Крок да прэміі

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

На сайце Міністэрства культуры краіны апублікавана падрабязная Інструкцыя аб парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

Арганізатарамі конкурсу, што праводзіцца раз на два гады, з’яўляюцца Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

Вырашана працягнуць традыцыю падзелу намінантаў па сектарах: драма, тэатр лялек, опера, балет, музычны тэатр, спектаклі для дзяцей і юнацтва. У кожным з раздзелаў будуць вызначаны найлепшыя мужчынская і жаночая ролі, а таксама спектакль-трыумфатар. Усяго — 18 статуэтак. Асобна назавуць найлепшую пастаноўку па творы беларускага аўтара.

У тэатраў яшчэ ёсць час прыняць удзел у І этапе конкурсу. Да 1 мая на адрас Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (220004, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11) неабходна накіраваць наступныя матэрыялы: заяўку на ўдзел, артыкулы ў прэсе на заяўленую пастаноўку, яе відэазапіс на DVD-дыску, а таксама фота- і рэкламныя матэрыялы.

Да 1 чэрвеня адборачныя камісіі шляхам тайнага галасавання простай большасцю галасоў прымуць рашэнне аб вылучэннi пастановак для ўдзелу ў ІІ этапе. Каб вызначыць пераможцаў, сфарміруюць склады журы з лiку творчых работнікаў, тэатральных крытыкаў, мастацтвазнаўцаў, іншых работнікаў культуры, дзеячаў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў арганізатараў і іншых зацікаўленых арганізацый. За найлепшы спектакль у кожнай з намінацый устанаўліваецца прэмія ў памеры 230 базавых велiчынь. Пераможцы ў індывідуальных намінацыях атрымаюць па 40 базавых. У сітуацыі, калі абяруць некалькі пераможцаў на адну намінацыю, прэмію падзеляць памiж імі на роўныя часткi.

Па рашэнні аргакамітэта асобныя творчыя работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва краіны, юрыдычныя або фізічныя асобы, што прадстаўляюць спонсарскую дапамогу або робяць ахвяраванні на развіццё тэатральнага мастацтва, могуць быць узнагароджаны прызамі.