Культурная бяспека

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

У чацвер, 21 красавіка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з традыцыйным штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу краіны.

У выступленні беларускі Лідар закрануў літаральна ўсе аспекты грамадскага жыцця краіны. Так, вялікую ўвагу Аляксандр Лукашэнка надаў эканамічнаму блоку пытанняў. Прэзідэнтам Беларусі былі вызначаны праблемы ў эканоміцы і задачы па іх вырашэнні, абазначаны ключавыя кірункі дзейнасці па развіцці нашай краіны на бліжэйшую перспектыву.

— Даручаю Ураду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, у якой вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструменты для фарміравання эканомікі ведаў, — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго словаў, стратэгіяй развіцця Беларусі становіцца пераход на шлях інавацыйнага развіцця.

— І прычына тут не ў абмежаванасці мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Трэнд у эканоміцы сёння зусім іншы: галоўнае багацце — гэта мазгі, навука, інавацыі, а не тое, што Гасподзь паклаў у зямлю, — заявіў Прэзідэнт.

Таксама закрануты шэраг пытанняў, датычных сацыяльнай сферы: ад падвышэння пенсійнага ўзросту да якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў для школ і інстытутаў. Але напачатку Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 2016-ы абвешчаны Годам культуры.

— Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў аб’яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый. У бесперапынным глыбокім працэсе фарміравання працавітай, адукаванай, духоўна багатай і здаровай нацыі! — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Акцэнт Года культуры, як заявіў Аляксандр Лукашэнка, будзе зроблены на мастацкай, творчай сферы. На думку Кіраўніка дзяржавы, вялікую ўвагу трэба надаваць і іншым напрамкам: культуры вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны.

— Усё пералічанае — гэта і ёсць задачы Года культуры, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады закладзены значныя сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

— Урад і мясцовая ўлада абавязаны памятаць, што кожны рубель, укладзены ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў культуры, павінен прыносіць карысць. Нясвіж і Мір, Музей Вялікай Айчыннай вайны — добрыя прыклады. Але што далей? — разам з тым, зазначыў Лідар краіны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць сістэмных падыходаў у сферы культуры.

— Калі будзе ўкаранёны сістэмны падыход да мадэрнізацыі ўстаноў культуры, якія маюць важнае рэспубліканскае значэнне? — спытаў Прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, адно з важных дасягненняў дзяржавы за дваццаціпяцігадовую гісторыю Незалежнасці — захаванне багатай і разнастайнай гістарычнай спадчыны беларусаў, задавальненне культурных запытаў людзей.

— Галоўная задача ў Год культуры — актывізацыя інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства, перш за ўсё моладзі, для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, — сказаў беларускі Лідар.

А Міністэрству культуры Беларусі, на думку кіраўніка краіны, сёння варта надаваць асаблівую ўвагу культурнай бяспецы дзяржавы.

— На жаль, у цяперашні час і гэта сфера духоўнага жыцця народа стала арэнай для супрацьстаяння палітычных сілаў, размежавання і дзяльбы дасягненняў. Сёння наша задача — не дапусціць канфрантацыі грамадства, усяляк садзейнічаць яго кансалідацыі дзеля сённяшняга і будучага дабрабыту нашай краіны, — заявіў Лукашэнка.

Пасля выступлення дэпутаты задалі шэраг пытанняў Прэзідэнту. Адно з іх тычылася стварэння грамадскай арганізацыі па ахове памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтай праблемай у Беларусі займаюцца многія маладзёжныя, грамадска-палітычныя аб’яднанні, дзяржаўныя органы і рэлігійныя дзеячы. Аднак калі пытанне стаіць глабальна і для яго вырашэння неабходна выдзеліць асобную арганізацыю, гэта можна зрабіць, паколькі яе стварэнне не забаронена заканадаўствам.

— Калі яна з’явіцца, будзем яе падтрымліваць, таму што вы будзеце займацца святой справай — не разбураць помнікі, а даглядаць іх, не прыніжаць памяць аб тым часе, як гэта вакол робіцца, а захоўваць праўду аб мінулай вайне, — сказаў Прэзідэнт.