“Увайдзіце ў становішча…”

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Пра тое, што не давялося, ды хацелася пабачыць
Нямала копій было зламана на пытанні, якім чынам зрабіць нацыянальны турпрадукт канкурэнтаздольным. Раз-пораз узнікаюць гарачыя спрэчкі, як наладзіць уязны турызм, як айчынным аматарам замежных славутасцяў раскрыць вочы на родныя замкі, палацы і іншыя гістарычныя цікавосткі. А пакуль магчымыя шляхі развіцця галіны абмяркоўваюцца, на месцах ад турызму ўнутранага часам адахвочваюць тых турыстаў, хто ўжо сёння гатовы далучыцца да нацыянальнай спадчыны…

І напачатку артыкула — ліст нашай чытачкі.

“З іменем першай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай звязаны не адзін помнік нацыянальнай культуры. Праўда, некаторыя рэчы, скажам так, цяжка даступныя для звычайных турыстаў.

У маім выпадку так сталася з келляй і копіяй Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рэліквію можна пабачыць толькі ў нядзелю да 12-й гадзіны. Прычым да яго можна толькі прыхіліцца, а паглядзець чамусьці нельга. У келлю, дзе жыла Еўфрасіння Полацкая, можна патрапіць толькі па загадзя замоўленай у манастыры экскурсіі. Скажам, гады тры таму спецыяльна ехала ў Полацк, каб на свае вочы пабачыць ювелірны цуд. Зайшла на тэрыторыю манастыра, затым — у царкву, усё зрабіла, як мае быць у такіх месцах, прапусціла наперад натоўп экскурсантаў, а калі нарэшце ўсе разышліся, падышла да Крыжа. З першага позірку зразумела, што фотаздымкі не перадаюць той прыгажосці, велічы і ззяння! І толькі я сабралася разгледзець Крыж, як манашка, якая стаяла побач, стала праціраць шкло над ім, даючы зразумець, каб я ішла далей. Падумала, што прыйшла чарговая экскурсія, але — нідзе нікога. Стаю, чакаю, пакуль манахіня нарэшце пратрэ шкло. Паспрабавала з ёй загаварыць, штосьці спытала пра Крыж, у адказ жа пачула нешта няўцямнае. А тут і экскурсанты новыя падаспелі. Пасля таго, як яны сышлі, падышла да Крыжа яшчэ раз — вынік той жа.

У келлю Ефрасінні Полацкай не пусцілі зусім — туды можна трапіць толькі разам з экскурсаводам манастыра. Са мной тады быў дзесяцігадовы пляменнік, які па маіх расповедах добра ведаў, хто такая прападобная Ефрасіння, чым яна займалася, як жыла. Яму цікава даведвацца пра жыццё вялікіх, але ў сілу ўзросту складана праслухаць сухія энцыклапедычныя звесткі, чым грашыць большасць экскурсійных праграм. Я ведала, што ён стоміцца ад экскурсавода, а пастаяўшы ў натоўпе, яму будзе не да келлі. Так мы з ім і сышлі, амаль нічога не пабачыўшы. А менавіта ў такім узросце ў дзяцей закладваецца падмурак самасвядомасці, гонару за Айчыну, за людзей, што тут жылі! На жаль, у памяці майго пляменніка засталіся толькі словы, не падмацаваныя ўбачаным. Ці надоўга яны там замацуюцца? Упэўнена, мой выпадак — не адзіны. Кожны тыдзень адтуль з’язджаюць многія дзясяткі беларусаў, якія таксама не трапілі, не ўбачылі, а значыць і не заганарыліся сваім, родным...

Мінулай восенню разам з экскурсіяй адной з турыстычных фірм Мінска чарговы раз наведала Полацк. Адным з прыпынкаў быў, зразумела, і знакаміты Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Масавы турыстычны сезон ужо скончыўся, і наша група вельмі кідалася ў вочы. Ледзь згуртаваліся ля экскурсавода, як да нас падбег ахоўнік і сказаў, што староннім людзям тут нельга праводзіць экскурсіі, яе трэба замовіць у манастыры. Аднак Полацк у цэлым і манастыр у прыватнасці не былі галоўнай мэтай нашай вандроўкі. Мы былі тут праездам, таму нам бракавала часу слухаць гадзінную экскурсію. Давялося даводзіць ахоўніку, што мы толькі паглядзім, пагаворым тут хвілін пяць і пойдзем. Тлумачэнні вартаўніка відавочна не задаволілі, але яму прыйшлося крыху саступіць. Дарэчы, Спаса-Праабражээнская царква была тады зачынена, і ўжо ў аўтобусе мы слухалі пра ўнутранае ўбранне храма, пра фрэскі ХІІ стагоддзя, пра ўсё той жа Крыж, які палова экскурсантаў ніколі не бачыла. Хоць і прыгожа, натхнёна распавядаў экскурсавод, але, як кажуць, лепш адзін раз пабачыць…

Дарэчы, тая ж самая гісторыя з намі здарылася і пры спробе наведаць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У сам будынак ісці не збіраліся (хоць там ёсць на што паглядзець — усё ж такі збудаванне XVI стагоддзя), але нас не пусцілі нават на тэрыторыю. “Сфатаграфуйцеся побач са скульптурай студэнта і ідзіце”, — пачулі мы ад адной з супрацоўніц установы адукацыі.

Зразумела, царква — не музей, а святы Крыж — не экспанат. Ды і манастыру трэба за штосьці жыць, а экскурсіі ў сезон прыносяць сталы прыбытак. Але няўжо нельга прыдумаць нейкі спосаб, каб кожны вандроўнік пабачыў тое, што хацеў, а гаспадары цікавостак не засталіся ў накладзе?.. Агульную спадчыну трэба выстаўляць, распавядаць пра яе, піярыць, урэшце, каб нашы здабыткі, гісторыя, культура, традыцыі заўсёды былі на слыху ў дзяцей і дарослых!

Затое падчас апошняй экскурсіі мы патрапілі ў дом Рыгора Барадуліна ва Ушачах, дзе пісьменнік жыў, працаваў, адпачываў. Яго яшчэ не зрабілі музеем, не навялі бляск, не павесілі шыльдачкі “Рукамі не кранаць!” Там усё так, як было пры жыцці пісьменніка: крэслы, ложак, посуд, фотаздымкі. На другім паверсе — кабінет Барадуліна, яго асабістыя рэчы, статуэткі, малюнкі, кнігі, вопратка. Быццам гаспадар выйшаў кудысьці і хутка вернецца. Як мы трапілі ў дом пісьменніка? Жонка Рыгора Іванавіча добра ведала нашага экскурсавода і даверыла яму ключы ад дома, каб ён завёў туды натоўп незнаёмых ні яму, ні ёй людзей. Але гэта і ёсць сапраўдная папулярызацыя і пісьменніка, і яго творчасці, і беларускай культуры!

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ

Мінск”

Гэты ліст ажывіў у памяці экскурсіі па Беларусі і замежжы, дзе мне давялося пабываць, і… мноства выпадкаў, калі пазначаныя ў турыстычным даведніку культурныя каштоўнасці так і не давялося пабачыць. Прычыны заўсёды розныя: ці патрапілі на шыльдачку “Вывезена на выстаўку” альбо “Узята на рэстаўрацыю”, ці маленькія музеі ў рэгіёнах аздабляюць аб’явай “Пайшла на абед”, ці то даведваешся пра спецмерапрыемствы ў дадзенай зале, а можа, і пра пазапланавы санітарны дзень…

У гэтых выпадках экскурсаводы стандартна разводзяць рукамі: “Што зробіш? Увайдзіце ў становішча!” І большасць турыстаў “уваходзяць у становішча”, скардзячыся пра непабачанае толькі знаёмым. Нездарма на маё пытанне, ці даходзілі да аператараў пытанні такога кшталту пасля экскурсій унутры краіны, начальнік аддзела выязнога і ўнутранага турызму айчыннага тураператара “Белінтурыст” Маргарыта Раковіч упэўнена адказала: “Не”. “За час маёй працы ў турбізнесе відавочных праблем не было. Ніхто не прыходзіў і не заяўляў, што яго не пусцілі паглядзець на нейкую гістарычную каштоўнасць”, — дадала яна. Супрацоўнікі адзела, якія непасрэдна кантактуюць з падарожнікамі, таксама не прыгадалі выпадку, падобнага да апісанага ў лісце.

Сапраўды, турыст гатовы адстойваць сваё права на годны транспарт, адпаведныя каталогу ўмовы пражывання, але якасць экскурсій, насычанасць і дакладнасць інфармацыі (з чым таксама нярэдка бываюць праблемы нават у ліцэнзаваных экскурсаводаў) па факце застаецца на сумленні арганізатараў маршруту. Чалавек, які абірае тую ці іншую паездку, часцяком грае у рулетку: пашчасціць з экскурсаводам ці не, пабачыць ён заяўленыя рарытэты альбо чарговы раз давядзецца “ўваходзіць у становішча”…

Магчыма, некаторыя праблемы ўзнікаюць з-за недастаткова шырока пададзенай інфармацыі. Прынамсі, у экскурсійным бюро полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра мне распавялі, што ўсе аб’екты адкрыты для турыстаў і кожны з іх можна наведваць як у складзе экскурсіі, так і ў індывідуальным парадку, і разглядаць неабмежаваны тэрмін. Неабходна улічваць толькі адну рэч. “Келля і Крыж Ефрасінні Полацкай знаходзяцца на тэрыторыі манастыра, а гэта крыху іншая ўстанова ў адрозненне ад таго ж музея. У манастыры кожная дзейнасць адбываецца з папярэдняга дабраславення матухны-ігуменні, у тым ліку экскурсіі. Калі вы хочаце наведаць, напрыклад, келлю самастойна, то неабходна знайсці ігуменню (якая амаль заўсёды бывае на месцы) і папрасіць на гэта дабраславенне. Даведацца пра такі парадак можна ў манашак, якія назіраюць за келляй. Тое ж тычыцца прыхілення да Крыжа. Мы просім не затрымлівацца, бо ідзе людскі паток і турысты пачнаюць адзін аднаму замінаць. Аднак маючы дабраславенне матухны, можна больш часу правесці ля духоўнага рарытэта”, — растлумачылі мне ў згаданым бюро.

З гэтай жа прычыны манастыр не шануе групы з “чужым” экскурсаводам: яны не замаўлялі дабраслаўлення матухны, таму па манастырскім звычаі не маюць права знаходзіцца ў яго сцянах. Усе недарэчнасці можна вырашыць на месцы, але неабходна ведаць алгарытм дзеянняў. Урэшце, відавочна, што экскурсантам не хапае дакладнай інфармацыі, як паводзіць сябе ў тым ці іншым выпадку.

На сайце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама не адразу знойдзеш звесткі пра магчымасць экскурсійнага наведвання комплексу будынкаў колішняга Полацкага іезуіцкага калегіума. Трэба адкрыць нямала ўкладак, каб зразумець, што шуканы раздзел хаваецца пад гіперспасылкай “Платныя паслугі”. Вось тут ужо і знойдзецца асобная старонка з экскурсіямі па кампусу на любыя густы. За шпацыр працягласцю 15 — 30 — 45 хвілін можна заплаціць ад 7 (ільготны білет на міні-экскурсію “Універсітэцкі дворык”) да 300 тысяч рублёў (за вясельную экскурсію-фотасесію).

Начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю гэтай ВНУ Галіна Палякова запэўніла мяне, што ля ўвахода ва ўніверсітэт месціцца стэнд з гістарычнымі звесткамі і дакладнай інфармацыяй па экскурсійнай праграме. Там жа ёсць тэлефон, па якім усе дэталі можна абмеркаваць з кіраўніком экскурсійнай дзейнасці ВНУ. Такая форма пазабюджэтнай працы актуальная ўжо некалькі гадоў і прыносіць свае “плюсы”. Суразмоўца падкрэсліла, што пытанні могуць узнікнуць толькі ў выхадныя дні, калі ўніверсітэт зачынены і праход на тэрыторыю колішняга калегіума ажыццяўляецца арганізаванымі групамі па папярэдняй дамове. У будні тут чакаюць усіх і гатовыя да супрацоўніцтва. “Мы правядзём турыстаў па ўнутраным дворыку, пакажам музычны гадзіннік з акадэмічным шэсцем, калодзеж XVIII стагоддзя, завядзём у тутэйшую арт-галерэю і нават пачастуем гарачым шакаладам, прыгатаваным па старажытнаму рэцэпту вучонага-вынаходцы Габрыеля Грубера”, — дадала спадарыня Палякова.

Як бачым, абедзве згаданыя “кропкі” прапануюць турыстам вялікую палітру магчымасцяў далучыцца да гісторыі сваёй краіны. А вось варыянты, як данесці тую інфармацыю да вандроўніка, прапрацаваны недастаткова. Будзем спадзявацца, што гэта — пытанне часу. А з кожным годам будзе менш людзей, якія так і не змаглі пабачыць каштоўнасці нашай нацыянальнай спадчыны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"