Пад мантыяй безразважнага Арлекіна

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Кіназорка з Крывеля: спроба аб’ектыўнага аналізу біяграфіі Пятра Алейнікава
Госці і ўдзельнікі купальскага фестывалю "Александрыя збірае сяброў", акрамя наведвання дзей самога маштабнага творчага форуму, што сёлета пройдзе 9 — 10 ліпеня, можа зацікавіць і яшчэ адна цікавостка. У вёсцы Крывель на Шклоўшчыне амаль два дзясяткі гадоў дзейнічае музей славутага земляка — кінаакцёра Пятра Алейнікава. Летась жа ў самім райцэнтры адкрылі помнік савецкай кіналегендзе. Пра Алейнікава і пойдзе гаворка ў "шматсерыйным" артыкуле "К".

/i/content/pi/cult/582/12830/15-1.jpgЗоркі кінематографа… Яны заўсёды былі на вачах ва ўсіх. Іх жыццё поўнілася самымі неймавернымі легендамі, пагалоскамі, плёткамі. У гэтым матэрыяле я сабраў вядомыя і невядомыя факты з жыцця майго куміра — савецкага кінаакцёра Пятра Мартынавіча Алейнікава, нашага славутага земляка-беларуса. Факты гэтыя могуць не толькі здзівіць, але і шакіраваць. Тут мой персанаж паўстане і на вяршыні ўдачы, у промнях славы і бляску таленту, і з чалавечымі слабасцямі, дзівацтвамі, памылкамі. Словам, з усім тым, з чаго і складаецца біяграфія папулярнай асобы…

“Тарас на Парнасе” як пропуск у кінематограф

…У адзін з цёплых ліпеньскіх дзён 1931 года па набярэжнай Фантанкі ішоў хударлявы дзіўнаваты юнак у старой чырвонай футболцы. Быў ён босы, хаця ў тагачасным Ленінградзе гэта нікога не шакіравала. Тады басаногага люду такога кшталту, асабліва сярод хлапчукоў, беспрытульнікаў і ўсялякіх жыганаў, была процьма.

Юнак жа перайшоў праз стары мост Бялінскага і трапіў на ціхую ўтульную вуліцу Махавую, праезджая частка якой дрэнна пахла ад разагрэтага на спёцы асфальта. Ён прайшоў яшчэ сотню метраў, не звяртаючы ўвагі на цудоўныя фасады гістарычных будынкаў, прылепленых адзін да аднаго без усякіх зазораў. Калісьці ў іх жылі Міхаіл Глінка, Іван Ганчароў, Тарас Шаўчэнка… Але юнака гэта мала цікавіла: у яго была іншая мэта, ад якой залежыў ягоны лёс. Мэта гэтая: дом №34 з вычварным эркерам і вялікімі вокнамі — Тэхнікум сцэнічных мастацтваў, які пяць гадоў да таго быў пераўтвораны з Інстытута сцэнічных мастацтваў (зараз — Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў). Сюды Алейнікаў з далёкай Малой Охты дабіраўся пехам і часткова на трамваі (тралейбусы ў горадзе яшчэ не хадзілі). Тут некалькі дзён таму, у канцы Новачаркаскага праспекта, зняў ён у камуналцы танны маленькі пакойчык для часовага жылля: на перыяд здачы экзаменаў. І толькі ўчора паспеў занесці ў прыёмную тэхнікума дакументы і рэкамендацыйны ліст ад Барсукоўскай дзіцячай калоніі…

Зайшоў унутр будынка. У калідоры перад аўдыторыяй, дзе праходзілі туры, — аб’ява на дзвярах: “Ціха! Ідуць экзамены па кінаакцёрскім профілі”. А ўнізе хтосьці з маладых, хто, мажліва, не вельмі верыў у свае сілы, дапісаў крэйдай: “Лепш быць маладым шчанём, чым старой райскай птахай”. Пазней высветлілася, што гэты марктвэнаўскі афарызм намаляваў будучы аднакурснік Алейнікава — Сцяпан Крылоў (тое вынікае з вусных успамінаў Георгія Жжонава), які потым працаваў на студыі Белдзяржкіно.

Тоўпілася ў калідоры шмат маладых людзей у разнамасных вопратках, якія прыехалі з далёкіх і блізкіх рэгіёнаў краіны. Сярод іх — тры дзяўчыны: адна з Беларусі — Яўгенія Галынчык, будучая першая жонка Жжонава, дзве іншыя — каржакаватая казачка з Новачаркаска Валянціна Цялегіна, а таксама Ганна Мацвеева, здаецца, мясцовая, будучая актрыса Новага тэатра (Ленсавета), якая з часам здымалася ў Герасімава ў карцінах “Настаўнік” і “У пачатку слаўных спраў”. Усе яны, як і большасць прынятых на той курс, “пройдуць” праз герасімаўскі “Камсамольск” і некаторыя іншыя карціны настаўніка. Актрысу Цялегіну ведаюць па шматлікіх кінаролях, а вось Галынчык падзабылі. Асабіста я памятаю яе толькі па карціне “Знішчальнікі” (у ролі Варвары) і невялічкіх эпізодах у стужках “Катоўскі” і “Дзяўчына спяшаецца на спатканне”.

…Жартачкі, але з тысячы ахвотных планавалася прыняць у майстэрню Герасімава толькі сорак шчасліўчыкаў, канешне, самых-самых адораных! Аднак кожны ў душы спадзяваўся, што ён і будзе тым найталенавітым. І вось прыспела чарга нашага героя. Ва аўдыторыі за доўгім драўляным сталом, пакрытым зялёным сукном, сядзелі члены экзаменацыйнай прыёмнай камісіі — чалавек дзесяць. Сярод іх — кіраўнік кінааддзялення, выхаванец Фабрыкі эксцэнтрычнага акцёра (ФЭКС) 25-гадовы Сяргей Герасімаў, яго былыя педагогі Леанід Траўберг і Рыгор Козінцаў, майстры рэжысуры Леанід Вівьен і Уладзімір Салаўёў, рэжысёр і педагог прадмета “біямеханіка” (“сцэнічны рух”) у Ленінградскім Чырвоным тэатры Ірына Меерхольд, дачка славутага тэатральнага рэфарматара, якая рыхтавалася перайсці са сцэны ў тэхнікум у якасці старшага выкладчыка па акцёрскім майстэрстве.

Усе, канешне, здзівіліся, пабачыўшы басаногага хлопца з надзвычайна прыгожымі доўгімі вейкамі, а Ірына Усеваладаўна нават прыўстала, уражаная незвычайным выглядам маладога чалавека.

— Як ваша імя? І адкуль вы такі, мой юны сябра? — спытаў яго Сяргей Герасімаў, тады ўжо рэжысёр-пачатковец (“Дваццаць два няшчасці”), але даволі вядомы артыст, які паспеў зняцца ў нямых фільмах “Мішка супраць Юдзеніча”, “Чортава кола”, “Шынель”, “С.В.Д.”, “Новы Вавілон”, “Братка”, “Абломак імперыі”.

— Я Пётр Алейнікаў, па бацьку — Мартынавіч. Беларус. Родам з Магілёўшчыны. Сірата. Вучыўся ў дзіцячай калоніі, дзе арганізаваў драматычны гурток… Потым мяне накіравалі ў Першую Усебеларускую камуну імя Дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Там, у дакументах, усё напісана, і ёсць рэкамендацыя…

— Ну што ж, для пачатку прачытайце што-небудь з паэзіі…

Юнак пераступіў з нагі на ногу, трошкі падумаў і стаў чытаць на чыстай беларускай мове народную паэму “Тарас на Парнасе”, якую ніхто з экзаменатараў да таго, мабыць, ніколі не ведаў і не чуў. Чытаў лёгка, нязмушана, быццам бы расказваў пра толькі што рэальна ўбачанае.

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазні блізка жыў.

Што ж, чалавек ён быў рахманы,

Гарэлкі ў губы ён ня браў,

Затое ў ласцы быў у пана —

Яго пан дужа шанаваў…

А калі заканчваў наступную “карцінку”: “Гляджу — аж вось з-за елі валіць / Як ёсць хароміна-мядзведзь! / Хоць не труслівы я дзяціна, / Але затросся, як асіна, / Зубом, як цюцька, лепячу, / Аж бачу — зломана лясіна, / І ўздумаў: дай-ка ускачу!..” — яго ласкава спынілі.

— Дастаткова… Вельмі добра... І хто вас вучыў такой дэкламацыі?

— Уладзімір Уладзіміравіч Кумельскі, добры дзядзька і добры рэжысёр, які пабачыў мяне і ўсю нашу самадзейнасць — двухактовую п’еску “Край” у горадзе Шклове. Менавіта ён настойліва і парэкамендаваў мне абавязкова вучыцца на артыста. Вучыцца многа і ўпарта. Сказаў, што з мяне можа выйсці карысць… Я ўжо і тады хацеў стаць акцёрам, але не ў тэатры, а ў кіно. Здымацца ў фільмах — маё самае патаемнае жаданне. Дык вось у гэтым сэнсе таварыш Кумельскі падтрымаў мяне, параіў паступаць менавіта сюды, і з той пары я лічу яго самым блізкім і дарагім чалавекам…

Хтосьці з камісіі раптам згадаў, што, аказваецца, ведаў Кумельскага як акцёра Малога тэатра яшчэ ў часы Грамадзянскай вайны, а таксама чуў шмат добрага пра гастролі яго трупы па Украіне і Беларусі ў 1920-я… Такая інфармацыя была вельмі дарэчы юнаму абітурыенту, так бы мовіць, не з вуліцы зваліўся, не выпадкова апынуўся тут, у тэхнікуме… Мэтанакіраванасць і акцёрскі вопыт, хай сабе і мізэрны, для экзаменатараў былі важнай умовай пры канчатковым рашэнні лёсу маладога чалавека.

(Для даведкі. Уладзімір Кумельскі на базе сваёй трупы вандроўных акцёраў у 1932 годзе змог дабіцца адкрыцця ў Бабруйску Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, і быў да 1936-га яго мастацкім кіраўніком і дырэктарам. Зараз гэта — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Заслужаны артыст БССР і заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, Кумельскі 19 красавіка 1939 года перад пачаткам гастролей у Віцебску памёр на лесвіцы Магілёўскага вакзала ад сардэчнага прыступу. Шкада, што гэтага цікавага чалавека, рэжысёра і акцёра зараз мала хто ведае…)

— Ну што ж, Пётр Мартынавіч. А цяпер пакажыце нам эцюд… Напрыклад, з той самай паэмы пра вашага беларускага парнасца. Ну скажам: вы ў лесе спакойна збіраеце грыбы, і раптам перад вамі на задніх лапах нечакана з’явіўся Міхал Патапыч…

Юнак на хвілінку задумаўся, усцягнуў плечы, усміхнуўся і пачаў свой экспромт… Павольна прайшоў пару крокаў, нагнуўся, падняў некалькі ўяўных сыраежак, стрэсваючы з іх камячкі зямліцы, пакаштаваў і паклаў у кошык. Зацікавіўся нейкай птушкай, глядзеў, як яна скача па галінках, потым знікае ў лістоце. І зноў успырхнула, узляцела, а ён сачыў за яе палётам, пакуль яна не знікла ў вышыні. І толькі грыбнік апусціў галаву, як непасрэдна перад ім аказаўся вялізны мядзведзь! З перапуду чалавек застыў як слуп, забыўшыся на свае грыбы, а між тым, нахабна растаптаўшы кошык, мішка падняўся ва ўвесь рост і ступіў да чалавека, які асмеліўся парушыць спакой яго ляснога царства. І вось тут трэба было не разгубіцца перад тварам небяспекі і бегчы з усяе сілы скрозь зараснікі хмызняку…

Члены камісіі заапладзіравалі і сталі ціха пра штосьці раіцца… Коратка кажучы, экзамены закончыліся, і Пётр был прыняты ў тэхнікум на аддзяленне Сяргея Герасімава. Толькі ён пра гэта доўга не ведаў — ніяк не адважваўся паглядзець у спіс залічаных. Алейнікаў прыгадваў: “У тыя дні я блукаў па Ленінградзе, нічога не бачыў, быў як у тумане: сёння пайду, не, лепш заўтра раніцай. А назаўтра зноў вагаўся. У рэшце рэшт, гатовы да ўсяго найгоршага, прыйшоў у тэхнікум і… Колькі не разглядваў спіс, кожны раз знаходзіў сябе і не верыў уласным вачам…”

Сяргей Герасімаў быў унікальным педагогам: ён рыхтаваў спецыялістаў з прыцэлам на далейшую сумесную работу з імі у кіно. Гэты прынцып захаваў на ўсё сваё творчае жыццё, пачынаючы з карцін “Ці люблю цябе?”, “Сямёра смелых”, “Камсамольск”, “Маладая гвардыя”, і заканчваючы “Чырвоным і чорным” ды “Юнацтвам Пятра” з любімым вучнем Мікалаем Яроменкам-малодшым і іншымі сваімі выхаванцамі.

Сумная споведзь “пра сябе”

Праз некаторы час Сяргей Апалінар’евіч запрасіў Пецю на сваю кватэру ў дом па вуліцы Басейнай, 60, дзе ён жыў з жонкай, нядаўняй выпускніцай тэхнікума Тамарай Макаравай, і дзе часта збіраліся “на агеньчык” ягоныя вучні і аднадумцы, часцей за ўсіх — акцёры Пётр Сабалеўскі і Алег Жакаў, з якімі Герасімаў здымаўся ў нямых стужках 1920-х. Пазней, у 1935-м, ён атрымаў прасторную кватэру ў “мадэрновым” доме на Петраградскай старане па вуліцы Міра, 6, дзе і пражыў з Тамарай да пачатку вайны.

Дык вось, тут, на Басейнай, ён і папрасіў Алейнікава расказаць пра сябе. Магчыма, прыкідваў, што можа атрымацца ў кіно з гэтага дзіўнаватага беларускага хлопца, непадобнага сваёй харызмай да іншых. І наогул, у чым праяўляюцца яго радавыя карані? І як такія “карані” можна выкарыстаць у псіхалагічнай распрацоўцы кінавобраза таго ці іншага персанажа? Звычайна, працуючы з акцёрамі, Герасімаў заўсёды разбіраў ролі настолькі канкрэтна, што яго рэжысёрская пластыка немінуча дакладна прарастала ў экранным вобразе. На працягу ўсяго жыцця гэта было яго абавязковым правілам у рэжысуры.

І Алейнікаў пачаў свой расповед…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"