засталіся нейкія матэрыялы?” — “Якія матэрыялы? Мне канцэрт да 7 лістапада трэба рабіць, да дыскатэкі рыхтавацца…” Вось такое было, у асноўным, стаўленне да свайго роднага фальклору.

Цяпер сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Дзяржаўныя органы, вядома, працэсам кіруюць, але ініцыятыва збольшага ідзе ад людзей, якія жывуць на дадзенай тэрыторыі, што радуе. У іх — ва ўнуках ды ўнучках тых памерлых старых — прачнуўся голад па культурнай спадчыне сваёй краіны. Прычым, хутчэй, па культурнай, чым па гістарычнай. Іх цікавіць, скажам, не Вялікае Княства Літоўскае наогул, а рэчы канкрэтныя — хто яны самі, адкуль, на якой мове размаўляюць, якія песні ды абрады перадалі ім продкі? Беларусы — гэта нацыянальны сялянскi “праект”, мы ўсе выйшлі з той культуры, каго ні вазьмі з класікаў літаратуры, дык амаль усе яны з глыбінкі. На жаль, такая “падпорка” з кожным годам абсыпаецца з прычыны фізічнага сыходу людзей — бабулек ды дзядуляў.

Нельга сказаць, каб гэта мінулае ў Савецкім Саюзе альбо суверэннай Беларусі не спрабавалі ды не спрабуюць захаваць: нашы архівы ды фонды ўтрымліваюць вялізныя аб’ёмы інфармацыі, здабытай экспедыцыямі этнографаў. Але справа ў тым, што, напрыклад, пры савецкай уладзе пасля таго, як звесткі перадаваліся ў адпаведныя навуковыя ўстановы, яе там сартавалі пэўным чынам: тое пасуе беларускай культуры, іншае — не. І ў такім выглядзе фальклор “спускаўся” ў дзіцячыя садкі, школы, інстытуты, клубы. Тыя, хто нёс гэтую “выцінку” ў масы — настаўнікі ды работнікі культуры, сапраўдныя, якія памяталi традыцыі, што слухалi ў вёсках, адкуль яны родам, песні бабуль, станавіліся закладнікамі сістэмы.

Ад гэтай абыякавасці да сваіх каранёў ва ўсёй іх разнастайнасці беларусы цяпер вызваляюцца. Шляхам і далучэння да невялікіх фэстаў ды святаў народнай культуры. Я сам уключаны ў рух — у фальклорны перш за ўсё, у народную культуру не перапрацаваную, а ў сапраўдную, у яе разнастайнасць, у дыялекты. Ганаруся, што маю дачыненне да фестывалю “Юр’евска гостына” Ніны ды Пятра Главацкіх у Кобрынскім раёне. Ён папулярызуе палескія традыцыі. Адзначу фестываль “Палескія сустрэчы” ў Любані, “Таночак” у аграгарадку “Бездзеж”, у Моталі, акрамя ўжо раскручанага кулінарнага фэсту “Мотальскiя прысмакi” яшчэ нешта з’яўляецца. Ужо даруйце за “рэкламу” палескага краю, ды люблю я яго. Так што на лакальнае фестывальнае жыццё, на яго развіццё я гляджу з аптымізмам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"