Спеўная “Шчаслівасць”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Фрагменты сваёй новай праграмы “Шчаслівасць” на вершы Янкі Купалы прадставіў Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” падчас канцэртнага тура па Магілёўшчыне.

 

Калектыў 24 сакавіка выступіў у Мсціславе, 25 сакавіка — у Горках, 26-га— у Магілёве, 27-га — у Касцюковічах. На шляху ў артыстаў таксама былі Крычаў, Круглае і Глуск. Выступленні ансамбля наладзіла Магілёўская абласная філармонія ў межах Грамадска-культурнай акцыі “Мы— беларусы!”.
Калектыў багата гастралюе па Беларусі і ў замежжы, аднак Магілёў наведвае не так часта, таму канцэрт магілёўцы чакалі, і прайшоў ён пры поўным аншлагу. Адгукнуліся на падзею і абласныя ўлады: ад імя губернатара вобласці Барыса Батуры “Песнярам” быў уручаны вялізны букет белых руж.
Калектыў аддзячыў за цёплы прыём двухгадзіннным “жывым” канцэртам. А калі мастацкі кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў выканаў асабістую просьбу народнага артыста СССР Ігара Лучанка і перадаў ад яго прывітанне, праспяваўшы песню кампазітара “Спадчына”, зала літаральна ўзарвалася апладысментамі.
Вельмі цёпла публіка прыняла свайго земляка, маладога скрыпача ансамбля Уладзіміра Бадунова, які сказаў: “Нас аб’ядноўвае не толькі музыка “Песняроў”, але і тое, што мы — беларусы!”. А ў дадатак да гэтых слоў прагучаў шчымлівы твор, напісаны скрыпачом і прысвечаны ягоным бацькам.
Адзначым, што падчас выступленняў былі прадстаўлены новыя песні з праграмы на вершы Янкі Купалы, якая будзе мець назву “Шчаслівасць”: “Песня мая”, “А яна...”.

Людміла МАЦКЕЛА