Дзе жывапіс звонкі!

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Першае імпрэза праекта “Творчая дынастыя. Аракчэевы” да 90-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, кавалера ордэна Францыска Скарыны, педагога Барыса Аракчэева (1926 — 2013) адбылося ў лютым у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава. А ў красавіку выставу “Мастацкія традыцыі: калі прырода твой настаўнік” прымае Крупская мастацкая галерэя імя Барыса Аракчэева ў тамтэйшым Раённым цэнтры культуры.

/i/content/pi/cult/580/12889/13-2.jpgНовы этап праекта ў Літаратурным музеі Янкі Купалы: Аксана Аракчэева і старшы навуковы супрацоўнік Эліна Свірыдовіч падчас мантажу выставы да 90-годдзя Барыса Аракчэева. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

У экспазіцыі — як палотны майстра, так і пленэрныя эцюды навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава. Такое спалучэнне не дзівіць: доўгія гады працы звязвалі Барыса Уладзіміравіча і гэту ўстанову. Ды і сам ён з ліку першых выпускнікоў тады яшчэ Мінскага мастацкага вучылішча. Традыцыі метадалагічных асноў навучання выяўленчаму мастацтву, закладзеныя Аракчэевым, захоўваюць актуальнасць. А сярод вучняў майстра такія знакамітыя імёны, як Уладзімір Кожух, Галіна Конанава, Аляксей Кузьміч. Педагагічны і прафесійны кірунак майстра працягваюць ягоныя дочкі — Алена і Аксана. Як і бацька, яны з адзнакай скончылі “Глебаўку”. Алену вылучае метадалогія, удумлівасць педагога, а Аксану, апрача вядомасці мастачкі, — папулярызацыя творчасці Барыса Аракчэева, арганізацыя выстаў і праектаў.

Палотны на выставе ў Крупках дэманструюць майстэрства Аракчэева-пейзажыста. Многія са сваіх вядомых карцін Барыс Уладзіміравіч стварыў на аснове раней напісаных пленэрных эцюдаў, захоўваючы, падобна да імпрэсіяністаў, непаўторнасць імгнення жыцця ў кожным мазку. Каштоўнымі для разумення творчага метаду жывапісца прадстаўляюць успаміны народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага, сябра Барыса Аракчэева. “Мы, студэнты, былі разам у імкненні прытрымлівацца акадэмічнага метаду рэалізму... Са стараннасцю пісалі акадэмічныя пастаноўкі ў пошуку ўласных творчых прыёмаў пластыкі, кампазіцыі і каларыту. Ужо ў той час Барыс, як верны вучань Віталя Цвіркі, вылучаўся імкненнем да кантраснасці танальных адносін, павышанай колеравай гамы і шырыні пісьма. Фармат палатна для яго нічога не значыў. Ён з поспехам мог на метровым падрамніку размашыста пісаць роўнядзь возера, зацішны куточак сялянскага падворку ці букецік незабудак. І гэтак жа лёгка і свабодна пераходзіў на маленечкія кардонкі і палотны, не пазбягаючы дэталяў, не рэтушуючы і не засушваючы. Заўсёды пластычна, цэльна, звонка”, — з цеплынёй прыгадвае Паплаўскі. На думку мастака, пленэрныя практыкі сфарміравалі і вызначылі стыль, метад, агульную рэалістычную скіраванасць творчасці Аракчэева.

Работы ж навучэнцаў каледжа імя Аляксея Глебава таксама перадаюць сродкамі жывапісу стан прыроды, асвятленне, характар формы і пабудовы прыродных і архітэктурных аб’ектаў. Пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў навучэнцы імкнуліся да пошуку найбольш выразнага кампазіцыйнага і каларыстычнага рашэння, якое б адпавядала іх аўтарскай ідэі. Эцюды, выкананыя ў розных тэхніках і стылях, адлюстроўваюць адметныя асаблівасці ландшафту, дойлідства. Творы юных мастакоў, змешчаныя побач з палотнамі майстра, сведчаць і пра пераемнасць пакаленняў, дзе арганічна спалучаюцца традыцыі, наватарства.

Адметная тэма — Аракчэеў і Крупкі. Мастак, які быў народжаны ў Расіі, назаўсёды палюбіў гэты край, прыроду якога з асаблівай цеплынёй адлюстроўваў у пейзажах. Непадалёк ад Крупак знаходзяцца родныя мясціны яго жонкі Галіны Ягораўны, туды ж на лецішча з сям’ёй прыязджаў майстар. Там ён ствараў непераўзыдзеныя па сваёй шчырасці палотны. Мастацкай жа галэрэі Крупак падчас яе адкрыцця ў 2005-м Барыс Уладзіміравіч падараваў двухмятровае палатно “Генерал Кульнёў і гродзенскія гусары ў бітве пад Клясціцамі. 1812 год” (1992). А ў маі 2009 года падчас адкрыцця выставы “Творчая дынастыя. Аракчэевы” жывапісец перадаў у дар чатыры свае карціны: “Сенакос” (1976), “Брэсцкая крэпасць. 1941 год” (1981 — 1983), “На заданне. Апошні наказ” (1984), “Венера і бэз” (1995). А 2 красавіка мінулага года галерэі было прысвоена імя Барыса Аракчэева. Цяпер у пастаяннай экспазіцыя знаходзяцца трынаццаць палотнаў мастака, кожнае — з гісторыяй.

Ксенія СЯЛІЦКАЯ-ТКАЧОВА, куратар праекта,  культуролаг, мастацтвазнаўца