У Салонікі са сваім футрам

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Праблема фінансавання ў кіно стаіць так востра, што, падобна, пасунула ў бок творчыя пытанні. Адной з найраспаўсюджаных формаў для кінематаграфістаў з’яўляецца ўдзел у пітчынгах — прэзентацыях з мэтай знаходжання інвестараў. Некалькі тыдняў таму на адным з найбуйнейшых еўрапейскіх кінафорумаў у грэчаскіх Салоніках удзельнічаў новы праект беларускага дакументаліста Настассі МІРАШНІЧЭНКА, рэжысёра студыі спецпраектаў Міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір”.

/i/content/pi/cult/582/12838/12-2.jpg— Пакуль не хачу раскрываць падрабязнасці праекта, — распавяла Настасся. — Ён прысвечаны заняткам мастацтвам у няпростых і незвычайных умовах. Мы з калегамі здымаем яго ўжо некалькі месяцаў і спадзяемся прадставіць у завершаным выглядзе на пачатку наступнага года. А пакуль спрабуем знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання. Таму і паехалі на пітчынг у Салонікі.

— Наколькі лёгка праекту з Беларусі трапіць на прэстыжны кінафорум?

— Пітчынг праектаў у Салоніках праходзіць у рамках вядомага фестывалю дакументальных фільмаў. Трапіць у лік удзельнікаў пітчынгу — поспех! Сёлета прыкладна з двухсот праектаў з усяго свету быў адабраны дваццаць адзін. З выканаўчым прадзюсарам Вольгай Чайкоўскай і аўтарам Аленай Антанішынай не паверылі сваім вачам, калі нам прыйшло пацвярджэнне ўдзелу. Але акрамя таго, што твая заяўка павінна спадабацца адборачнай камісіі, патрабуецца выплаціць унёсак за ўдзел у памеры 600 еўра плюс знайсці грошы на пералёт і пражыванне — некалькі тысяч еўра. Па дапамогу звярнуліся ў “B2B DOC” — арганізацыю, што аб’ядноўвае дакументалістаў шэрагу еўрапейскіх краін. Беларусь уваходзіць у іх лік. Нам з Вольгай зладзілі двухдзённую падрыхтоўку ў Кіеве на шляху ў Салонікі, для чаго спецыяльна для нас прыехаў прадзюсер Малькальм Дэксэліус, а таксама іншыя вопытныя дакументалісты. З Малькальмам мы пазнаёміліся на маёй папярэдняй карціне “Скрыжаванне”. Ужо ўбачыўшы матэрыял новай карціны, ён узяўся прадзюсаваць і яе. А менавіта капрадукцыі паміж краінамі Еўрапейскага Саюза і краінамі былога СССР — умова падтрымкі з боку “B2B DOC”.

Арганізацыя дапамагла аплаціць удзел у пітчынгу, за што дзякую кіраўніку гэтага праекта Алексу Шыраеву, з якім мы пазнаёміліся некалькі месяцаў таму на фестывалі “Лістапад”, дзе была праведзена адукацыйная секцыя для дакументалістаў.

— Як праходзіў пітчынг?

— О, для нас ён быў першым сур’ёзным выпрабаваннем такога ўзроўню: сюды прыязджаюць прадзюсары ды адборшчыкі найбольш салідных і паважаных кампаній і тэлеканалаў з усёй Еўропы. Зразумела, мы з Вольгай вельмі хваляваліся: у ліку ўдзельнікаў аказаліся самымі нявопытнымі, перажывалі (як высветлілася, дарэмна), ці не занадта сціпла выглядае наш праект. Але вельмі дапамагло добрае стаўленне. Па-першае, нашых, так званых ментараў, — вопытных дакументалістаў-трэнераў, якія займаліся з намі напярэдадні галоўнага пітчынгу і далі шэраг каштоўных парадаў. Па-другое, саміх удзельнікаў, таму што кінафорум праходзіў у прыемнай творчай атмасферы. Наогул, замежныя калегі паводзілі сябе вельмі адкрыта, радаваліся вашым поспехам. Нават калі даведаліся, што менавіта мы атрымалі прыз ад грэчаскага тэлеканала.

Калі падымаліся ў залу, дзе праходзіла фінальная вячэра, пачулі шквал апладысментаў і радасных выкрыкаў. Такіх шчырых эмоцый з боку калегаў мы не чакалі! Былі здзіўлены і прызам — адзіным грашовым на пітчынгу — тры тысячы еўра плюс будучыя паказы нашага фільма на грэчаскім тэлебачанні. Тое неверагодна натхняе!

— Разлічвалі на перамогу?

— Зусім не! Наадварот, бачылі недасканаласць нашай прэзентацыі і перараблялі яе некалькі разоў, апошні — у ноч перад галоўным пітчынгам з удзелам патэнцыйных інвестараў. Ляглі спаць толькі а шостай раніцы, прычым а дзявятай ужо пачатак! Хваляваліся жудасна, але натхніла тое, што арганізатары паставілі наш праект апошнім у блоку прэзентацый. Гэта значыць, разлічвалі пакінуць нейкае ўражанне напрыканцы. І мы спадзяваліся, што моцнае. Выступаць перад прадстаўнікамі кампаній — нашмат цяжэй, чым перад няхай нават самымі дасведчанымі, але калегамі. Псіхалагічная складанасць палягала ў тым, што першыя падчас прэзентацыі вонкава выглядалі абсалютна абыякавымі і нават незацікаўленымі. Пытанні, якія яны задавалі, таксама нельга было назваць самымі прыемнымі: стваралася адчуванне, што абсалютна ўсе праекты слабыя і бездапаможныя. Нам задала некалькі непрыемных пытанняў кіраўнік аднаго з найбуйнейшых вытворцаў кіно для кабельнага тэлебачання ў Еўропе. Дзіўна, але менавіта гэта кабета потым абрала нас для зносін у фармаце сам-на-сам! Значыць, праект яе ўсё ж зачапіў.

— Акрамя прыза, які галоўны вынік вашай паездкі ў Салонікі?

— Веды і навыкі, якія немагчыма ні за якія грошы атрымаць. А яшчэ размовы і знаёмства з шэрагам вядучых кінематаграфістаў Еўропы. На Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” мы таксама пазнаёміліся з кіраўніцтвам “European Documentary Network” — галоўнай арганізацыі ў нашай сферы на кантыненце. Працягнулі нашы стасункі ў Салоніках. Ну, і галоўная выснова, пра якую я ведала і раней, — нельга сядзець на месцы, скардзіцца на адсутнасць фінансавання, чакаць увагі прадзюсараў або дзяржавы. Трэба паводзіць сябе актыўна, шукаць партнёраў у іншых краінах, падавацца на пітчынгі. Інакш не будзе кіно.