Затанцаваць “верабейкам”, каб…

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Як “прыматкабожыцца” да рэцэптаў культурнай дзейнасці на Любаншчыне
30 — 31 сакавіка на Міншчыне прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці. На прыкладзе работы аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага і Старадарожскага райвыканкамаў разглядалася пытанне “Рэгіянальная культурная палітыка ў сучасных умовах”.

/i/content/pi/cult/582/12824/7-1.jpgУ рабоце савета прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік і начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская. Чарговае пасяджэнне прынесла нешараговыя вынікі. Таму кожнаму з раёнаў варта прысвяціць па асобным артыкуле. Сённяшняя гаворка — пра культуру Любаншчыны.

Праекты…

Перад Любанню ў наш бусік “прыматкабожыўся” (як сам ён сказаў) начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. Гэта дзякуючы яго разваротлівасці з’явілася ў райцэнтры шыкоўная школа мастацтваў ды дзейнічае адкрыты абласны фестываль дзіцячага тэатральнага мастацтва. Васіль Сцяпанавіч запэўніў, што пакажа "непарадны дзень" працы аддзела. Мы паглядзелі, здзівіліся і задумаліся: “Які ж дзень у іх тады парадны?”

Паўтарэнне, як кажуць, — маці навучання. І няма тут ніякай банальнасці. Тым больш у дачыненні да аналізу дзейнасці аддзела, якім некалькі дзесяцігоддзяў кіруе Васіль Каткавец. Так, мы з зайздросным пастаянствам вяртаемся да праектаў, рэалізацыю якіх ён ініцыяваў. Вяртаемся таму, што хаця б адна з гэтых творчых акцый, каб нарадзілася яна ў тых аддзелах, дзе “ўсё, як ва ўсіх", імгненна вылучыла б іх у лік крэатыўных. А праектаў такіх у Любанскім раёне не адзін, не два і не тры.

…метадычны

Увесь час хтосьці не надта дасведчаны кажа: “Навошта нам метадысты?” Маўляў, пры адукаваных кадрах няма патрэбы ў іх вучобе ды сцэнарнай падтрымцы, а самае галоўнае — вунь колькі народу можна за раз узяць ды аптымізаваць. Пры такой аптымізацыі жыць нацыянальнай культуры нядоўга. Нездарма ў нас кажуць: “Кінь за сабою, знойдзеш перад сабою”. Яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі савет завітаў у Любанскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу. Гэта — метадычны штаб рэгіёна, што “падсілкоўвае” і сябе і 25 клубных устаноў на сяле. Заўважце, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены спеўнай манеры абрадавага выканання трох аўтэнтычных гуртоў…

Удумайцеся ў назвы аддзелаў РЦК. Арганізацыйна-творчым кіруе Сяргей Выскварка — этнограф, этнахарэограф і кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Верабейкі”. А ёсць яшчэ аддзел традыцыйнага мастацтва. “На аловак” узяты ўсе народныя майстры. У картатэку сабраны ўсе мясцовыя абрады, вельмі багаты фонаархіў. Словам, зафіксаваны кожныя гук, рух і асоба. Я такога, шчыра кажучы, нідзе больш не бачыў. Галоўны метадыст раёна Галіна Жураўская адказвае за сцэнарны фонд (за год папаўняецца ён на сто сцэнарыяў), за фонд рэпертуарны і метадычны, а яшчэ рэалізоўвае праект “Арт-правінцыя”(гуказапіс і выдавецкая дзейнасць). Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці падтрымлівае “Арт-правінцыю” не толькі словам. Дапамагаюць грашыма і фундатары. Таму ці не кожнае мерапрыемства ў раёне збірае ўдзячных удзельнікаў не толькі з Любаншчыны.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў паабяцаў, што ягоны выдавецкі аддзел будзе шчыльна супрацоўнічаць з любанскімі метадыстамі, а загадчык кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКіМ Алена Макарава падаравала любанцам сваю кнігу “Тэхналогія арт-менеджменту”.

…танцавальны

Чаму Любаншчыну любяць не толькі аматары фальклору, але і спонсары? Таму што гэты рэгіён — медыйны. З 2011 года тут дзейнічае летняя школа традыцыйнага танца “Пятровіца”, якая арганічна перарасла ў фэст традыцыйнай народнай культуры. Дык вось, фестывальную сталіцу — вёску Шыпілавічы (тут нарадзіўся этнограф і літаратар Павел Шпілеўскі) цудоўна ведаюць дзякуючы фільмам і публікацыям рэспубліканскай прэсы. Спрыяе ўсяляк і праект “Землякі”, што збірае любанцаў з усяго свету. Апрача навучальнай танцавальнай феерыі ў любанскай манеры (так танцаваць Сяргея Выскварку вучыла яшчэ яго бабуля), фэст прапаноўвае мэтавыя вандроўкі з майстар-класамі (па завіванні наміткі ці вырабе лялек на каравай), абрадавыя дзеі ды гулянні…

Сяргей Выскварка ў той дзень прэзентаваў сваю кнігу “Беларускі танцавальны фальклор” (у ёй — танцавальная памяць пяці пакаленняў) і відэадыск пра “Пятровіцу”. А колішняя ўдзельніца “Верабеек” Настасся Кухарэнка распавяла пра ўласнае стаўленне да фэста і паказала фільм пра сваё вяселле ў рамках абрадавасці “Пятровіцы”. Кадры былі настолькі шчырымі, што вельмі захацелася “прыматкабожыцца” да тутэйшых танцораў, якія атрымліваюць непрыхаваную асалоду ад творчых праяў уласнай беларушчыны.

…кулінарны

У Любані нас частавалі “Кузьміцкія прысмакі”. У раёне некалькі такіх аб’яднанняў нацыянальнай кухні. Каткавец, паказваючы на нейкія кухарскія шэдэўры-вытанчанасці, жартаваў ва ўсю: “Бярыце колькі хочаце, можаце нават па дзве”. А мы радаваліся, што падарожным нават у Вялікі пост дазволена ў ежы многае. Інакш бы не адчулі ўсёй гамы пахаў і смакаў.

У ЦСДК вёскі Сосны дзейнічае народны клуб народнай кухні “Вытокі”. А ў СДК вёскі Камуна — карчма з неверагодным зборам самых розных духмяных зёлак і любы ахвотны перад канцэртам ці дыскатэкай можа пакаштаваць адмысловай гаючай гарбаты. А калі доўжыць размову пра здаровы лад жыцця, дык ёсць у клубнай установе і спартыўны клуб “Асілак” з дыхтоўным наборам трэнажораў. Карацей, падыход — сістэмны. А за далейшым адраджэннем нацыянальнай кухні — будучыня.

…“навігатарскі”

СДК у аграгарадку “Сарачы” нагадвае сталічны палац культуры. Летась тут зарабілі 215 мільёнаў пазабюджэтных рублёў, за першы сёлетні квартал — 112 мільёнаў. Клубны брэнд — рэгіянальны сямейны конкурс “Сароцкі навігатар”. Дырэктар установы Фёдар Крупянькоў на некалькі хвілін зацягнуў у конкурсны вір і ўдзельнікаў савета дырэктараў абласных метадцэнтраў. Відовішча атрымалася адмысловае. Кожны з нас зразумеў, што грошы на білет у залу на 350 месцаў народ аддае не дарма…

А яшчэ Фёдар Крупянькоў агучыў праблему. “Мы хочам кантактаваць з калегамі, што працуюць у іншых абласцях краіны, хочам падсілкоўвацца ад гэтых стасункаў, творча расці, — казаў ён. — Нават гатовыя для гэтага грошы адлічваць у агульную скарбонку”. “К” даўно кажа пра пэўны інфармацыйны вакуум, што існуе паміж работнікамі культуры абласцей. Дырэктарам абласных метадычных цэнтраў ёсць над чым задумацца. Тым больш, што “Культуру”, якая імкнецца названы вакуум “закіслародзіць”, выпісваюць на сёння далёка не ўсе патэнцыйныя чытачы.

…дэкаратыўна-прыкладны

У Беларусі — тры школы традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адна з іх — у Любані. І толькі кіраўнік установы Любоў Серавокая ведае, колькі нерваў каштавала зацвярджэнне па шматлікіх інстанцыях праграмы пяцігадовага навучання. Задумайцеся, толькі тры чалавекі ў Беларусі змаглі пачаць гэты шлях, а справа доўжыцца і па сёння!

У школе — сем аддзяленняў, 120 навучэнцаў. З пэўнага часу для школьных паслуг выкарыстоўваецца яшчэ адзін будынак — колішняя сінагога. І гістарычны помнік захоўваецца, і дзеткі карыснай справай занятыя: асвойваюць ткацтва, бондарства, разьбярства, ганчарства…

Дык для чаго ўсе гэтыя праекты? Усё вельмі проста. На беларускай зямлі людзі павінны пачуваць сябе беларусамі. На Любаншчыне гэтая справа ўзведзена ў ранг ідэалогіі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"