Чаму “Ноч…” не для ўсіх?

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Апошнім часам недахоп “белых” начэй, як у Санкт-Пецярбургу, у Беларусі кампенсуецца начамі музейнымі або нават бібліятэчнымі. Пра апошнюю з’яву і пагаворым.

Ноч музыкі і агню

Справа ў тым, што сёлета шэраг мінскіх бібліятэк вырашылі далучыцца да Міжнароднай акцыі “Бібліяноч-2016” і ўчора, 22 красавіка, працягнулі час сваёй працы да 23-й гадзіны вечара. У гэты дзень шэраг мерапрыемстваў — ад навуковых лекцый і майстар-класаў да канцэртаў і чытанняў літаратуры, — у бібліятэчных установах можна было наведаць цалкам бясплатна, а не за грошы, як падчас сталічнай Ночы музеяў.

Так, у навуковай бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта гасцям прапанавалі Ноч музыкі і агню. Наведвальнікі паслухалі канцэрт беларускіх музыкантаў, узялі ўдзел у тэматычных майстар-класах і лекцыях пра музыку, папрысутнічалі на фаер-шоу ды згулялі ў настольныя гульні. А Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка на адну ноч пераўтварылася ў сапраўдную “Карусель жахаў”. Тут чыталі творы Эдгара Алана По, шпацыравалі па знакамітым (і, натуральна, даволі страшным, асабліва для дзяўчат) музеі гісторыі медыцыны Беларусі, а таксама слухалі лекцыю “Катастрофы чалавечага цела”.

Яшчэ адна ўстанова — Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — правяла імпрэзу па тэме “Сучасны дакументальны экран. Смачныя гісторыі”, у рамках якой адбыўся прагляд стужкі “Гісторыя беларускай страўні”, быў зладжаны майстар-клас па прыгатаванні цукерак з бульбы, а таксама прайшлі квэсты і конкурсы. А Навукова-педагагічная бібліятэка Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі правяла ў гэты дзень “Кніжны фрымаркет” для абмену выданнямі. Пляцоўку падзялілі на тэматычныя секцыі, каб кожны наведвальнік меў магчымасць знайсці цікавую менавіта для яго літаратуру.

А тыя, хто хацеў правесці “Ноч з навукай”, учора завіталі ў Цэнтральную навуковую бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі ўстановы культуры прадставілі на суд гледачоў лекцыю па генетыцы чалавека і ўнікальных магчымасцях дыягностыкі, а таксама зладзілі інтэрактыўныя варкшопы і тэматычныя майстар-класы на тэму навукі.

Чарвякі ці макароны?

Як бачна, усе пералічаныя вышэй бібліятэкі не знаходзяцца ў сістэме Міністэрства культуры. На жаль, сталічныя ўстановы, скажам, з Цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк горада Мінска, у падобнай акцыі не задзейнічаны. Як патлумачыла “К” кіраўнік сістэмы Алена Кубышкіна, калісьці супрацоўнікі ладзілі падобныя акцыі, але сёлета яны ў сталіцы не запланаваны.

А вось супрацоўнікі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска “Бібліяночы” і “Бібліяпрыцемкі” ў сваіх установах як ладзілі, так і ладзяць. Праўда, не ў красавіку, а раней ці пазней. Як патлумачыла дырэктар ЦСДБ г. Мінска Таццяна Швед, “бібліяночы” ў іх ужо прайшлі ў дзіцячых бібліятэках № 3 і № 14, адпаведна, 19 студзеня і 19 лютага бягучага года. У бібліятэцы № 3 падобная акцыя запланавана ў кастрычніку, а напрыканцы года “Бібліяноч” адбудзецца і ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Мікалая Астроўскага.

Да слова, супрацоўнікі бібліятэкі № 14 падрыхтавалі і правялі сваю “бібліяноч” па матэрыялах кніг Джоан Роўлінг пра Гары Потэра. Чароўная шапка, якая, як вядома, “ніколі не памыляецца”, “размеркавала” ўсіх гасцей па пэўных “факультэтах”, дзе трэба было падтрымліваць адзін аднаго, годна пераносіць усе выпрабаванні, не згубіць здабытыя ў цяжкай барацьбе “ачкі”, і берагчы малодшых і дзяўчынак. Напрыклад, паводле аднаго з заданняў, удзельнікам трэба было знайсці ў цёмным склепе, пры цьмяным святле свечкі, ключ, які быў схаваны ў ёмістасцях з рознымі напаўняльнікамі: “чарвякамі” (насамрэч гэта былі халодныя адвараныя макароны), “павукамі” (гумавыя цацкі з “кіндар-сюрпрызаў”), сапраўдным халодным кефірам, мукой, маленькімі колкімі шышкамі і многім іншым. Усе госці, якія годна прайшлі ўсе выпрабаванні, натуральна, былі прыняты на першы курс Школы магіі і чараўніцтва…

Як сцвярджае Таццяна Швед, падобныя акцыі значна ўздымаюць цікавасць дзяцей і падлеткаў да ўстаноў. Таму каштоўнасць “Бібліяночаў” і “Бібліяпрыцемак” для кіраўніка Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска — несумненная.

Усё гэта так, і названая праца сапраўды робіць вялікі гонар бібліятэкарам. Ды ўсё ж шкада, што патэнцыял учарашняй “Ночы…”, з бясплатнай рэкламай, якой цягам некалькіх тыдняў поўніліся сацыяльныя сеткі, медыя і нават метрапалітэн, як бачна, ніякім чынам не быў выкарыстаны сталічнымі публічнымі бібліятэкамі. А хто ведае, можа, якраз яны і аказаліся б 22 красавіка ў лідарах па наведвальнасці сярод жыхароў Мінска? Прадэманстраваць і паказаць ім сапраўды ёсць што, а нагода для гэтага, што ні кажы, была даволі сур’ёзная…

А што ў рэгіёнах?

Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Таццяна Адамян распавяла “К”, што “бібліяночы” на пастаяннай аснове ладзяцца ў Віцебскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Максіма Горкага, а таксама ў шэрагу раёнаў рэгіёна. На думку Таццяны Мікалаеўны, падобныя акцыі прыцягваюць у бібліятэкі новых наведвальнікаў, асабліва маладога веку.

З поглядам калегі згодны і іншыя кіраўнікі абласных “кніжніц”. Як кажа дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамара Данілюк, “бібліяночы” даўно атрымалі сталую “прапіску” ў Жабінцы, Пінску і Маларыце. Цікавымі падобныя акцыі робяць, у першую чаргу, як лічыць Тамара Паўлаўна, тыя спецыялісты, што працуюць ва ўстановах. Так што кадравае пытанне ў названым аспекце, на яе думку, самае галоўнае.

На Гродзеншчыне Ночы бібліятэк пачалі рабіць яшчэ тры гады таму, адзначыла “К” дырэктар Абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Лідзія Мальцава, і яны карыстаюцца нязменным попытам у наведвальнікаў. Названыя акцыі за гэты час прайшлі ў Лідзе, Воранаве, Карэлічах, Шчучыне, а ў верасні адбудуцца ў Ашмянах і Бераставіцы. Лідарам у гэтай “начной” працы з’яўляецца Гродзенскі раён. Як распавяла галоўны бібліятэкар бібліятэказнаўства абласной навуковай Валянціна Жук, супрацоўнікі Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі ўжо трэці год запар ладзіць у сваёй установе “бібліяночы” пад назвай “Кніжнае бяссонне ў Сапоцкіне”.

На Міншчыне “бяссонныя ночы” стала праводзяцца ў Нясвіжы і Салігорску. Прайшла падобная акцыя яшчэ на пачатку года і ў Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна. Як нагадала дырэктар бібліятэчнай установы Аксана Кніжнікава, у гэты вечар абраныя месцы са сваіх любімых твораў чыталі беларускія літаратары, акцёры і тэлевядучыя, адбыліся майстар-класы па рэдкіх мовах, здымцы кіно на смартфон, масавы гарадскі букросінг, паказ ролікаў-пераможцаў фестывалю “velcom Smartfilm” мінулых гадоў...

Таксама ўжо тры — чатыры гады ладзяцца падобныя мерапрыемствы і на Гомельшчыне. Прычым, як распавяла “К” дырэктар Абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Марына Рафеева, “бібліяночы” праходзяць напярэдадні або ў Дзень бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня, а да акцыі актыўна далучаюцца дзіцячыя бібліятэкі рэгіёна і дзіцячыя аддзелы цэнтральных раённых бібліятэк.

І ў некаторых раёнах Магілёўшчыны “бібліяноч” “прапісалася” стала. Аднак, як лічыць дырэктар Абласной бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Ілона Сарокіна, падобныя акцыі наўрад ці могуць паспрыяць прыцягненню чытачоў у бібліятэкі. Ды і не ў гэтым бачыцца суразмоўцы асноўная функцыя бібліятэчных устаноў, бо “бібліяночы” — гэта ўсё ж цалкам папулярызатарскае мерапрыемства. На думку Ілоны Сарокінай, больш карыснымі для наведвальнікаў з’яўляюцца Дні адчыненых дзвярэй, якія ладзяцца ў Магілёве двойчы на год: 15 і 16 верасня ды ў сакавіку кожнага года. Пад час названых акцый ладзяцца экскурсіі па ўстанове, апавядаецца, як карыстацца каталогам і замаўляць выданні, дэманструюцца відэаролікі рознай тэматыкі ды многае іншае...

Што ж, магчыма, што і падобная форма працы з чытачамі сябе апраўдвае і мае права на існаванне. Айчынныя бібліятэкі, як бачна, сёння актыўна “ідуць у народ” і гэта, на мой погляд, самае галоўнае.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"