Правілы правільнага дыхання

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Аляксандр ВЕРГУНОЎ, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Амплуа за акцёрам замацоўваюць гледачы. Яны ствараюць яго ўнутры сябе.

/i/content/pi/cult/583/12892/5-1.jpgЗгадайце Анатоля Папанава, які для многіх перш-наперш асацыіруецца з дзіўнаватымі персанажамі камедый Гайдая накшталт таго, героя, што прамаўляў: “Цябе пасодзюць, а ты не крадзі!” Пры гэтым ён так граў Сярпіліна ў фільме “Жывыя і мёртвыя”, што і людзі рыдалі разам з ім, а пасля стоячы апладзіравалі ў кінатэатры. Ці Армэн Джыгарханян — не ўсе ведаюць, што ён грае найсур’ёзныя вялікія работы на “разрыў аорты”. Сёння ён Сакрат, а заўтра распавядае армянскія анекдоты ў FM-эфіры...

Я сам люблю ўсмешку, жарт і вясёлую гісторыю, бо гэта заўсёды радасна. Але і складаныя шматслойныя працы мяне не абмінулі. Усё пачалося ў сталічным тэатры лялек, яшчэ на золку маёй акцёрскай дзейнасці. Многія і да гэтага памятаюць вобраз Смерці ў пастаноўцы “Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты”, Івана з шукшынскай аповесці “Да трэціх пеўняў” і іншыя. А ўдзел у легендарным спектаклі Аляксея Ляляўскага “Майстар і Маргарыта” дапамог дакрануцца як да смешнага, так да вельмі балючага, шырокага і разнапланавага ў акцёрскай палітры.

Ведаеце, смех — сур’ёзная і глыбокая справа. Як мне падаецца, калі людзі смяюцца, то вызваляюцца ад многіх заганаў, дадаюць сабе гады жыцця. Па меркаванні таго ж Мікалая Гогаля, смех — самая жорсткая, бязлітасная зброя. Бо менавіта гумарам можна як узняць чалавека, так і забіць. Таму ім і патрэбна абыходзіцца акуратна і тактычна.

Прыйшоўшы ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, я працягваю займацца рознымі жанрамі. Напрыклад, дарагога каштуе граць генерала Чарноту ў спектаклі “Бег” паводле Булгакава. Ці ў спектаклі “Пані Каханку” стварыць вобраз Мацея Радзівіла. З першага погляду той падаецца блазнам, а ты паступова раскрываеш перад залай унутранае багацце князя, паказваеш, як ён змагаўся за незалежнасць радзімы!

Жыццё такое шматграннае, і творчыя людзі павінны як мага шырэй убіраць яго ў сябе, каб не зацыкліцца на нечым адным! Прынамсі, у свой час я скончыў Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве і да гэтай пары працягваю займацца дакументалістыкай. Цяпер разам з мастацкім кіраўніком Горкаўскага тэатра Сяргеем Кавальчыкам, кінааператарам Уладзімірам Каспяровічам і кіраўніком фонду “Экасвет” Фёдарам Аўсейчыкам я раблю дакументальныя стужкі на тэмы, якія ўзялі нас за душу. Напрыклад, не можа не крануць гісторыя палескіх балот. Гэта фенаменальная прыродная з’ява: адзінае на нашым кантыненце месца (і адно з двух на ўвесь зямны шар), дзе перакрыжоўваюцца ўсе міграцыйныя шляхі птушак свету, ствараючы ўнікальную экасістэму! Наша каманда гаворыць з экрана пра тое, што баліць нам і міма чаго большасць людзей прабягае, не звяртаючы ўвагу… Адкрыю невялікую таямніцу: зараз мы прыступілі да цыклу фільмаў пра знакавых людзей Беларусі.

Паўтаруся, мазаць акцёра адной фарбай ніяк нельга. Я да гэтага часу не магу спакойна адносіцца да гісторыі, калі мне не дазволілі агучыць уласны дакументальнымі фільм пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Чалавек далёкі ад мастацтва можа сказаць: “А мне падабаецца Вергуноў толькі такім, і хай ён не будзе іншым”. Аднак чыноўнік, звязаны з культурай і мастацтвам павінен разумець, што прафесія акцёра значна шырэйшая за амплуа, тут нельга спасылацца на свае асабістыя меркаванні. Мне ж адмовілі, спаслаўшыся на тое, што Вергуноў — гумарыст, а тут сур’ёзны фільм. Хтосьці потым запытаў, ці змяніўся б вердыкт, каб не было вядома прозвішча таго, хто гаворыць за кадрам. “Гэта ж іншая справа!” — пачулі ў адказ… Дык вось, людзі, калі на клетцы з буйвалам пазначана “Леў”, не верце вачам сваім!

Днямі я адзначыў 60-годдзе. Аднак не гадаю, як там далей складзецца, не думаю пра будучыню. Я прывык жыць цяперашнім, баюся прапусціць кожную хвіліну новага дня. Як станецца надалей? Упэўнены, павінна скласціся добра. Бо калі будзе атрымлівацца дрэнна — выправім! А для гэтага, як сказаў адзін мудры чалавек, трэба навучыцца правільна дыхаць: удыхаць шчасце і выдыхаць дабро.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"