Культурны максімум: “танчым” па факце

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Што ні кажы, а статыстыка — рэч цікавая. Для мяне гэта аксіёма, асабліва пасля азнаямлення з даведнікам “Беларусь у лічбах”, які нядаўна з’явіўся на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны. Многія лічбы, паказчыкі і дыяграмы з названага выдання так ці іначай закранаюць сферу культуры краіны.

/i/content/pi/cult/580/12895/12.jpgМабыць, кожнаму цікава даведацца, што ў 2000-м годзе колькасць наведвальнікаў музеяў складала 3 мільёны 800 тысяч чалавек, а за 2015-ы — ужо больш за 6 мільёнаў чалавек. Прычым колькасць саміх музейных устаноў за гэты час павялічылася не так значна: са 134 да 157 адзінак. Так што цяпер можна з лічбамі ў руках казаць пра даволі ўдалае выкарыстанне музейшчыкамі свайго крэатыўнага патэнцыялу, паспяховую працу з наведвальнікамі ды ўдалы маркетынг, рэкламу і карысць ад правядзення разнастайных музейных акцый кшталту Дня адчыненых дзвярэй ці Ночы музеяў.

Праўда, за азначаны час, як паведамляецца на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, даволі значна знізілася колькасць карыстальнікаў бібліятэк. Так, калі ў 2000 годзе паслугамі бібліятэк скарысталася прыкладна 4 мільёны 500 тысяч чалавек, дык у 2015 — толькі 3 мільёны 250 тысяч чалавек. Справа тут, мабыць, не толькі ў зніжэнні цікавасці да кнігі, а і ў праведзенай за апошнія гады аптымізацыі сеткі бібліятэчных устаноў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, калі ў 2010 годзе ў Беларусі дзейнічала 3 тысячы 849 публічных бібліятэк, дык у канцы 2015-га — ужо толькі 2 тысячы 893.

Натуральна, аптымізацыя закранула і клубныя ўстановы Беларусі. Праўда, колькасць клубаў скарацілася за пяць гадоў — нагадаю, менавіта ў гэты час аптымізацыя абвяшчалася і ажыццяўлялася — не так значна, як колькасць тых жа бібліятэк: з 3 тысяч 695 да 2 тысяч 937 адзінак.

Таксама за апошнія гады значна знізіліся паказчыкі наведвальнасці кінатэатраў. Скажам, калі ў 2010-м у кінавідовішчныя ўстановы прыйшло 9 мільёнаў 441 тысяча чалавек, дык летась зарэгістраваны мінімальны паказчык у 8 мільёнаў 125 тысяч чалавек. Зразумела, што дадзеная тэндэнцыя адлюстроўвае сітуацыю, калі з дапамогай Інтэрнэту прэм’еру таго ці іншага фільма (хай сабе і ў нізкай якасці) глядзяць на сваім дамашнім камп’ютары, запампаваўшы яе з пірацкіх сайтаў, задоўга да (ці нават замест) экраннага паказу. Да таго ж не варта забывацца, што за апошнія гады ў Мінску і абласных цэнтрах з’явіліся прыватныя кіназалы, якія так або іначай адцягваюць гледачоў з дзяржаўных кінапракатных арганізацый.

Цікавую выбарку Белстат дае і па айчынных цырках, якіх, як вядома, у Беларусі ўсяго два — у Мінску і Гомелі. Яны за апошнія пяць гадоў даволі няблага нарасцілі колькасць наведвальнікаў сваіх мерапрыемстваў, асабліва ў сталіцы. Напрыклад, калі ў Белдзяржцырк у 2011 годзе завіталі на прадстаўленні 386 тысяч чалавек, дык у 2015-м — ужо 426 тысяч. Але пік гледачоў прыйшоўся на 2013-ы: больш за 461 тысячу наведвальнікаў.

З таго ж зборніка “Беларусь у лічбах” можна даведацца, што летась самымі папулярнымі ў Беларусі былі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балету Рэспублікі Беларусь (амаль 245 тысяч наведвальнікаў за год), Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (144 тысячы наведвальнікаў) ды Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага (81 тысяча наведвальнікаў). Сярод музеяў лідарамі з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (больш за 550 тысяч наведванняў за год), Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (416 тысяч наведванняў) ды Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (амаль 408 тысяч наведванняў).

У зборніку прадстаўлены даныя і па наведвальнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Так, за мінулы год галоўную “кніжніцу” краіны наведала 82 тысячы 300 чалавек, а бібліятэчны фонд склаў прыкладна 9 мільёнаў 500 тысяч экзэмпляраў. Праўда, выдача кніг і часопісаў у Нацыяналцы за апошнія гады крыху зменшылася, магчыма, за кошт укаранення найноўшых камп’ютарных тэхналогій, якія дазваляюць чытачам выкарыстоўваць усё больш матэрыялаў установы праз Сеціва ці наяўныя платныя ці бясплатныя карпаратыўныя сеткі…

І апошняе. Як вынікае з тых жа статыстычных даных, за апошнія гады ўзровень спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак у Беларусі значна не змяніўся. Так, беларусы аддаюць прыкладна 40 % сваіх даходаў на прадукты харчавання, 2 % — на паслугі транспарту, 1,5 % — на паслугі ўстаноў аховы здароўя і недзе 5,4 — 5,7 % — на культуру, адпачынак і спорт.

Апошні паказчык — тая сума, на якую рэальна могуць прэтэндаваць культработнікі (як, натуральна, і спартыўныя ды турыстычныя арганізацыі). Скажам, калі ў месяц сярэднестатыстычны жыхар Беларусі летась атрымліваў прыкладна 6 мільёнаў 700 тысяч, дык 5,4 — 5,7 % ад гэтай сумы — гэта 360 — 380 тысяч рублёў. Менавіта на гэтыя тысячы беларусы штомесяц наведваюць музеі, клубы, бібліятэкі, канцэрты і тэатральныя пастаноўкі, а таксама адкладаюць грошы на адпачынак ці на прагляд хакейнага ці футбольнага матча, што называецца, “жыўцом”. Зразумела, сума гэтая — цалкам умоўная: на яе, скажам, можна хадзіць штотыдзень на выстаўкі ці адразу аддаць за адзін канцэрт заезджай “зоркі” і больш не завітваць ва ўстановы культуры месяц ці нават два — тры, або набыць тую ж турыстычную пуцёўку, назбіраўшы патрэбную суму за цэлы год.

Гаворка тут пра іншае: названыя амаль 400 тысяч у месяц — той максімум, якім гатовы ахвяраваць беларусы за культурныя (а таксама, не забудзем, спартыўныя і турыстычныя!) паслугі. Ад гэтага “лічбавага” факту, на мой погляд, і трэба сёння “танцаваць” усім, хто працуе ў сферы культуры краіны і плануе атрымліваць тыя ці іншыя пазабюджэтныя даходы ад сваёй дзейнасці, выстаўляючы кошт білетаў на свае мерапрыемствы, уводзячы плату на бібліятэчныя, клубныя ці музейныя паслугі і гэтак далей. І хто цяпер скажа, што статыстыка — рэч нецікавая? Думаю, не памылюся, калі скажу, што праведзеныя факты, дыяграмы і табліцы пераканаюць у адваротным любога скептыка, нягледзячы на тое, ці працуе ён у абласным музеі, ці з’яўляецца супрацоўнікам сельскага дома культуры або бібліятэкі аграгарадка...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"