База — у 3D і па кропках

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Адбылася прэзентацыя публічнай базы даных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якая дасяжная ў Сеціве. Акрамя ўласна каталогу, публікуюцца артыкулы на тэматыку архітэктурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/583/12882/7-2.jpgАд папулярных рэсурсаў кшталту Globus.tut.by прэзентаваная база даных адрозніваецца наяўнасцю поля для маніторынгу актуальнага стану помнікаў і прафесійнай мадэрацыяй. У камандзе праекту — архітэктары Ірына Лаўроўская і Тамара Матыль, культуролаг Таццяна Мармыш, урбаніст Валерый Фамінскі, краязнаўца Уладзімір Садоўскі. Галоўнае, бадай, што гэта прафесійная база даных будзе дасяжная самым шырокім колам. Каманда праекта запрашае да супрацы — на сайт можна запампоўваць уласныя матэрыялы як аматарам-вандроўнікам, так і прафесійным архітэктарам. Такім чынам спадзяюцца выратаваць ад забыцця праектна-каштарысную дакументацыю розных гадоў, нават калі праекты рэстаўрацыі не былі рэалізаваныя.

У галіне аховы спадчыны прапанаваная на рэсурсе тэхналогія QGIS дазваляе візуалізаваць базу дадзеных, накладаць адна на адну гістарычныя і сучасныя карты, арэалы распаўсюджвання архітэктурных стыляў, помнікаў пэўнага тыпу. Ірына Лаўроўская апавядае, што, наклаўшы з выкарыстаннем названай тэхналогіі на карту Брэста ўсе сінагогі, што там былі, атрымала абрысы мясцовага гета ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падавалася б, гэта вельмі проста, але не адразу здагадаешся, што межы гета калісьці акурат па сінагогах і былі вызначаныя нямецкімі акупантамі. (Ды і па-за сферай аховы спадчыны прастора для выкарыстання тэхналогіі QGIS вельмі шырокая. Скажам, складанне карты злачынстваў, здзейсненых за апошні час на пэўнай тэрыторыі).

Наступным крокам пасля запаўнення базы праектная каманда плануе пошук сродкаў на 3D-сканар, які каштуе каля 40 тысяч долараў. Ён дазваляе з дапамогай накіраванага лазернага пучка стварыць “воблака кропак”, у якім будзе захоўвацца інфармацыя пра помнік архітэктуры — не толькі яго выгляд, але і структуру матэрыялу, з якога той узведзены. Як прыклад выкарыстання 3D-сканара Ірына Лаўроўская прывяла сваю працу з кляштарам бернардынаў у Брэсце. Даследчыца мела гіпотэзу, што ў будынку выкарастаны пабудовы некалькіх перыядаў. Пасля 3D-сканавання фрагментаў сапраўды выявілася: матэрыял розны. У выпадку з руінамі згаданы працэс дазваляе здзяйсняць якасны маніторынг, адсочваць страты. За паўгадзіны можна адсканаваць цэлы будынак. Але чым больш часу вядзецца фіксацыя, тым паўнейшая збярэцца інфармацыя.

Далучыўшыся да абмеркавання, загадчык аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч звярнула ўвагу ўдзельнікаў прэзентацыі на праблему захаванасці даных на серверах. Часта ва ўладальнікаў няма рэсурсаў, каб зрабіць рэзервовую копію (а іх лепш мець, прынамсі, дзве). Да таго ж у Беларусі не інтэграваныя базы даных па архітэктурных, археалагічных, музейных, архіўных, нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, а таксама па прадметах, вывезеных за мяжу.

Для працягу абмеркавання было вырашана неўзабаве сабраць за “круглым сталом” зацікаўленых прадстаўнікоў грамадскасці, органаў улады, журналістаў.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"