Збаны, кошыкі і друкарскі станок Скарыны

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

“Пачуць мову” славутага прыжыццёвага адлюстравання Францыска Скарыны здольны толькі гуманітарыі, якія самастойна зразумелі, што рожкі мікельанжэлаўскага “Маісея” узыходзяць да лацінскага cornu (рогі, маладзік) і слоў “асветліўся лік Маісея, падобна маладзіку” у перакладзе святога Герасіма (для гэтага неабходны: дапытлівасць з веданнем Бібліі і лаціны).

/i/content/pi/cult/582/12829/14-2.jpgУ свой час філосаф Уладзімір Конан выказаўся на карысць пошуку сувязей партрэта Скарыны са зместам “Кнігі Сіраха”, напрыканцы якой змешчаны гэты духоўны аўтапартрэт беларускага першадрукара і асветніка. Аднак даследчыкі найперш аналізавалі прадмовы Скарыны, таму нават філосафы не заўважылі у “Кнізе Сіраха” сугучнасці прадмоў яе аўтара і Скарыны, з наступнымі словамі з платонаўскага “Піра”, якім захапляліся рэнэсансавыя гуманісты: “Душы людзей, цяжарных духоўнасцю, выношваюць розум і іншыя дабрачыннасці. Такія людзі апантаныя жаданнем набыць неўміручасць не ў сваіх дзецях, а ў памяці людзей”.

Менавіта ў пачатку слоў Сіраха: “Память Иосии осладится в устах каждого…” у пражскіх выданнях Скарыны ўпершыню выкарыстана клішэ ініцыяла “П”, вертыкальныя элементы якога, сумесна з яго аздобай, вельмі нагадваюць сілуэт гадзінніка, з ніжняй камеры (Мінулае) якога, наперакор плыні часу, у Будучыню прарос парастак Памяці аб сейбітах Разумнага, Добрага і Адвечнага.

На партрэце Скарыны выява вялізнай пчалы карэлюе са словамі Сіраха аб маленькім памеры пчалы і вялікай салодкасці яе прадукта, а бачнасць толькі адной правай нагі Скарыны і нахіленасць яго галавы ў правы бок са словамі “Ходила нога моя путём правым” і “От младости прихилил я оухо свое к мудрости”.

Імя Адам узыходзіць да слова “адама” (прах, чырвоны глей), таму Сірах назваў смяротнага чалавека гаршком. (Хіба можа гаршчок спрачацца з гаршэчнікам?!) Гэта метафара сталася топасам усяго Сярэдневечча. Напрыклад, у кантэксту вучэння Платона аб так званым “Вазнічым Душы”, на гравюры Альбрэхта Дзюрэра “Маленькі конь” выява начнога гаршка, “напоўненага” смрадным агнём, сімвалізуе ўсепажэрнае полымя жарсці ніжэйшай фізіялагічнай часткі душы, адлюстраванай у выглядзе каня без цугляў. Да эзатэрычнай сімволікі граху (абалонка пустоты, кара, скарлупа, скура) узыходзяць безлічныя босхаўскія выявы пустых перакуленых збаноў і сярэдневечныя адлюстраванні Смерці, якая дубасіць па барабане. (Згодна з кірылічным імясловам літара “Чэрв” сімвалізуе чалавека і ўказвае на паходжанне яго з праху, таму ініцыял яе, упрыгожаны выявай барабана і перакрыжаваных палачак (літара “ікс” і рымская лічба X — сімвалы невядомасці абстрактнага Творцы) нагадвае аб патэнцыйнасці Боскай кары.)

На партрэце Скарыны парнасць выяваў збаноў і кошыкаў абумоўлена антанімізмам тагачаснага мыслення. “Герметычны” правы збан сімвалізуе ўзнёслага праведніка, а перакуленасць левага кошыка пад левым збанам карэлююць са словамі Сіраха аб непазбежнасці падзення на склізкам жыццёвым (vitalis, а пляцёныя вырабы — vitilis) шляху грэшнікаў. Больш за тое, у прадмове да “Плачу Ераміі” Скарына цытуе “Кнігу літар”, згодна з якой літара “Цадзі” азначае лазіну і пляцёнку, сімвалізуючы праведнасць і грэшнасць; выбар жыццёвага шляху; самаахвярнасць дзеля ўзвышэння іншых.

У так званай “Малітве Сіраха” пералік асоб, памяць пра якіх “асалоджваецца ў вуснах кожнага”, пачынаецца з Яноха (у перакладзе свяціцель, настаўнік). З загадкавымі словамі Сіраха “І хадзіў Янох перад Богам. І быў узяты на неба” карэлюе выява згарэлага светача (сімвал зямнога жыцця) на “падлозе кабінета Скарыны”. Згодна са славянскай версіяй апакрыфічнага “Жыцця Яноха праведнага”, апошні — вынаходнік першабытнай пісьменнасці і настаўнік (доктар) народа. Гэта карэлюе з выявай пераноснай аспіднай таблічкі тагачасных шкаляроў з надпісам “Доктар Францыск Скарына”, які далёка не тоесны з подпісам “доктар у лекарскіх навуках” напрыканцы прадмоваў і пасляслоўяў нашага земляка.

У палатах Нябеснага палаца Яноху адкрываюцца найвялікшыя таямніцы мінулага і будучага. Ён “прадбачыць” выкупляльную місію Збавіцеля, адлюстраваць якую магчыма толькі выявай галгофскага Крыжа з дзвюма пікамі. Паколькі схематычнай выяве пляцоўкі на паверсе гары ў найбольшай ступені адпавядае трапецыя, то менавіта адлюстраванне злучэння апошняй з выявай крыжа і пікаў змешчана над верхняй камерай гадзінніка. (Сілуэт трапецыі выкарыстаны і ў ніжняй частцы падуанскага Крыжа славутага Джота.)

Напрыканцы прапануем некалькі аналагаў піктаграмы галгофскага Крыжа, у якой даследчык Віктар Шматаў бачыў падабенства з друкарскім станком.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель