Гастролі Ау і Ціма

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Не паспеў калектыў Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек вярнуцца з Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек “Мурашнік”, што праходзіў у расійскім Іванаве, як акцёрам трэба зноў пакаваць чамаданы.

З 19 па 24 красавіка адбудуцца абменныя гастролі паміж мінскімі і гродзенскімі лялечнікамі. Сталічныя артысты вязуць юным гледачам Гродзеншчыны стары добры спектакль “Чырвоны Каптурык” Яўгена Шварца ў пастаноўцы легендарнага Анатоля Ляляўскага ды выдатную леташнюю прэм’еру “Жудасны спадар Ау” Эдуарда Успенскага, дзе аўтарам інсцэніроўкі, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і кампазітарам з’яўляецца малады рэжысёр Святлана Залеская-Бень.
Гродзенскі абласны тэатр лялек у адказ прадставіць таксама дзіцячыя пастаноўкі. Гэта спектакль па матывах аповедаў Э.М. Блайтан “Прыгоды Ціма і яго сяброў” рэжысёра Алены Плютавай і “Кошчын дом “ у пастаноўцы і харэаграфіі галоўнага рэжысёра гродзенскага тэатра Алега Жугжды. Знакамітую казку Самуіла Маршака гродзенцы ператварылі ў “мюзікл з пажарам і будаўніцтвам новай хаты”. Адзначым, што “Кошчын дом” удзельнічаў у IX Тэлевізійна-тэатральным фестывалі Саюзнай дзяржавы “Ажыўшая казка”.

Н.П.