Калі гурток “закрыты” для…

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

2 красавіка адзначаўся Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму пад эгідай ААН. У Мінску прайшла выстава 12 фотапартрэтаў дзяцей з аўтызмам і дзіцячым цэрэбральным паралічом “Я магу!..”, адбыўся першы прабег з удзелам дзяцей з інваліднасцю і здаровых людзей. А ўвечары таго ж дня беларуская сталіца ўпершыню прыняла ўдзел у сусветнай акцыі “Light It Up Blue” (“Запалі сінім”) — на адзін дзень падсветка спартыўных комплексаў, аб’ектаў грамадскага прызначэння, гандлёвых і бізнес-цэнтраў была сіняй на знак увагі да праблемы аўтызму. Да таго ж, як пісала “К”, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы таксама ладзяць мерапрыемствы з удзелам дзетак-аўтыстаў... Ці паспрыялі такія акцыі пашырэнню звестак пра праблемы дзяцей з аўтызмам у Беларусі? Якім чынам у падобных акцыях могуць паўдзельнічаць работнікі культуры? “К” пагутарыла пра тое са старшынёй Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” Таццянай ЯКАЎЛЕВАЙ.

— Асноўны напрамак нашай працы — прасоўванне ідэй сацыяльнай інклюзіі (уключэння) дзяцей з аўтызмам у рэальнае жыццё. Гэта як інфармацыйна-асветніцкія дабрачынныя акцыі, так і праекты агульнаадукацыйных школ для дзяцей з аўтызмам, навучанне бацькоў і спецыялістаў новым для Беларусі метадам працы з дзецьмі і дарослымі людзьмі з аўтызмам.

— Падсветкі будынкаў сінім, масавыя забегі, выставы… Наколькі названыя акцыі сапраўды маюць розгалас адносна інфармацыі пра праблемы дзяцей з аўтызмам?

— Акцыі робяць, напэўна, самае важнае: узнімаюць дух бацькоў, якія выхоўваюць дзетак з аўтызмам. Сем’і ўсё часцей пачынаюць прыходзіць на мерапрыемствы, а гэта ўжо дасягненне! Прычым не асобнай арганізацыі, а ўсяго грамадства. Акрамя таго, дзякуючы падобным акцыям у Беларусі развіваецца культура дабрачыннасці. А казаць пра праблемы абавязкова трэба, бо грамадству, на мой погляд, неабходныя рэальныя практычныя прыклады. Цягам апошніх пяці гадоў тэма аўтызму ўзнімаецца актыўна дзякуючы, у першую чаргу, бацькоўскай ініцыятыве. Галоўнае ж цяпер, на мой погляд, — шлях да нацыянальнай праграмы развіцця сістэмы дапамогі дзецям і дарослым людзям з аўтызмам, актыўнае ўключэнне дзяржавы ў тэму наогул. Пакуль мы яшчэ толькі рыхтуемся да гэтага, патрэбен час і немалыя сродкі, каб выбудаваць сістэму. Наогул, для нас, як для бацькоўскай ініцыятывы, заўсёды было важным супрацоўніцтва з дзяржаўнай сістэмай. Ужо тры гады, як мы працуем у кірунку інклюзіўнай адукацыі, а сёлета запускаем праект першага інклюзіўнага тэатра — наш першы праект ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнай сістэмай культуры.

— У вас працягваецца супрацоўніцтва з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Наколькі гэтае ўзаемадзеянне, на вашу думку, паспяховае?

— Сфера культуры заўсёды спрыяла. Так, сёння нас звязваюць вельмі цёплыя адносіны з Музеем Янкі Купалы, ужо не аднойчы былі праведзены музейныя сустрэчы для сем’яў, якія выхоўваюць дзетак з аўтызмам. Яшчэ ў гэтай жа ўстанове мы плануем зладзіць праект інклюзіўных экскурсій. У тутэйшых музейшчыкаў цяпер столькі ідэй, што ў нас з’яўляюцца новыя задачы і складанасці для ажыццяўлення планаў. Так, сёння мы шукаем менеджараў праектаў і дадатковыя чалавечыя рэсурсы для рэалізацыі задуманага.

— Ці магчыма вопыт купалаўцаў распаўсюдзіць на ўсе іншыя музеі Беларусі? Альбо гэта праблематычна праз недахоп кваліфікаваных кадраў, праграм, па якіх можна было б займацца з дзецьмі-аўтыстамі, таго, што ва ўстановах культуры, па шчырасці, няшмат увагі надаецца такой катэгорыі дзяцей?

— Усё магчыма, але, найхутчэй, паступова. Важным складнікам усіх мерапрыемстваў з’яўляецца прафесійнае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з аўтызмам, іх падрыхтоўка да мерапрыемстваў і суправаджэнне т’ютарамі (індывідуальнымі настаўнікамі). Без новых тэхналогій, якія толькі прыходзяць да нас у Беларусь, убудаваць дзіця ці падлетка з аўтызмам у агульны калектыў дзяцей і ў цэлым у грамадства немагчыма. Таму вядзецца навучанне спецыялістаў, ладзяцца краўдфандынгавыя кампаніі з гэтай мэтай. Будзе больш спецыялістаў па аўтызме — зможам шмат.

— А наколькі прыстасаваны для дзяцей-аўтыстаў школы, музеі, бібліятэкі, дамы культуры Беларусі? Што трэба зрабіць, каб такія дзеці пачувалі сябе ў гэтых установах свабодна і з ахвотай там займаліся?

— На мой погляд, не варта ў гэтым выпадку казаць толькі пра дзяцей з аўтызмам або з нейкімі іншымі асаблівасцямі. Кожнае дзіця — асаблівае, гэта асоба, якой трэба надаваць належную ўвагу. Разам з тым, большасць гурткоў, а тым больш школ, напрыклад, музычных, мастацкіх, спартыўных для нашых дзетак з асаблівасцямі “закрытыя”. А ўсё мы ведаем таленавітых людзей з аўтызмам за мяжой, таму, на мой погляд, пара пачынаць такія таленты шукаць і ў Беларусі.

— Што ў падобным кірунку маглі б зрабіць музейшчыкі, бібліятэкары, клубнікі?

— З прыкладу нашага ўзаемадзеяння з музеем Янкі Купалы магу сказаць: падобная праца цалкам магчымая, а дзеці з аўтызмам — вельмі ўдзячная катэгорыя маленькіх наведвальнікаў. А рэальныя справы і спагаднасць не толькі бацькоў, але і навакольных людзей мяняе жыццё дзіцяці з аўтызмам у лепшы бок. Наколькі я магу бачыць, сёння мы ўжо выхоўваем новае пакаленне беларусаў, якое зусім інакш ставяцца да дзяцей з аўтызмам, а сфера культуры, як ніякая іншая, можа паспрыяць у гэтым вельмі значна.

Ад рэдакцыі. Паважаныя чытачы, мо вы ведаеце прыклады, калі ў вашым горадзе, раёне ладзіцца сістэмная праца з дзецьмі і дарослымі з аўтызмам ці з абмежаванымі магчымасцямі? Падзяліцеся, калі ласка, з грамадой досведам працы. Глядзіш, з цягам часу наведванне ў айчынных музеях, дамах культуры і дамах рамёстваў, дзіцячых школах мастацтваў для такіх дзетак і дарослых будзе абавязкова-неабходным… Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

 

Тым часам

/i/content/pi/cult/580/12887/12-2.jpg

Музейная тэрапія… і магія

14 красавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыўся інтэрактыўны музейна-педагагічны занятак “Гуканне вясны” для вучняў 1 класа СШ № 187, у якой вучацца дзеці з аўтызмам.

Як распавяла “К” загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы ўстановы культуры Вольга Пархімовіч, названай акцыяй музей распачаў цыкл заняткаў “Побач і разам” для дзяцей з аўтызмам, якія дазваляюць стварыць новую форму ўзаемадзеяння паміж музейнымі супрацоўнікамі і школьнікамі. Так, падчас “Гукання вясны” школьнікі пагарталі беларускі каляндар, пазнаёміліся з гісторыяй назваў месяцаў ды са святамі каляндарна-абрадавага цыклу, паслухалі ўрыўкі з вершаў Янкі Купалы, прысвечаныя порам года. Таксама кожны з наведвальнікаў імпрэзы атрымаў матэрыял для вырабу веснавой птушачкі з паперы — сімвалу вясны — і самастойна яе зрабіў. Не абышлося і без своеасаблівай магічнай дзеі — знішчэння саламянага пудзіла зімы, а таксама абраду “затанцоўвання вясны” ды гульні “Грушка”, якой дзяцей навучыла “багіня” вясны Ляля.

— Мабыць, можна казаць пра ўнікальнасць дадзенага праекта ў Беларусі, — распавяла мне пасля завяршэння імпрэзы Вольга Пархімовіч, — бо сістэмных заняткаў для дзяцей з аўтызмам (а менавіта такія неабходныя пры гэтым дыягназе) раней ва ўстановах культуры не ладзілі. Так, былі толькі асобныя разавыя акцыі, як, напрыклад, арт-праект “Фотааўтызм” (фотавыстаўка Івана Шаўцова ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура), які меў шырокі рэзананс.

Для параўнання супрацоўнік установы культуры прывяла наступны факт: у ЗША каля 30 музейных устаноў працуюць з дзецьмі з аўтызмам.

— Увосень у нас запланавана правесці цыкл заняткаў, — адзначыла візаві. — Такая “музейная тэрапія” дазволіць школьнікам вывучаць прадметы даўніны, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, у гульнёвай форме. Гэта праграма выканае не толькі рэабілітацыйную, але і адукацыйную функцыю, бо музейныя заняткі будуць спрыяць уключэнню дзяцей у працэс узаемнага навучання.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"