“Зараз так не граюць”

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

“Не адчуваю сябе ў XIX стагоддзі”: актрыса, якой бліжэй сучаснасць
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара СКВАРЦОВА, вядучы майстар сцэны, загадчык трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, за 45 гадоў творчай працы стварыла больш за шэсць дзясяткаў каларытных вобразаў. Прамінуў і асабісты юбілей цудоўнай актрысы. З усіх гэтых нагод і нарадзіўся кантэкст гутаркі.

/i/content/pi/cult/582/12827/6-2.jpg

Тамара Скварцова і Раман Салаўёў у спектаклі "Пахавайце мяне за плінтусам". / Фота прадастаўлена тэатрам

— У мяне ніколі не было мары сыграць пэўную ролю. Я чалавек сціплы. Але з часам адметныя прапановы самі “касяком” пайшлі. Асабіста мне бліжэйсучаснасць: не адчуваю сябе ні ў VIII, ні ў XIX стагоддзі. А вось графіня Растапчына ў “Афінскіх вечарах” мне блізкая, няхай тое і не зусім звыкла для мяне: гэта ж дама шляхетнага паходжання, хоць ад яе шляхетнасці мала што засталося, бо дваццаць адзін год Растапчына адбыла ў лагерах, не зламаўшыся. Дзякуй рэжысёру, што пайшоў са мной на такі эксперымент! З вялікай прыемнасцю граю Бабулю ў “Белым анёле з чорнымі крыламі”, з класічнага рэпертуару мне блізкая Карміцелька з “Рамэа і Джульеты”. Сустрэча з рэжысёрам гэтай пастаноўкі Валерыем Беляковічам — асобная старонка ў маім жыцці. Штодзень ішлі рэпетыцыі па сем гадзін, і ніхто з артыстаў не пікнуў, бо ўсе знаходзіліся пад магіяй гэтага чалавека, пад уплывам яго таленту. З класічных аўтараў хацелася б сустрэцца з драматургіяй Астроўскага, не адмовілася б яшчэ раз сыграць даму купецкага паходжання.

— Мабыць, самая яскравая роля апошніх сезонаў не толькі для вас асабіста, але і для тэатра наогул, — Бабуля ў спектаклі “Пахавайце мяне за плінтусам”. Яна прынесла вам некалькі важкіх узнагарод. Наколькі складана было працаваць над вобразам?

— Калі толькі даведалася, што ў тэатры мяркуюць ставіць гэты матэрыял, вельмі захацела працаваць у спектаклі. Бо адчула: маё, нават біяграфічна. Праўда, даведалася і аб тым, што на галоўную ролю запланаваны іншыя актрысы. Ды раптам падышоў да мяне Валерый Анісенка і прапанаваў паспрабаваць. Я нават заплакала: настолькі гэта супала з маімі жаданнямі. Не магу сказаць, што было складана, бо гаворка зноў-такі пра стопрацэнтна мой матэрыял. І мне патрабавалася хіба паглыбіцца ў яго, стаць натуральнай. Магчыма, цяжкасць палягала ў тым, што на дзве гадзіны на сцэне трэба ўмець “размеркаваць” сябе нават фізічна. Ну і апошнюю сцэну, дзе бабуля памірае, граць няпроста. Але ўсё зрабілі, як трэба. А яшчэ са мной вельмі таленавіты хлопец працуе, Раман Салаўёў (лічу, ён Богам пацалаваны). Дзе б мы ні паказвалі спектакль, усюды мелі поспех. Вядомыя маскоўскія крытыкі казалі, што зараз так ужо не працуюць, а ў Маскве актрысы так не граюць — на разрыў сэрца і душы.

— Вас доўгі час успрымалі найперш яскравай каларытнай народнай гераіняй з моцным тэмпераментам, валявым характарам. У гэтым плане роля Мальвіны ў “Несцерцы”, як кажуць, трапіла “ў яблычак”. Але прыходзіць рэжысёр Віталь Баркоўскі, і ён задзейнічае вас у сваіх спектаклях. А там — іншая стылістыка…

— Баркоўскі — асобная цікавая старонка і ў гісторыі тэатра, і ў маім жыцці. Мы пачалі з чытанняў п’ес нямецкай драматургіі, занялі з нашымі “Пісьменнымі” Маціяса Чокэ I месца на рэспубліканскім конкурсе. А потым ён вырашыў зрабіць з гэтага матэрыялу спектакль. Я там атрымала ролю пані Кранц. А зрэшты, чаму нам было не сустрэцца? Мы ж некалі гралі разам у Купалаўскім тэатры: у “Трыбунале” ён выконваў ролю Валодзькі, я — Галі, старэйшай дачкі Калабка. Віталь ужо ведаў, на што я здатная, таму, мабыць, і займаў мяне ў сваіх пастаноўках. Мая пані Кранц сталася вытанчанай асобай, нічога агульнага з той жа Мальвінай ды іншымі прыземленымі жанчынамі, роляў якіх выканала багата.

Потым дыпламат Уладзімір Драздоў перадаў Баркоўскаму сваю п’есу пра Шагала. (Там я зноў ўвасабляла жанчыну “з народа”, Сцяпанаўну — суседку мастака.) І спектакль “Шагал… Шагал…”, вельмі стыльны ды, разам з тым, надзвычай шчымлівы, прагрымеў на ўвесь свет! Мы з ім двойчы пабывалі ў Эдзінбургу (і нечакана атрымалі на тамтэйшым фестывалі Гран-пры), завітвалі ў Лондан, гастралявалі па Германіі, Польшчы, нават у Амерыцы апынуліся! (Урэшце, мы да апошняга не верылі, што сапраўды трапім у замежжа: гэта ж адбылося ці не ўпершыню за гісторыю тэатра!) І ўсюды мелі поспех. Згадваю, як у Лондане я заўважыла, што адзін дзядуля трэці раз прыходзіць на нашы спектаклі. “Я не ведаў, хто такі Шагал і дзе знаходзіцца Беларусь. А цяпер ведаю, што ёсць такая краіна, ёсць такі горад Віцебск і там працуюць выдатныя артысты”, — сказаў ён, калі спыталася пра тое. Іншым разам павезлі ў той самы Эдзінбург “Мадам Боншанс” — другую частку своеасаблівага трыпціху пра славутых віцебскіх мастакоў (гэтая — пра Хаіма Суціна). Ролю амерыканскай турысткі мне давялося весці на англійскай мове. Памятаю, аднойчы спектакль у рамках тэатральнага ўрока глядзелі ў Віцебску ўдзельнікі алімпіяд па замежных мовах: дык яны мне авацыю зладзілі падчас выступлення!

— Гэта адметныя падзеі не такога і даўняга мінулага. А якой бачыце будучыню Коласаўскага тэатра? І што вы як актрыса з вялікім досведам параіце яго кіраўніцтву, маладым артыстам?

— Ведаеце, раіць камусьці — справа няўдзячная. Хіба сваім блізкім альбо самой сабе... Сёння тэатру наогул вельмі цяжка. Кажуць, нібыта ён памірае, але я ўпэўнена: будзе жыць! Эканамічная сітуацыя складаная, і горш за ўсё тым трупам, што працуюць па-за межамі сталіцы. Гледачоў стала менш, і не праз тое, што тэатр не любяць, а з-за фінансавых складанасцяў. Можа, трэба змяніць рэпертуарную палітыку, разбавіць яе якаснымі камедыямі, каб і ў такіх варунках трошкі падцягнуць гледача да тэатра? Урэшце, думаю, што тыя складанасці часовыя. Я ўжо ў такім узросце, што хацелася б дачакацца больш спрыяльных умоў для сапраўднага мастацтва. Што да моладзі, дык яна ў нас працуе апантана. Магу гэта засведчыць як загадчык трупы: бываюць у маладых па тры-чатыры выклікі, але працуюць, хоць і адмовіцца маглі б. Хачу пажадаць ім сіл, цярпення, вытрымкі, каб моцна трымаліся за сваю прафесію.

— А што падштурнула пакінуць сталіцу, дзе вы ўдзельнічалі ў студэнцкім тэатры БДУ, студыі пры Купалаўскім, і звязаць сваё жыццё з Віцебскам?

— Дык я ж артысткай сябе адчувала з трох гадоў, калі наладжвала спектаклі перад суседзямі! Мяне цукеркамі за іх частавалі. А нарадзілася я на Случчыне, дзе, вядома, не было ніякіх тэатраў, але бацька быў вельмі артыстычным, добра спяваў, наогул — цікавы чалавек. Відаць, я ў яго і пайшла. Потым трапіла ў школу-інтэрнат у Нясвіжы, дзе пасля вёскі мяне ўразіла архітэктура, гістарычная атмасфера. А ў час экскурсій у Маскву, Ленінград пабачыла балетныя і драматычныя пастаноўкі. Пасля быў універсітэт, студэнцкі тэатр БДУ, якім кіраваў заслужаны артыст Латвіі Аляксандр Озераў. Там я сыграла Варвару ў “Навальніцы” Астроўскага, Любку Шаўцову з “Маладой гвардыі” Фадзеева, тэмпераментную Аніту з “Вестсайдскай гісторыі” паводле знакамітага галівудскага мюзікла (спектакль меў шалёны поспех у гледача). Відаць, гэта і падштурхнула мяне да паступлення ў студыю пры Купалаўскім тэатры. Там вучылі выдатныя майстры Леанід Рахленка, Барыс Эрын (на той час — галоўны рэжысёр), Зінаіда Браварская, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка. Яшчэ падчас вучобы мяне займалі ў масавых сцэнах, а першыя ролі — у тым самым “Трыбунале” Андрэя Макаёнка і ў спектаклі “Начное дзяжурства”. З новым галоўны рэжысёрам, які прыехаў з Масквы, у мяне не вельмі склалася, а тут на гастролі ў Мінск прыехаў Коласаўскі тэатр на чале з Сямёнам Казіміроўскім. Я паказалася — і была залічана ў трупу. Памятаю, як першы раз выйшла на віцебскую сцэну. У “Багне” Астроўскага даручыў мне Казіміроўскі эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, бойкай, вясёлай дзяўчыны. Крытык Юрый Рыбакоў з Масквы так мяне адзначыў у гэтым спектаклі: “Гэта ваш майстар эпізоду”.

Як сустрэлі ў трупе? А як сустракаюць новых жанчын у тэатры? Вядома, успрымаюць насцярожана. Ды я ні на што не прэтэндавала, ні ў каго нічога не адбірала, чакала свайго часу і сваіх роляў, таму адносіны з калегамі склаліся добрыя. Урэшце, некалі мой педагог, выдатны купалавец Леанід Рахленка сказаў мне: “Вы будзеце граць пасля сарака, калі ў вас ураўнаважацца знешнія і ўнутраныя даныя”. Так яно і сталася. А Фёдар Шмакаў (для мяне — зорка планетарнага маштабу) з такімі словамі даручыў мне ролю Мальвіны, калі рабіў аднаўленне “Несцеркі”: “Прыспеў твой час”. (Гэта потым мы спазнавалі адно аднаго па-акцёрску ў пастаноўцы паводле Астроўскага. У нас была цудоўная фінальная сцэна (Фёдар Шмакаў быў рэжысёрам спектакля “Праўда добра, а шчасце — лепш”, а таксама бліскуча выконваў ролю адстаўнога унтэра Гразнова. — Ю.І.). Як мы “купаліся” ў ёй! І плакалі, і смяяліся, і танцавалі. З вялікай прыемнасцю прыгадваю і “Ружу ў чыстым полі” пра апошні дзень Юдэля Пэна. Мне цікава было пераўвасобіцца ў хітраватую жанчыну з адметнай знешняй характарнасцю. Фёдар Іванавіч жа проста геніяльна іграў. Да гэтага часу памятаю ягоныя вочы, вочы чалавека, які ўжо сыходзіць з жыцця: глядзіш на яго — нібыта ў прорву правальваешся. Хутка ён сапраўды памёр...)

— Вы гралі найперш эпізоды, ролі другога плану, пакуль вас не ўбачыў па-іншаму рэжысёр Валерый Маслюк. Як лічыце, чаму ён выбраў вас на ролю Агаф’і Ціханаўны ў гогалеўскай “Жаніцьбе”?

— Да гэтага часу не ведаю! Валерый Васільевіч мне патэлефанаваў і сказаў: “Прачытайце “Жаніцьбу”. Я прачытала і потым спытала яго: “Сваху буду граць?” — “Не, Агаф’ю Ціханаўну”. Ды якая з мяне Агаф’я Ціханаўна? І толькі калі даведалася, што галоўная роля ў Валодзі Куляшова, я ўсё зразумела. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару ў добрым сярэднім узросце, якім асабліва патрэбна шчасце, нават больш, чым маладым. І дарэчы, усё ў нас добра атрымалася. (Да ўсяго Валодзя быў цудоўным партнёрам, у нас на рэпетыцыях усталяваўся кантакт, гралі, што называецца, вока ў вока.) Выдатныя былі водгукі ў прэсе, пастаноўка падабалася і акцёрам, і гледачам. Адсюль і пачалася мая біяграфія сапраўды галоўных роляў.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа