Што можна прадаваць: дырхем ці рубель?

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Як прадаць старадаўнюю манету, якую калісьці знайшоў у зямлі, і не парушыць заканадаўства? Ці трэба рэгістраваць сваю нумізматычную калекцыю, калі ў ёй налічваецца ўсяго некалькі патэнцыйна цікавых для гісторыкаў экзэмпляраў? І што будзе, калі праігнараваць падобную дзяржаўную рэгістрацыю? Усе гэтыя і многія іншыя пытанні, датычныя абарачэння на тэрыторыі нашай краіны манет і іншых гістарычных артэфактаў, набылі асаблівую значнасць у сувязі з падпісаннем 14 снежня мінулага года Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў”. Дакумент уступіў у сілу зусім нядаўна — 18 сакавіка бягучага года.

Такім чынам, паспрабуем разабрацца ў агучаных пытаннях. Скажам, уявім такую сітуацыю: адзін чалавек мае невялікую калекцыю манет, сярод якіх ёсць пара старажытных арабскіх дырхемаў X — XI стагоддзяў. Ці трэба падобны нумізматычны збор рэгістраваць? І што будзе, калі міні-калекцыянер тыя манеты не зарэгіструе, а будзе проста захоўваць у сваёй кватэры?

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай, у прадстаўленай сітуацыі можна адзначыць шэраг момантаў.

— Па-першае, трэба разумець, што згодна з Указам археалагічным артэфактам з’яўляецца рухомы матэрыяльны аб’ект, які ўзнік ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека больш за 120 гадоў таму, захаваўся ў культурным пласце або на дне прыродных ці штучных вадаёмаў, мае гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае культурнае значэнне, можа адпавядаць пэўным крытэрыям для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і на момант выяўлення не мае ўласніка.

Па-другое, калі грамадзянін выпадкова выявіў у зямлі ці на дне вадаёма рухомы матэрыяльны аб’ект, што можа быць аднесены да археалагічнага артэфакта, то гэты чалавек павінен прыняць меры па захаванні артэфакта. Дадзены аб’ект трэба перадаць мясцоваму распарадчаму органу на часовае захоўванне для прыняцця рашэння аб аднясенні выяўленага аб’екта да археалагічнага артэфакта. Калі ж аб’ект будзе прызнаны археалагічным артэфактам, то яго неабходна перадаць ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.

Па-трэцяе, згодна з пунктам 1.12 Указа фізічным і юрыдычным асобам забаронена набываць, прадаваць, дарыць, мяняць і даваць у залог археалагічныя артэфакты. Аднак гэтыя дзеянні могуць ажыццяўляцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў адносінах да археалагічных артэфактаў, уключаных у так званы рэестр археалагічных артэфактаў. Гэты рэестр павінен быць сфарміраваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі да 1 студзеня 2017 года. У яго ўключаюцца археалагічныя артэфакты, якія на дзень уступлення ў сілу Указа знаходзіліся ва ўладанні фізічных і юрыдычных асоб.

Аднясенне аб’екта да археалагічнага артэфакта і ўключэнне ў рэестр адбываецца толькі на падставе звароту самога грамадзяніна ў археалагічную камісію згодна з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах. 18 сакавіка бягучага года адпаведнае дапаўненне, якое прадугледжвае гэтую адміністратыўную працэдуру ў адносінах да фізічных асоб (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200), таксама ўступіла ў сілу.

Такім чынам, калі грамадзянін мае мэту калі-небудзь прадаць, абмяняць ці падарыць матэрыяльныя аб’екты, якімі ён валодае даўно — яшчэ да ўступлення ў сілу Указа, — то ён павінен звярнуцца ў археалагічную камісію і вырашыць там наступныя пытанні: ці адносяцца яго матэрыяльныя аб’екты да археалагічных артэфактаў, ці трэба іх уключаць у рэестр? Калі ж грамадзянін гэтага не зробіць, то ў перспектыве распарадзіцца такімі аб’ектамі на законных падставах ён не зможа.

Звяртаю ўвагу, што калі манеты аўтара звароту не знаходзіліся ў культурным пласце (слоі) або на дне вадаёма, а перадаваліся з пакалення ў пакаленне, то яны не могуць быць аднесены да археалагічных артэфактаў. Аднак, лічу, усё адно ў такім выпадку законапаслухмянаму грамадзяніну мэтазгодна звярнуцца ў археалагічную камісію, каб даведацца, валодае ён археалагічнымі артэфактамі ці проста старадаўнімі манетамі, і, у выпадку прызнання манет археалагічнымі артэфактамі, уключыць іх у рэестр.

Напрыканцы свайго адказу Наталля Кучынская яшчэ раз звярнула ўвагу на тое, што палажэнні Указа аб перадачы ў дзяржаўную ўласнасць археалагічных артэфактаў прымяняюцца толькі ў адносінах да знаходак, выяўленых пасля ўступлення Указа ў сілу, гэта значыць — пасля 18 сакавіка 2016 года. “Такім чынам, у любым выпадку манеты гэтага чалавека застануцца ў яго самога”, — адзначыла суразмоўца.

Што ж, абгрунтаваны адказ спецыяліста, як бачна, расставіў ўсе кропкі над “і”. Рэгіструй калекцыю — і можаш рабіць з ёй усё, што захочаш: прадаваць, мяняць, дарыць, а не захоўваць у слоіку ці іншай хованцы дома… Праўда, узнікае іншае пытанне: якім чынам цяпер будуць дзейнічаць папулярныя інтэрнэт-аўкцыёны, на якіх да апошняга часу можна было з лёгкасцю прадаць тыя ці іншыя манеты? Некаторыя з іх ужо звярнулі ўвагу сваіх наведвальнікаў на названы Указ і плануюць да 1 студзеня 2017 года адаптаваць сваю дзейнасць да зменаў у заканадаўстве. А якім чынам гэта будзе адбывацца, паспрабуем разабрацца ў наступных нумарах “К”...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"