Прызначэнне — турызм? Пара турбаваць прывідаў

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Працягваем цыкл публікацый, прысвечаных сучаснаму стану і праблемам адраджэння старадаўніх сядзіб. Карэспандэнт “К” выехаў у чарговую камандзіроўку — на гэты раз у вёску Свяцк Гродзенскага раёна, дзе захаваўся палац Валовічаў XVIII стагоддзя.

Абыходзячы вакол палаца ў Свяцку і робячы фотаздымкі, я раптам пачуў у сябе за спінай пагрозлівы гук. Ад велічнага барочнага будынка адваліўся яшчэ адзін кавалак і грымнуўся на зямлю літаральна за некалькі метраў ад мяне.
Шматгадовая “захавальніца” палаца Тэрэза Геда гэтаму зусім не здзівілася. “Так,
усё рушыцца літаральна на вачах, — са скрухай канстатуе яна. — Кожны дзень — новыя “траўмы”. Бывае, прыйдзеш сюды пасля выхадных — і ажно слёзы наварочваюцца.”

 

Палац пакрываецца плесняй

Трапляючы ў нутро палаца, адразу адчуваеш пах плесні. Сляды ўздзеяння грыбка на старыя муры месцамі аж занадта красамоўныя. Там-сям абвалілася тынкоўка, а ў падвале, дзе колісь месцілася медыцынская лабараторыя, можна здымаць сіквэл фільма “Сталкер”.
Шыкоўны гмах, збудаваны ў другой палове ХVIII стагоддзя італьянскім архітэктарам Джузепе Сака, зведаў за сваю гісторыю нямала гаспадароў. Апошнім з іх быў Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі хворых на туберкулёз.

 /i/content/pi/cult/157/1285/Socium1.jpg

Але з часам будынак настолькі заняпаў, што карысць ад лячэння стала несувымернай з небяспекай для жыцця пацыентаў. У 2005 г. Цэнтр закрылі, і сядзіба абязлюдзела. Цяпер тут нават пацукоў няма, якіх, распавяла Т.Геда, у першы час пасля ліквідацыі санаторыя ў палацы развялося процьма. Не стала спажывы для гэтых істот, і яны пакінулі “тонучы карабель”. Таму прывідаў, пра якіх Тэрэза Казіміраўна ў ахвоту распавядае турыстам, ніхто ўжо больш не турбуе.
Зрэшты, уночы ў пустых калідорах можна сустрэць не толькі здань графскай дачкі, якая, паводле легенды, пакахала простага хлопца і ў запале была забіта бацькам, але і куды больш прыземленых істот. Раз-пораз пасярод ночы вартаўнікі чуюць звон разбітых шыбаў і гулкія крокі па калідоры. Хто і навошта ноччу пранікае ў будынак, безабаронныя жанчыны лічаць за лепшае не высвятляць. Можа, гэта проста мясцовыя хуліганы, а можа, хтосьці ўсур’ёз зацікавіўся жырандоллю XVIII стагоддзя — арыгінальным прадметам інтэр’ера часоў Валовічаў?
Між іншым, не адзіным, які захаваўся ў палацы. Ёсць тут і ляпніна, і барэльефы, і кафляная печ, і калоны з блакітнага мармуру, і аўтэнтычная лесвіца… Таму закратаваць вокны першых паверхаў і ўзмацніць ахову,мусіць, было б не лішне. Тым болей, што інтэр’еры палаца, створаныя пераважна па эскізах самога Джузепе Сака, асобным пунктам унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Лісце клёна падае з дуба...

Парк, плошча якога калісьці перавышала 50 гектараў, захаваўся не цалкам. Хаця і цяпер у ваколіцах палаца можна сустрэць дзіўныя дрэвы, від якіх неспецыялісту вызначыць цяжкавата.
— Ёсць у нас два дрэвы, якія па форме нагадваюць дуб, але лісце ў іх кляновае, — распавядае Т.Геда. — Як яны называюцца, ніхто не ведае, у каго б ні пытала.
Раней, вядома, такіх дзівосаў было значна больш. Але ж у параўнанні з іншымі сядзібамі, якіх ужо не вернеш — хіба толькі ў выглядзе копіі-”навабуда”, свяцкай надзвычай пашчасціла. Бо ўсё ж да нашых дзён яна збольшага дажыла. Як і раней, побач з палацам — прыгожыя азёры, куды людзі прыязджаюць адпачываць “дзікунамі”, гаспадарчыя пабудовы, што стаяць цяпер у руінах. Адзіны будынак комплексу, дбайна адрэстаўраваны, — капліца-спачывальня, імша ў якой адбываецца і цяпер.
Каб нашы сучаснікі маглі стварыць тут вялікі турыстычны комплекс, Валовічы і літасцівы да іх даробкаў час не абы-як паклапаціліся. Развіваць бізнес пры нагодзе тут будзе куды: не толькі ўшыркі, але і ўглыб, пад зямлю: на месцы аднаго з гаспадарчых будынкаў захаваліся вялізныя лёхі, дзе так прыемна было б папіць кавы ў спякотны летні дзень. Аднак ажыццяўленне гэтых праектаў задоўжылася.
Яшчэ не так даўно Тэрэза Геда была галоўным урачом рэабілітацыйнага цэнтра. Застаючыся працаваць у палацы на непрэстыжнай пасадзе вартаўніка, яна была ўпэўнена, што ейны “статус-кво” — часовы, і ў найбліжэйшай будучыні ён зменіцца на лепшае, што новым гаспадарам яе праца, без сумневу, спатрэбіцца.

 /i/content/pi/cult/157/1285/Socium2.jpg

Як патлумачыла на запытанне “К” спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч, з канца 2005 года палацава-паркавы комплекс у Свяцку знаходзіцца на балансе раённага аддзела адукацыі. Райвыканкам рыхтуе дакументы на продаж яго з таргоў, бо ў мясцовым бюджэце грошай на аднаўленне гэтага аб’екта не прадбачыцца.
Па замове раённага аддзела адукацыі спецыялісты УП “Мінскпраектрэстаўрацыя” зараз даследуюцьпомнік, каб вызначыць яго ацэначны кошт і скласці на яго дакументы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны РБ. Раённыя ўлады разлічваюць, што праект рэстаўрацыі палаца будзе распрацоўваць той, хто стане яго ўласнікам. Аптымальнае мэтавае прызначэнне палацава-паркавага ансамбля і тэрміны яго аднаўлення, як патлумачыла Н.Рамановіч, магчыма будзе вызначыць пасля высвятлення яго ацэначнага кошту. Не выключана, што імпэт патэнцыйных новых гаспадароў трохі гасіць тая акалічнасць, што рэстаўрацыя і прыстасаванне палацава-паркавага комплексу, напрыклад, пад турыстычны цэнтр відавочна запатрабуюць куды большых сродкаў, чым яго пакупніцкі кошт. Праўдападобна, палохае інвестараў і маштаб гэтага аб’екта — бадай беспрэцэдэнтны для Беларусі. Гэты маштаб вызначае не толькі аб’ём інвестыцый, патрэбных для яго “турыстызацыі”, але і ступень камерцыйнай рызыкі.
Ды, на шчасце, ёсць фактары, якія моцна яе змяншаюць. Выгоды палаца гэта зусім не толькі наяўнасць у ім інжынерных камунікацый.

Цікавостка “сярод чыстага поля”

Толькі ўтрапёныя аматары пагодзяцца адужаць пару соцень кіламетраў, каб убачыць якуюсьці цікавостку “сярод чыстага поля”. Але Свяцкаму палацу ў плане “атачэння”, як ужо адзначалася, пашанцавала надзвычайна! Па-першае, ад Гродна дасюль рукой падаць — усяго нейкіх 20 кіламетраў. А па-другое… Прамінуўшы яшчэ кіламетраў дзесяць, вандроўнік трапляе на адзін з самых адметных турыстычных аб’ектаў нашай краіны — Аўгустоўскі канал.
Ля дарогі, што вяла да яго, ды і на самім канале адчувалася рамонтна-будаўнічае ажыўленне, што і нядзіўна: да адкрыцця сезона заставаліся лічаныя дні. Але гэтае шчыраванне было мала падобным да нездаровага аўралу.
Мяркуючы па ўбачаным, для асаблівых хваляванняў проста не было падстаў: канал і яго берагі дагледжаны ідэальна, а ўсе механізмы, што адкрываюць шлюзы і ўздымаюць масткі, працуюць зладжана. Намеснік галоўнага дырэктара па эксплуатацыі Аўгустоўскага канала Эдмунт Юткевіч нават прапанаваў мне пераканацца ў гэтым самому, трохі пакруціўшы падобную да калодзежнай ручку. Электронікі тут ніякай няма— усё, як і два стагоддзі таму, сілкуецца выключна ад мускулаў.
Па словах Э.Юткевіча, канал “у сезон” зусім не пустуе: у выхадны дзень сюды прыязджае (або прыплывае) сама меней тры сотні турыстаў, а на свята іх колькасць можа павялічвацца ў дзесяткі разоў. Асабліва падчас фэсту “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”, што збірае самадзейных артыстаў і ўдзячных слухачоў з усёй Гродзеншчыны, а таксама зусім блізкіх адсюль Польшчы ды Літвы.

 /i/content/pi/cult/157/1285/Socim3.jpg

Вось і артыстам з недалёкага адсюль мястэчка Сапоцкін моцна пашчасціла з канцэртнай пляцоўкай. У цёплую пару канцэрты тут ладзяцца штовыхадныя балазе, на шлюзе “Дамброўка” для іх была створана адмысловая эстрада. Побач з ёю — міні-кірмаш народных майстроў. І, як запэўніла мяне галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ірына Голубева, сёлета “культура” будзе працаваць тут яшчэ больш эфектыўна.
Але прыехаць сюды больш чым на адзін дзень пакуль не заўсёды можна. Сёння турысты могуць спыніцца толькі ў “доміку наглядчыка” — аўтэнтычным жытле спецыяліста, які даглядаў за каналам у XVIII стагоддзі. Для адной вялікай кампаніі лепшага варыянта, відаць, і не знойдзеш — як паводле камфорту, гэтак і па цане. Але калі кампаній у адзін дзень прыязджае дзесяць? Першая гасцініца тут яшчэ толькі ствараецца.
Безумоўна, патэнцыял Аўгустоўскага канала цалкам яшчэ не вычарпаны. І суседства са Свяцкім палацам можа быць узаемавыгодным. Калі турыст мае магчымасць застацца ў цікавых мясцінах хаця б на пару дзён, ён здолее не толькі лепей адпачыць, але і болей пабачыць.
Думаецца, з часам канал будзе зусім не адзіным турыстычным аб’ектам у гэтым невыказна маляўнічым кутку. Пакрысе ён будзе ператварацца ў сапраўдны беларускі курорт — не толькі летні, але, магчыма, таксама і ў зімовы. Праязджаючы міма ўтульнага Сапоцкіна, з яго дагледжанымі вулачкамі і яркімі чырванаватымі гонтамі, можна было заўважыць, што для стварэння гарналыжнай трасы тут ёсць усе ўмовы, — мястэчка атачаюць вышэзныя пагоркі. Недарэмна ж тытул “беларускай Швейцарыі” пасуе гэтаму краю больш, чым любому іншаму кутку.
Але ці дажыве да гэтых светлых часін палац у Свяцку?

***

Дыстанцыя паміж аграсядзібай і сядзібай Валовічаў папраўдзе каласальная — як паміж першакласнікам і аспірантам. І айчынны турбізнес пакуль яе не пераадолеў. Фінансавых актываў і досведу яго суб’ектаў пакуль замала, каб “узняць” такі папраўдзе каралеўскі аб’ект. Кампенсаваць нястачу можа адно адвага… 

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.

Мінск — Гродзенскі раён — Мінск
Фота аўтара