Ад Свята маўлення да нот паразумення

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

10 — 11 красавіка на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура. Навука. Творчасць”, выступіць на якой пажадалі больш за 150 навукоўцаў з Беларусі, Арменіі, Балгарыі, Кітая, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

Галоўным арганізатарам буйнога навуковага форуму выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а ініцыятыва належала Каардынацыйнаму савету па навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва пры Міністэрстве. Як падкрэсліў ва ўступным слове старшыня аргкамітэта, намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, дзяржава шмат робіць для развіцця навукі і культуры, разумеючы іх як важны стратэгічны патэнцыял развіцця грамадства, аснову для інавацыйных прарываў. Штогадовае правядзенне такой канферэнцыі (першая ладзілася год таму на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў) сведчыць аб прызнанні Беларусі ў якасці аднаго з лідэраў сусветнага мастацкага працэсу.
Сёлета канферэнцыя стала яшчэ больш маштабнай, суправаджалася не толькі выстаўкай лепшых навуковых і творчых прац выкладчыкаў і выхаванцаў трох нашых вядучых ВНУ — Акадэміі музыкі, Акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, але і канцэртам “Музычны свет В.Дуніна-Марцінкевіча: да 200-годдзя з дня нараджэння”, які суправаджаўся навуковымі каментарыямі доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай.
Жывая музыка гучала і на ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі, натхніўшы рэктара БДАМ А.Рашчупкіна паэтычна назваць форум “Святам маўлення” і “Святам паразумення”. З прывітальнымі словамі выступілі прадстаўнікі пасольстваў Кітая і Польшчы ў Беларусі, а ўласна навуковую частку распачаў сваім дакладам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Балгарыі ў Беларусі, доктар філасофскіх навук, прафесар Петка Ганчаў. Адначасова працавалі тры секцыі, частка выступленняў была прадстаўлена ў раздрукоўках, з якімі мог азнаёміцца кожны жадаючы.
На фінальным “круглым стале” быў прыняты выніковы дакумент канферэнцыі.

Надзея БУНЦЭВІЧ